Выбрать главу

— Не пойдуць. Пра гэта я хацеў сказаць. Ніхто не пойдзе.

У памяшканні некаторы час стаяла цішыня.

— Ну от, зарабілі мы, жаначкі! — прамовіла Агапа.

— Зарабілі...

— І два вечары грошай чакалі.

Жанчыны пачалі разыходзіцца. Услед за імі выйшлі Станіслаў і Павел. На дварэ стаяла цёмная асенняя ноч.

— Павел,— сказаў Станіслаў,— прыйдзі да мяне пазней, пагутарым. Шмат аб чым пагутарым. А цяпер яна цябе, напэўна, чакае.

— Так, браце Стась... Чакае,— адказаў Павел.

  РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ

У душы Яўхіма Халусты заўсёды было шмат бруду, аднак гэта ні ў якой меры не замінала яму жыць, наадварот, акрыляла на новыя шальмоўствы, падбадзёрвала, падымала ноччу з ложка, насіла пад вокны засцянковых хат, у чужыя двары, пад суседнія хлявы і гумны. Ён там нічога не рабіў, але яго радавала думка, што можа зрабіць усё, што захоча: спаліць, украсці, знявечыць жывёліну, сыпнуць атруты.

Але з некаторага часу дробныя шальмоўствы перасталі яго радаваць. У галаве яго нарадзіліся два новыя жаданні, якія на некаторы час адсунулі назад усё іншае. Яны палілі яго пякельным агнём. Ён лажыўся спаць і прачынаўся разам з імі. Калі яму даводзілася ўбачыць Андрэя Сташэвіча або хоць пачуць яго імя, яго ахоплівала шалёная злосць і прага помсты. Ён прыдумваў сотні спосабаў, як разлічыцца з ненавісным чалавекам, і ні адзін яго не здавольваў. Забіць? За гэта можна адказаць. Ды паспрабуй забі такога чорта? Спаліць? Небяспечна. Не бяда, што згарыць увесь засценак, уласныя будынкі могуць згарэць. Падаслаць да яго злодзеяў? А што ж у яго ёсць? Кажуць, голаму разбой не страшны. І Халуста ламаў галаву, каб прыдумаць нешта надзвычайнае, такое, каб звалілася сарамацішчам не толькі на Андрэя, але і на ўвесь яго род.

Другое жаданне было не менш балючае, чым першае. Калі Халусту даводзілася праходзіць каля ніў Гарасіма Жукоўскага, дзе гаспадарылі Лявон Нарбутовіч і Нічыпар Мартыневіч, твар яго зелянеў ад зайздрасці. «Гаспадары, ліха матары вашай! Нядоўга вы будзеце гаспадарыць!» Жаданне заўладаць Гарасімавай паўвалокай гарэла ў яго прагным сэрцы. Ён не ведаў, што зрабіць, але быў перакананы, што заўладае ёю. Гэтая перакананасць крыху супакойвала, каб не Андрэй, які тут клінам станавіўся між Гарасімавай зямлёй і Халустам. Яўхім па нейкай прычыне верыў, што Андрэй будзе стаяць яму на дарозе.

Тым часам восень падыходзіла к канцу. Іншыя дні ішоў дождж разам са снегам. Нізкае хмарнае неба вісела над зямлёй без прасвету. Вераб’і забіліся пад ліштвы. Сумныя мокрыя галкі нерухома сядзелі ў сваіх гнёздах на таполях. Нішто не цешыла вока на полі.

Па малінаўскай вуліцы нельга было ні пешшу прайсці, ні з возам праехаць. Падарожныя цяпер аб’язджалі Малінаўку або навозамі каля гумнаў, або каля агародаў, бо на самой вуліцы можна было захраснуць у гразі.

Малінаўцы ў такую пару заўсёды сядзелі дома. Калі каму-небудзь трэба было схадзіць да суседа па справе, то ён ішоў прыгуменнямі, пералазячы платы і парканы.

Цяпер у засценку поўным жыццём жыла толькі сушня, што стаяла на адбоцы каля агародаў. Цэлы дзень з яе коміна валіў дым, як з трубы добрага завода, а з вечара і да глыбокай ночы, а то і да самай раніцы ў прыбудове ляскацелі церніцы, чуўся гоман людзей, смех і жарты моладзі.

У Малінаўцы лён церлі талакой. З даўніх часоў у засценку склалася некалькі хаўрусаў са сваякоў і суседзяў. Кожная такая талака мела свой час, за які яна павінна сцерці лён кожнага гаспадара, які ў яе ўваходзіў. Таму гэтая цяжкая работа — жаночая бяда — праходзіла хутка і нават весела. У ёй прымалі ўдзел і мужчыны, якія церлі лён хутчэй за жанок, хоць і не так чыста.

Калі прыйшла чарга Андрэя Сташэвіча, Тамаш і Андрэй загадзя нарыхтавалі сухіх дроў, каб выпаліць сушню. Узяўся за гэтую работу сам стары Ян, бо і сушню выпаліць таксама трэба ўмець.

Калі звечарэла, у сушні сабралася ўся талака. Стары Ян падаваў лён, і трысцен ажыў. Затарахцелі церніцы, і памяшканне напоўнілася пылам. Пакуль сагналі ахвоту, ніхто не азваўся. Івану Аўсяніку дасталася больш, чым усім. Ён упершыню займаўся гэтай «бабскай работай», бо ў Чыжэвічах лён церлі кожны сам па сабе, і мужчыны да яе рук не прыкладалі.

Калі сцямнела, стары Ян запаліў два ліхтары і падвесіў іх пад страхой. Але якое святло было ад тых ліхтароў, калі ў трысцене слупам стаяў пыл.

Аднак першы запал прайшоў, усе без загаду спынілі работу. Трэба ж было адпачыць, абцерціся, бо на запыленых тварах блішчалі толькі вочы. Пад церніцамі гурбамі ляжала кастрыца, трэба было яе рассунуць, параўнаваць.

— Ну, хто больш нацёр? — запытала Алена, пераможна аглядаючы ўсіх.