Выбрать главу

— Ну, Аленачка... А я па свайму бацьку жалобы не спраўляў бы.

— Бо, ведама, усе вы, Халусты, такія... Сіберныя. Як скаціна. Толькі і ведаеце біцца ды нажамі рэзацца.

— Ну, Аленачка! А Андрэй хіба лепшы! Вунь як майго бацьку адлупцаваў!

— Варт! За што ён Івана, такога харошанькага хлопчыка, пабіў?

— Харошанькага! — Юзік надзьмуўся.

— Харашэйшага за цябе.

— Дык таму ты і не выходзіш... У сваёй хаце маеш,— панура буркнуў Юзік.

Лясь! — і Юзік хапіўся за шчаку.

— Ах ты, свіння! Ты яшчэ такія словы будзеш мне гаварыць!

Алена акруцілася і зрабіла выгляд, што хоча ісці.

— Ну, Аленачка... Пачакай! Гэта я са злосці... Я гэтага мужыка...

— Са злосці! Паспрабуй толькі крануць Івана! Андрэй табе рэбры паломіць.

— Баюся я твайго Андрэя! Каб ён не твой брат, то я даўно яму даў бы!

Гэта крыху ўсцешыла Алену.

— Баязлівец ты! Ды і сілы ў цябе не хопіць. Наш Андрэй самы дужэйшы ў засценку.

— Я самы дужэйшы! — распаліўся Юзік.

— Не крычы, дурненькі, а то нехта пачуе.

— Нікога я не баюся! Па карку дам, калі хто паткнецца.

— А калі Андрэя ўбачыш, дык пабяжыш не азіраючыся.

Алене хацелася закрануць Юзікава самалюбства, раздражніць яго; ёй хацелася ўзняць яго смеласць, рашучасць, узбудзіць у ім злосць на Андрэя, звесці іх двух, няхай бы яны пабіліся. Яна жадала, каб у гэтай бойцы перамог Юзік, няхай бы Андрэй адчуў сябе прыніжана, а то ж ён Юзіка і ў грош не ставіць.

— Нікуды я не пабягу, а сагну яго ў дугу! Абы ты, Аленачка, не злавалася.

— От дурны! Чаго я буду злавацца! Каб Андрэй трохі баяўся цябе, дык не быў бы такі ўпарты.

— Добра! Я яму пакажу, дзе ракі зімуюць! Аленачка... А ты сапраўды гэтага Івана... Ну, гэты Іван да цябе не лезе?..

— Ды ён жа дзіця яшчэ!

— Добрае дзіця! З палескага злодзея... Ну, дай я цябе пацалую, Аленачка...

— Няможна, Юзік. Жалоба.

— Жалоба гэтая няшчасная... І так цэлы год?

— Цэлы год, Юзічак.

— Я не вытрываю, Аленачка... Ну, далібог...— ледзь выдахнуў Гром, прыцягваючы да сябе Алену.— Пацалую адзін раз, не будзе граху...

  РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ

Выйшла так, як і казаў Станіслаў Вярбіцкі. Вечарам Гендарсан не прыйшоў у кантору. Дарэмна чакалі яго выбіральшчыцы, сабраўшыся натоўпам каля ганка. Вечар быў на дзіва цёплы ў такую познюю пару. Зацішна было ў засені магутных дубоў, што раслі ля канторы. Жанчыны разважалі аб сім-тым, з надзеяй паглядаючы на аканомаў флігель. На дварэ сцямнела. Сярпок месяца заблішчаў на небе, весела заміргалі зоркі. Вецер шавяліў пажоўклае лісце на дубах, і яно ледзь чутна шалясцела.

Вечар перад святочным днём заўсёды здаецца прыгажэйшым за звычайныя вечары. У ім адчуваецца нешта ўрачыстае. Хоць бы таму, што заўтрашні дзень прынясе не цяжкую працу, а заслужаны адпачынак пасля цэлага тыдня работы і турбот.

Маладыя дзяўчаты з нецярплівасцю чакалі аканома. Атрымаць свае грошы, патрымаць іх ва ўласных руках, не выпрошваць у бацькоў! А потым купіць за іх крамніны на кофту ці на сукенку або новую хустку, самой, на свой густ, а не на бацькоўскі — як гэта важна ў жыцці дзяўчыны! Хлопцам лепш! У іх часцей бывае ўласная капейка, бо іх значэнне ў гаспадарцы большае і трывалейшае, на іх глядзяць як на гаспадароў, а дочкі — гэта толькі госці. Кожная дачка, калі ідзе замуж, то заўсёды гаспадарку растрыбушыць, пацягне не цялушку, дык авечку. Пасаг... А хіба хлопцу трэба столькі, колькі дзяўчыне? Яму не патрэбны ні грабянцы, ні шпількі, ні брошкі. Ён адну шапку носіць некалькі гадоў.

Так думала Пракопава Надзя, з трывогай паглядаючы на маёнтак, які цяпер нагадваў невялікі гарадок, што рыхтуецца да адпачынку. Ці прыйдзе Павел? Міхаль Рожка сказаў ёй, што бачыў яго. Ох, гэты Міхаль... Ён, ад’язджаючы з поля, неяк па-свойму хітравата, але шчыра падміргнуў ёй, нібы хацеў сказаць: «Абавязкова прыйдзе!» Але хіба можна верыць ім — парабкам...

Павел адразу ўбачыў Надзю і на некаторы час забыў пра ўсё на свеце. Надзя сустрэла яго стрымана, але радасна, і яны спачатку не знаходзілі слоў, каб выказаць усё, што перажыта і перадумана за час расстання.

Не згаворваючыся, яны адышлі ўбок ад гурту і спыніліся каля густых кустоў акацыі.

— Чаму ты, Паўлік... Чаму ты не прыходзіў?..— з дакорам запытала Надзя, заглядаючы яму ў вочы.

Павел зірнуў на дзяўчыну. Не, ён не мог сказаць ёй праўды, хоць яна і жорстка пакрыўдзіла яго. У Надзіных вачах свяцілася такое каханне, такая шчырасць і самаадданасць, што ўся крыўда, усё благое вылецела з Паўлавага сэрца.

— Пакрыўдзіўся, мабыць, Паўлік? — дапытвалася Надзя.

Ці мог ён прызнацца ёй, што не толькі пакрыўдзіўся, але і надумаў быў не сустракацца больш, забыць яе, калі іх каханне выйшла такое няроўнае, няўдалае.