Выбрать главу

— Дачка яе. Паталашка здохла даўно, а цябе на сваё месца пакінула.

Божа мой! Што зрабілася з Міхалінай! Яна пазелянела ад злосці і гатова была кінуцца на Андрэя.

— А ты! Накольнік! Думаеш, ніхто не бачыў, як ты Халусту біў? А-а-а! Я бачыла! Прысягну! Сведкай стану.

— Ідзі, жанчына, адсюль. Не замінай.

— Я табе вочы выдзеру! Думаеш, і мяне кранеш!

Малінаўцы, якія дасюль толькі прыслухоўваліся да «суседскай размовы» між Міхалінай і Андрэем, цяпер перасталі падымаць лён. Усім цікава было і паслухаць і пабачыць, чым гэта кончыцца.

— Думаеш, і мяне кранеш! — крычала Міхаліна і наступала на Андрэя.

— Адыдзі, Паталашка, бо як перацягну пугай, дык да пары ашчэнішся!

Малінаўцы пакаціліся ад рогату.

Лявон наляцеў на Андрэя як коршак.

— Ты! Туды т-тваю маць!.. Ты маю жонку!..

— Забяры сваю жонку і ідзі адсюль, бо цябе то я не пасаромеюся! Я вас не зваў на сваю ніву і да цябе не прыйшоў. Убірайся!

Ян Сташэвіч зразумеў, што пара ўмяшацца яму.

— Нарбутовіч! Аюц вон адсюль, свіння! Ідзі! Паскудніца твая жонка, а ты дурань.

— Дык я ж, пане Ян... Ён маю жонку, пане Ян...

Старога Яна пабойваліся і паважалі.

— Каб ты быў чалавек, то сваёй жонцы па мордзе даў бы. Яна сястру з братам зводзіць. Красці вучыць з гаспадаркі. Гнюсныя вы людзі, Нарбутовічы. Цьфу.

Нарбутовіч пад агульны смех пайшоў з Міхалінай да свайго льну.

— Ты, мой брат, нейкі прыгодлівы,— сказаў Ян Андрэю.— От жа да мяне Нарбутовічыха не прыйшла, а каб і прыйшла, то без сваркі абышлося б. І Халуста маіх коней з палетка не прагнаў бы, і парабка майго не крануў бы. А ты ўдаўся нейкі... От ты зноў ворага нажыў.

— Нарбутовіч і Мартыневіч ніколі не былі маімі сябрамі. Мне і тата казаў, якія гэта людзі.

— Яны і мне не сябры, але і ворагамі я іх дасюль не лічыў. Што падкусіць яны могуць спадцішка, то не толькі мяне, але і кожнага. Нарбутовіч Мартыневіча ўкусіць, а Мартыневіч Нарбутовіча. Такія гэта людзі.

Падвечар пясок апусцеў. Малінаўцы цяпер сабралі ўсё, што было ў полі. Можна было спакойна чакаць зімы.

Андрэй з Іванам склалі лён у гумне на таку. Іншага месца не было. Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Наперадзе чакала работа цяжкая і доўгая: малацьба. Абабіць цапамі ўсю збажыну нялёгка. А тады вывезці з Волі сена. Нарыхтаваць і навазіць дроў. У Крушнікі да Хмялеўскага прыйдзецца ездзіць. Бо калі пачнеш свае Маргі ў печы смаліць, дык праз два-тры гады замест лесу пустое месца астанецца.

Таму малінаўцы і бераглі Маргі. Улетку толькі заязджалі туды, каб ламачча падабраць, лішнюю галіну на хвоі адсекчы.

Настрой у Андрэя быў зусім няўдалы. Успамін пра Халусту і Нарбутовіча рэзаў яму сэрца. У абодвух выпадках ён адчуваў, што праўда на яго баку, але гэта не суцяшала. Як асмелілася гэтая Паталашка Міхаліна вымагаць у Алены лён? Можа Алена скардзілася Нарбутовічам на яго? Гнеў ахапіў Андрэя. Ці адважылася б гэтая Паталашка прыйсці да Алены з такім вымаганнем, калі б жывы быў бацька? Ніколі! Значыць, ёсць у яго — Андрэевых — паводзінах нешта такое, што адрознівае яго ад бацькі. А што? Чаму ён не ўмее сябе паставіць так, як ставіў бацька, і ў хаце са сваімі, і ў засценку з чужымі людзьмі? Значыць, ён не сапраўдны гаспадар. Ёсць у ім нешта няшчырае, несамастойнае, тое, чаго, напрыклад, няма ў Яна. Ян кажа: прыедлівы. Хіба Андрэй шукае прыгод, хіба ён без іх не можа жыць? Глупства нейкае, ды і толькі... Так думаў Андрэй, але ён не ведаў таго, што справа тут зусім не ў яго прыгодлівасці, а ў тым, што ён пачаў сустракацца з Гарасімам Жукоўскім. За іх адносінамі сачылі і Нарбутовіч з Мартыневічам і Яўхім Халуста. Нарбутовіч і Мартыневіч баяліся, што Гарасім аддасць яму ў арэнду сваю паўвалоку, адабраўшы яе ад іх. Яўхім Халуста баяўся горшага. Ён быў упэўнены, што Андрэй толькі таму і пасябраваў з Гарасімам, што хоча купіць у яго зямлю. А Халуста сам думаў пра гэта. Ён мог зрабіць гэта ў любы момант, бо меў грошы. Андрэй хоць і не меў грошай, але мог іх пазычыць. У яго на Бабруйшчыне багатая сястра, ды і зямельны банк яму не адмовіць. У гэтым Халуста быў упэўнены.

Аднак і Нарбутовіч з Мартыневічам і Яўхім Халуста не ведалі, як далёка быў Андрэй ад думкі браць у арэнду зямлю ў Жукоўскага або купляць яе. Гэта прыйшло да яго значна пазней.

Пасля вячэры Андрэй сказаў Івану:

— Можа пяройдзем спаць у хату? Халаднавата ўжо ў гумне.

— Не, Андрэй. Да маразоў, да самай зімы будзем спаць у гумне. Я не мерзну. Хіба ты?

— Я таксама не мерзну. Не люблю спаць у хаце. Я пра цябе думаў.

— Пра мяне! У хаце мы толькі замінаць будзем цётцы і Алене.

— І то праўда.

У Андрэя зусім наладзіўся настрой. Ён зірнуў на Івана, які ўжо сядзеў за сталом з кніжкай, і папрасіў: