Выбрать главу

У пятніцу бульба ў маёнтку была выкапана, надышоў час разлічыцца. Гендарсан рыхтаваўся да гэтага дня. Ён мабілізаваў усю сваю нямецкую мужнасць і стойкасць, каб кожны бачыў, што ён нікога не баіцца, што ён поўны гаспадар і зробіць так, як захоча сам. Гэта падтрымлівала аканомаў дух. Але трэба было зрабіць і нешта матэрыяльнае. У пятніцу пасля абеду аканом загадаў цяпліць лазню для мужчын. Цэлае лета яна стаяла з замком на дзвярах. Хто хацеў памыцца, меў у сваім распараджэнні ўсю Случ; і хоць пара купання даўно прайшла, але лазню адамкнулі б толькі перад калядамі, каб не аканомаў загад. Такім чынам, цяпленне лазні было немалой падзеяй. Усе мужчыны пойдуць мыцца, а пасля лазні ім захочацца выпіць па чарцы, і ніхто не будзе замінаць Гендарсану разлічваць выбіральшчыц. А з імі ён справіцца. Каб нямецкі мужчына не здолеў справіцца з цёмнымі бабамі! Аднак і гэты яго манеўр быў разгаданы.

Павел Квітун і Станіслаў Вярбіцкі першыя пабылі ў лазні і змярканнем прыйшлі да канторы, дзе ўжо стаяў натоўп падзёншчыц і парабчанак. Жанчыны чакалі іх. Станіслава адразу абкружылі, а Павел пайшоў да Надзі.

— Мо і сёння не прыйдзе той злыдзень,— зазначыла Агапа Аўсянік.

— Сёння прыйдзе, бо няма дзе яму дзецца. Толькі не трэба паддавацца на яго пагрозы і ўгаворы,— прамовіў Станіслаў.

— Я першая буду атрымліваць,— сказала Агапа,— а мяне ён не запалохае, не ўгаворыць!

— Правільна. Толькі не рабіце беспарадку, не душыцеся.

Прысутнасць мужчын падбадзёрыла выбіральшчыц. Станіслава Вярбіцкага паважалі ў навакольных вёсках таксама, як і ў маёнтку.

Вечар быў халодны, за тыдзень надвор’е пахаладнела, пачало падмарожваць. Жанчыны перамерзлі на полі, а тут яшчэ падняўся ветрык і прабіраў да касцей.

Нарэшце з’явіўся аканом. Ён акінуў позіркам жанчын і зразумеў, што памылкам яго няма канца. Навошта яму самому разлічваць рабочых! Ці не разумней было трымаць касіра! Ён бы толькі прысутнічаў і быў бы не адзін супроць такога натоўпу хамавак, а ўдвух... Яму стала крыху страшнавата... Ён адамкнуў кантору, замкнуў за сабой дзверы, тады запаліў у памяшканні лямпу, падрыхтаваў паперы, агледзеўся і ўздыхнуў.

Трэба было пускаць работніц. Ён адчыніў кантору, а сам шмыгнуў за перагародку.

Жанчыны адна за адной услед за Агапай пайшлі ў памяшканне. Але яно было не такое прасторнае, каб умясціць столькі людзей. Станіслаў і Павел ледзь улезлі ззаду і паволі прабіраліся ўперад. Жанчыны маўчалі, але гэта не вельмі супакойвала Гендарсана.

Першая да аконца падышла Агапа. Аканом разгледзеў спіс, прыкінуў на лічыльніках, адлічыў з мяшочка дробязь і сыпнуў на стол.

— Усе! Марш, марш, баба! Другі!

— Пачакай, панок! Спачатку трэба палічыць, колькі ты плаціш.

Яна пачала лічыць, і ўсе жанчыны глядзелі на яе.

— Дык што? За адзінаццаць дзён рубель з грыўняю? Па дзесяць капеек за дзень?

Агапа высыпала свой «заработак» пад нос Гендарсану.

— Жары ты іх, злыдзень!

— Што? — закрычаў Гендарсан.— Што гэта ест?..

— Свіння ты і злодзей, от што гэта ёсць! Па пятнаццаць капеек за дзень, як абяцаў!

У канторы падняўся гармідар.

— Зладзюга! Каб цябе зямля не насіла!

— Ашуканец!

— Антыхрыст!

— Бачыце, што ён прыдумаў!

— Не будзем браць па дзесяць капеек за дзень!

— Плаці, як было дамоўлена!

Гендарсан пабялеў.

— Гэта ест бунт! — крычаў ён.— Я пазаву паліцыю і жандарм!

— Заві!

Жанчыны гатовы былі разнесці ўсю кантору. Толькі Станіслаў і Павел стрымлівалі іх.

Гендарсан сядзеў за перагародкай, як злоўлены воўк.

— А, ашуканец! От не выпусцім цябе адсюль жывога!

— Насмактаўся крыві людской.

— Крывасмок!

Нехта локцем выціснуў у акне шкло. У дзірку шугануў з двара вецер. Агонь у лямпе падняўся, міргнуў і патух. У цемры пачалося тварыцца нешта незразумелае. Частка жанчын рынулася да дзвярэй, пачалася ціскатня, лямант.

— Ціха, жанчыны! — крыкнуў Станіслаў і запаліў агонь.— Шукай лямпы, Павел. А вы не душыцеся, жанчыны, скора будзе парадак.

Жанкі, пачуўшы мужчынскі голас, супакоіліся.

Калі Павел дастаў лямпу і святло разлілося па памяшканню, усе ўбачылі, што Гендарсана ў канторы няма. Пакуль было цёмна, ён адчыніў акно і вышмыгнуў у яго.

— Мабыць, трэба разыходзіцца па хатах, жанкі,— сказаў Станіслаў.— Пан аканом паедзе ў Старочын па ўрадніка і стражнікаў. А вы трымайцеся дружна і патрабуйце той платы, на якую вы дамаўляліся. Ваша справа законная.

— А вашы жанкі заўтра пойдуць у Бярозаўку выбіраць бульбу за дзесяць капеек у дзень,— сказала Агапа.