Выбрать главу

У гэтым годзе ў Андрэя вырас вельмі добры лён, доўгі і валакністы. Алена радавалася: напрадзе за зіму ды натчэ вясной ручнікоў, абрусаў ды кап. Маці паможа. Ды што там казаць. Маці напрадзе больш за Алену. Трэба ж дачушцы пасаг рыхтаваць.

Падымаць лён выехалі ўсе, толькі маці пакінулі ў хаце ўпраўляцца ды свіней пасвіць. Узялі на перавяслы кулявой саломы, пукі звязваць. Дзень удаўся ясны, раніцай іней высыпаўся, а калі сонца паднялося, зусім цёпла стала.

Калі Сташэвічы прыехалі на пясок, там ужо была ўся Малінаўка. Кожны распрог коней на сваёй палосе. Хоць і не аралі пяску, але дзе чыя ніва, ведалі, кожны на сваёй ніве і лён разаслаў. Калёс і коней сабралася — як на конскім рынку ў Слуцку.

Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага льну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі.

Цікаўныя суседкі адна за адной падбягалі зірнуць на Сташэвічаў лён. Дзівіліся, зайздросцілі, ківалі галовамі. Яны і раней бачылі гэты лён, але такая ўжо жаночая натура.

— Олялечкі! Ды ён, як паляжаў, яшчэ даўжэйшы стаў!

— От лён, дык лён!

— А я казала свайму: не сей у панядзелак. Пільнуйся старога Юстыня! Не паслухаў. Ну і вырас лянок... Толькі адна кудзеля і будзе. Адкуль той кужаль!

— Стары Юстынь ведаў!

— Ого! Ён ведаў.

Алене было прыемна, што жанкі хваляць лён, а от што пра тату гавораць — не падабалася. Ведаў, ведаў... Яна і раней чула, як гаварылі пра бацьку, што ён нешта ведае. Вядзьмар... Дурныя бабы.

— А ў Сымона Ашакевіча — от лянок!

— Бо ён на навіне сеяў. На Наддатках каля Маргоў.

— А што тая Сымоніха з ільном зробіць! Калі яна яго папрадзе? Дзеці хворыя.

— Папрадзе, жаначкі, папрадзе.

Прыйшла і жонка Лявона Нарбутовіча, Міхаліна, зірнуць на Сташэвічаў лён. У яе ў гэтым годзе такі няўдалы і маленькі парос, што ў жменю ўзяць нечага. Каліўцы кароценькія, тоўсценькія, не раўнуючы, як мышыныя хвасты.

— Ай і добры ж у цябе лянок, Аленачка! — лісліва прамовіла яна.

Алена аж усміхнулася ад прыемнасці.

— Будзе што прасці ды ткаць... Толькі ён, мабыць, нямоцны. Такі доўгі ды тонкі моцны не бывае.

Алена коса зірнула на яе. Міхаліна тым часам нагнулася, узяла жменьку льну, пацерла ў руках і паспрабавала рваць. Дзе там! Не рвецца!

— Ой, до і моцны ж!.. Тата сеяў. Ваш тата ведаў і месца, і пару, калі сеяць лён.— Яна зірнула на Андрэя, які быў недалёка, нібы хацела сказаць, што калі будзе сеяць Андрэй, то такога льну Алене больш не ўбачыць.— Тата ваш ведаў...

Гэта ўжо зусім пачало не падабацца Алене. «І гэтая пляткарка: ведаў, ведаў». Не хапала яшчэ, каб і гэтая балбатуха плёткі разносіла, што пакойны Юстынь быў вядзьмар! Хіба гэта ў Малінаўцы доўга! Алена насцярожылася.

— Мо б ты, Аленачка, памяняла са мной пукоў з пяць? Я табе свайго больш дала б! На мяхі ды дзяругі і вам жа трэба ткаць.

— Не,— адрэзала Алена.— На мяхі ды на дзяругі трэба яшчэ мацнейшы лён, чым на палотны. Ды і Андрэй не захоча. Ён гаспадар.

Алена ўжо была б рада, каб гэтая пранозаватая баба адкаснулася ад яе, але хіба так лёгка збавіцца ад такой бессаромнай нахабніцы.

— Ай, што там Андрэй! — Міхаліна выставіла наперад свой вялікі жывот — хадзіла цяжарнай у другой палове — і проста наступала на Алену.— Што ён ведае, твой Андрэй! А мы цёртым памяняемся, Андрэй і ведаць не будзе. Ад мужчыны бабе не ўкрасці, дык і на свеце не жыць.

Наколькі вострая была Міхаліна, але, загаварыўшыся, не ўбачыла, што падышоў Андрэй і ўсё, пра што яна гаварыла, чуў.

— Ідзі ты, жанчына, да свайго Лявона, а то ён вунь да Нічыпарыхі падбіраецца,— сказаў Андрэй.

Жонка Нічыпара Мартыневіча, Кацярына, была такая няўдалая, лапэхаватая жанчына, такая няўклюда, што нават сарочка ў яе вісела на цэлую пядзю ніжэй спадніцы. Калі малінавец хацеў падкусіць сваю жонку, то варта было яму назваць яе Нічыпарыхай. Хапала!

— А што, табе зайздросна? — агрызнулася Міхаліна.— Сам да яе падабрацца хочаш?

— Зайздросна,— адказаў Андрэй.— Яна ў сто разоў лепшая за цябе!

— Во як! — успыхнула Міхаліна.

— У яе хоць язык чалавечы, а ў цябе — як у Васілёвай Паталашкі.

Паталашка была сучка, якую калісьці трымаў Васіль Барысевіч. Самога Васіля мала хто з малодшых і памятаў. Ведалі яго праз сучку Паталашку, якая брахала і на сваіх і на чужых.

— Дык я Паталашка? — закрычала Міхаліна.