Выбрать главу

— Я на яго дарозе не стаю і не замінаю яму. Не ведаю, пра што ты гаворыш. Я проста ненавіджу гэтага злодзея, от і ўсё.

— Тады выбачай... А я падумаў не пра гэта...

Якаў не бачыў, як пасля гэтых слоў бліснулі Андрэевы вочы.

— Я ведаю, пра што ты падумаў... Ты падумаў пра маю сястру і пра Юзіка Грома.

— Так, Андрэй. Але не хачу, каб ты пра мяне дрэнна думаў. Я не пляткар...

— Я таксама не пляткар,— перапыніў яго Андрэй. — І калі на тое пайшло, то і за гэта я ненавіджу праклятае Халустава кодла, якое лезе ка мне ў радню.

  РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ

Гендарсан гойсаў на сваёй кабыле па вёсках, шукаў работніц капаць бульбу. Ні ў адным годзе не было так цяжка Гендарсану, як у гэтым. Бульбы ў маёнтку было пасаджана шмат, гэтага вымагала справа, бо хоць бровар у асноўным працаваў не на сваёй бульбе, але ж трэба было мець запас, пакуль не пачнуць прадаваць сяляне.

У пачатку работы Гендарсан абыходзіўся толькі парабчанкамі ды жонкамі сямейных парабкаў, якім трэба было зарабіць капейку на аршын крамніны ці хустку. Ён не вельмі спяшыў, пакуль у вёсках сяляне не выберуць сваю бульбу, бо спадзяваўся, што тады работніц у яго хопіць: усе жанчыны з вёсак хлынуць на заработкі ў маёнтак. І памыліўся. Калі аб’явіў леташнюю цану — грыўню за дзень, з ім ніхто не захацеў гаварыць. Упарты немец лічыў гэта хамскімі штучкамі. Прыблізна так было кожны год. Спачатку задзяруць хамаўкі насы, потым прыйдуць на работу, нідзе не дзенуцца. Але ён не ўлічыў, што гэты год быў не такі. Весткі пра забастоўкі ў гарадах, пра сялянскія хваляванні ў многіх губернях дайшлі да вёскі і ў маёнтак. Шэмет, Вярбіцкі і Квітун рабілі сваю справу. Памагаў ім і Марцін Крываблоцкі, хоць пра гэта і не здагадваўся.

Акрамя Чыжэвіч, Гендарсан кіраваў і фальваркам Бярозаўкай. Там таксама шмат было пасаджана бульбы. Гендарсан меркаваў як мага скарэй выбраць бульбу ў маёнтку, прытым пераважна сезоннымі работніцамі, а тады ўсю рабочую сілу перакінуць у Бярозаўку. Аднак з яго меркаванняў нічога не выйшла. За дзесяць капеек у дзень ніхто з жанчын не згаджаўся рабіць. А Гендарсан не мог больш чакаць. Яго спалохалі дажджы, пасля якіх маглі пачацца замаразкі. Бульба ж ішла не толькі ў бровар, ёю кармілі цэлую абору свіней, ішла яна і ў парабкоўскую кухню.

Аднак Гендарсанава галава варыла добра. Ён аб'ехаў навакольныя вёскі і аб’явіў, што будзе плаціць па залатоўцы на дзень. Пятнаццаць капеек не дзесяць: назаўтра ў маёнтак хлынулі работніцы. Гендарсан вымушаны быў паставіць усіх коней і аратых на разворванне бульбы.

Цяпер аканом не ведаў спакою. Ён па некалькі разоў у дзень аб’язджаў бульбяныя палі. Унурыўшыся, хадзіў па раллі і наском бота або ручкай бізуна корпаў зямлю. Барані бог, яму ўдавалася знайсці бульбіну, ды яшчэ вялікую! Ён роў на ўсё поле і лаяўся на чым свет стаіць:

— Я вам платшу грошш! Ві павінны выбірайт не так! — ён паказваў нагой на бульбіну.— Не так! За што я платшу вам грошш?

«Толькі што грош,— думалі работніцы.— Удавіўся б ты той бульбінай і тым грошам».

Праклятая бульба! Ужо хто, а парабчанкі ведалі, як капаць яе на панскім полі. Гэта не на сваёй ніве, што можна разагнуцца і адпачыць, сагрэць рукі. Выбіраць бульбу Гендарсан ганяў і тых работніц, што даглядалі скаціну. Ім трэба было раней уставаць і пазней лажыцца. На полудзень яны хадзілі ў маёнтак. Не самім, вядома, палуднаваць, а карміць скаціну.

Нялёгка ад цямна да цямна прахадзіць па полі сагнуўшыся. У вачах лятаюць жоўтыя кругі ды плямы, цяжкія кашы адрываюць рукі. Але ж трэба зарабіць той панскі грош, каб купіць кавалак мыла ці аршын паркалю. Хто мог перабіцца, не вельмі квапіўся на панскія заработкі. Ішлі тыя, каго гнаў лёс, каму гэты грош быў неабходны, як кавалак хлеба.

Адной з першых прыйшла на работу ў маёнтак Агапа Аўсянік, Іванава маці. Штогод хадзіла яна на работу ў маёнтак. Не толькі капаць бульбу, але і сена грэбці, на жніва. Нявестка яе — жонка старэйшага сына Спірыдона — коса паглядала на старую свякроўку, і калі не лічыла дармаедкай, то толькі таму, што тая мела свой заробак і да капейкі аддавала яго сыну. Адным словам, яна яшчэ ў хаце не толькі ела свой хлеб, але і памагала сыну гадаваць дзяцей.

Пракопава Надзя таксама ўзгарэлася ісці на работу ў маёнтак. Не заробкі яе заманьвалі — была іншая прычына, якая цягнула ў маёнтак. А бацька не пускаў:

— На чорта табе ісці туды! Ёсць яшчэ кавалак хлеба на стале, і адзежа не горшая, як у другіх. Гэтакія там грошы! Пятнаццаць капеек у дзень.