— Цікава, што за блазнота прыйшла ў галаву аканомавай дачцэ. Вырашыла пазнаёміцца з парабкам.
— Няма чаго рабіць дзяўчыне.
— Гэта адно. Ты не глядзі на яе халодныя вочы. Можа ў яе душы ўсё кіпіць. Гэтыя адукаваныя паненкі бываюць вельмі разбэшчаныя, заўваж гэта.
— Я іх не ведаю.
— Цікава, чаму яна табе сказала, што хоча быць настаўніцай, і ці праўда гэта. Адным словам, Павел, пагутарым мы з Якавым, і можа табе прыйдзецца схадзіць да яе, папрасіць кніг.
— Не вельмі мне хочацца сустракацца з ёю.
Амаль да абеду працавалі моўчкі, і кожны думаў пра сваё. Потым у бровар зайшоў Міхаль Рожка, запэцканы ў гразь, з бруднымі рукамі.
— Здаровы, хлопцы! З цябе, Павел, паўкварты за добрыя весткі.
— Якія?
— Сёння даслалі мяне бульбу вазіць ад падзёншчыц. Паехаў я на поле — і каго я бачу? Бачу я, браце Павел, Пракопаву Надзечку. Павіталіся і пагаварылі. Яна запытала, як мы жывём, як маецца мая Люба. Нам, сам ведаеш, няма чым хваліцца, але я сказаў, што добра. Сказаў, што ты ў мяне будзеш кумам, а за куму папрасіў яе. Ах, як жа яна, браце Павел, узрадавалася! Не таму, што я за куму яе бяру, але таму, што і ты кумам будзеш! Скажы, браце Стась, ці не варта такая навіна цэлай кварты?
— Чуеш, Павел?
— Вядома варта, Міхаль,— адказаў Вярбіцкі.
— Чую. Будзе табе кварта к хрэсьбінам.
— Ну, дык я яшчэ не кончыў. Сёння яна прыйдзе грошы атрымліваць, так што не спі ў шапку. Толькі скажыце мне, куды гэта паехаў пан аканом?
Станіслаў кінуў на варштат абцугі і крута павярнуўся да Міхаля.
— Ты кажаш, што ён некуды паехаў? — запытаў ён глухім голасам.
— Я сам сустрэў. Завярнуў пад Слуцак на сваёй кабылцы.
— Я так і ведаў,— прамовіў Станіслаў.— Сёння ён не будзе разлічваць работніц. Ён хоча ашукаць выбіральшчыц. Разлічыць іх праз тыдзень, калі будзе выбрана ўся бульба, і заплаціць не па пятнаццаць, а па дзесяць капеек.
Павел і Міхаль пазіралі на Станіслава — адзін з захапленнем, другі з недаверам.
— Не можа ён скруціць! — прамовіў Міхаль.— Паабяцаў.
— Табе ён абяцаў асобны пакой з Любай, а жывеш і цяпер у бараку.
— Што мы можам зрабіць? — запытаў Павел.
— Я хацеў бы, каб ты мне адказаў на гэтае пытанне... У нас мала часу, вось у чым бяда. Мы не паспеем загітаваць усіх, каб у панядзелак не выходзілі на работу. Ды і паслухаюць нас не ўсе. Многія павераць Гендарсану... Нам трэба дабіцца, каб выбіральшчыцы патрабавалі, як дамоўлена, па пятнаццаць капеек за дзень. А на гэта ў нас часу хопіць.
— З чаго мы пачнём? — запытаў Павел.
— Ты пагаворыш з Надзяй. Сёння ў кантору збярэцца нямала выбіральшчыц. Гендарсана, вядома, не будзе. Трэба растлумачыць жанчынам, што аканом іх хоча ашукаць. Скажы пра гэта Надзі, няхай яна ўвядзе ў вушы ўсім падзёншчыцам.
— Мая Люба выбірае бульбу з Надзінай цёткай Агапай. Вострая жанчына! — сказаў Міхаль.
— Ну дык і пагавары са сваёй Любай.
— Абавязкова!
— А я скажу пару слоў сваёй Ядвізе.
— Хіба яна таксама выбірае бульбу? — запытаў Павел.
— З першага дня. Калі Гендарсан паабяцаў выбіральшчыцам пятнаццаць капеек у дзень, то я адразу зразумеў, што тут, акрамя ашуканства, нічога няма, і даслаў на работу Ядвігу. Цяпер мне зручней умяшацца ў гэтую справу, я, як бачыце, буду абараняць жончыны, значыць, і свае інтарэсы.
— Разумна,— прамовіў Павел.
— Неабходна,— дадаў Станіслаў.— Акрамя гэтага, вечарам трэба ўсім нам быць ля канторы і пагутарыць з некаторымі жанчынамі. Пераважна з вясковымі, бо яны яшчэ не ведаюць, які шэльма Гендарсан. Нашы, з маёнтка, ужо навучаныя. Гаварыць трэба асцярожна, каб гаворка гэта не нагадвала сходу. Я мяркую, што ўсё зразумела. Вечарам абавязкова трэба быць каля канторы.
— Добра. Мне трэба ехаць, хлопцы,— сказаў Міхаль.— Я ж Надзею зноў убачу, Павел. Што мне ёй сказаць?
— Скажы, каб прыйшла ў кантору. Можаш сказаць, што я сумую без яе...
— Толькі пакуль што не расказвай пра нашу гаворку. Нам трэба, каб жанкі сёння сабраліся тут, у маёнтку. Я ўпэўнены, што Гендарсан рыхтуе ім вялікае паскудства. Трэба іх падрыхтаваць,— папярэдзіў Станіслаў.
— Зразумела,— адказаў Міхаль і выйшаў.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
Пара было падымаць лён, што вылежваўся на пясках каля Маргоў. Пясок гэты, парослы сіўцом, як скула быў для малінаўцаў. Плацілі за яго падаткі як за ворную зямлю, а ён і на пашу быў непрыгодны. Толькі авечкі і знаходзілі там сабе корм.
Калісьці малінаўскія дзяды і прадзеды аралі гэты пясок. Яшчэ і цяпер былі відны нівы, разоры і межы. Упіраліся гэтыя нівы аж у раку Случ, каля вёсачкі Стамагілы. Далёка ад засценка былі гэтыя палі, гною не набярэшся, ды і вазіць яго блізкі свет, два вазы ў дзень, больш не завязеш. Так і запуставалі пяскі. Якія былі бліжэй да Маргоў, нават пачалі зарастаць лесам: ядлоўцам ды крывымі хвойкамі.