Выбрать главу

У Андрэя ўжо ўсё кіпела ўсярэдзіне, і ён не мог узяць сябе ў рукі.

— Узлаваўся. Не люблю, калі нехта совае свой нос у мае справы. І дзіўлюся: няўжо калі чалавек пажыве ў сабакі Халусты, дык і сам становіцца сабакам.

«О, чортаў шляхціц! — падумаў Якаў.— Столькі ў цябе гонару, што невядома, з якога боку прыступіцца... Што з табою сёння?»

— Дарэмна ты мяне сабакам абзываеш, Андрэй,— сказаў ён.— І ніхто яшчэ мяне сабакам не абзываў.

— Каб ты прыйшоў сюды адзін, я не так бы гаварыў. А ты прыйшоў з Халуставымі сынамі. У хеўру ўвайшоў. Што ж, можа гэта і гонар для парабка быць у адной хеўры з сынамі гаспадара, але я, нават старцам будучы, не захацеў бы такога гонару.

Якава закалаціла, але ён перамог сябе.

— Слухай, пан Сташэвіч... Я прыйшоў сюды адзін. У мяне была да цябе гаворка. Адкладзём яе да другога разу.

У Андрэя аж перасмыкнуўся твар ад страшэннай злосці, якая апаноўвала яго сёння. Ён хацеў дагнаць Якава, сказаць яму, што памыліўся, і перапрасіць, але не мог гэтага зрабіць. І тут ён убачыў Алену і Лісавету, якія стаялі каля дзвярэй трысцена. З імі размаўлялі абодва Халусты, Юзік Гром і Мікалай. Андрэй знарок накіраваўся туды, нібы знячэўку цярнуўся каля Мікалая, і той ледзь не зляцеў з ног.

— Прэшся, як бык! — пагражальна прамовіў той.

— Што? — спыніўшыся, запытаў Андрэй.

— Трэба глядзець уперад, калі ідзеш.

— Не стой на дарозе. Я не кожнага абыходжу.

— А я не кожнаму саступаю.

— Мне саступіш!

— Паглядзім!

Спрэчка гатова была ўспыхнуць, і хто ведае, чым бы яна кончылася, каб не Ян Сташэвіч.

— Тут не пагулянка, хлопцы,— сказаў ён.— Ідзіце дамоў. А вы лён церці,— загадаў ён сваім.

Церлі лён амаль да самай раніцы, пакуль не апаражнілі сушню. Андрэй працаваў, як ашалелы. Душа яго сёння была перапоўнена супярэчлівымі пачуццямі: злосцю, нянавісцю і раскаяннем. Не, ён не раскайваўся ў тым, што зноў задраўся з Халустамі, ён быў згодзен пабіцца сёння з імі, але за што ён пакрыўдзіў Якава? Без прычыны, зусім без прычыны... Той прыйшоў да яго з гаворкай, а ён такі туз! І Андрэй успомніў, як з гэтым жа Якавам вязалі Халустаў, як гэты ж самы Якаў папярэдзіў яго на начлезе, што Халуста будзе помсціць. Мабыць, і сёння ён хацеў нешта сказаць. Што? І Андрэй без жалю ламаў і трушчыў церніцай лён, выціраў кастрыцу і клаў у кучу бліскучыя белыя палойкі.

Калі сцерлі апошні лён, на ўсходзе з’явілася белая палоска зары.

Усе разышліся дадому, у сушні асталіся толькі Андрэй і Ян.

— Ідзі запрагай каня,— сказаў Ян,— і прыязджай забіраць лён. У гэтым годзе, брат, лён у цябе царскі.

— І ў цябе не горшы.

— У мяне крыху горшы... Пра што ты гаварыў з Якавам?

— Ды так... Успаміналі, як Халусту вязалі...

— Успаміналі... Лепей бы вы не ведалі гэтага. А ты зноў з Халустамі схапіўся.

— Не магу на іх глядзець.

— Дурань.

— Ты мяне ў апошні час іначай не завеш. Я і сам сёння думаю, што дурань, толькі не за Халустаў.

— А за каго?

— За Якава. Ён мне сказаць нешта хацеў... А я...

— А ты слухаць не захацеў... Разумны! Ну дык от: аддаю табе сваю галаву — калі мы пойдзем адсюль абодва, сушня пыхне полымем разам з тваім лёнам.

— Глупства...

— Ідзі па каня, а я папільную тут.

Андрэй пайшоў, а Ян сеў каля сцяны і зірнуў навокал. На дварэ пачало святлець. Пабляднеў, нібы пачаў раставаць, Млечны Шлях, здрабнелі зоры, затое на ўсходзе светлая палоса расла і шырылася ўвачавідкі. Ян думаў пра Андрэя, што рабіць з ім, як давесці яго да розуму. Калі хворы быў бацька і ў першыя тыдні пасля яго смерці хлопец быў як хлопец. Паспакайнеў, пасталеў, стаў сапраўдны мужчына. А цяпер зноў пачалося старое. Нашто яму было біць Халусту, навошта было яго вязаць? Яшчэ і Тамаша з сабою пацёг. А той дурань новае вужышча з дому знёс. Не пойдзеш цяпер да Халусты, не скажаш: «Аддай маё вужышча, тое, якім цябе вязалі». Халуста ўсю сваю сабачую зграю з ланцугоў спусціць... Ды няхай яно згарыць, тое вужышча... Халуста — чалавек люты, лепш бы з ім зусім не звязвацца... Цяпер Нарбутовіч гэтакі гад печаны, і з ім звязаўся. Калі ў сваім засценку поўна ворагаў, то цяжка жыць чалавеку...

Тут Яна нібы нехта сапхнуў з месца. Ён пачуў шорхат ля задняй сцяны і кінуўся туды.

— Гэй, хто там! — крыкнуў ён адразу, каб папярэдзіць злачынца, напалохаць яго.

Амаль у гэтае ж імгненне з-за вугла выйшаў не хто іншы, як Яўхім Халуста.

— Гэта я, пане Сташэвіч, гэта я,— сказаў ён, выскаліўшыся.— Як вы маецеся, пане Сташэвіч?

Яна ахапіла злосць, але ён адказаў спакойна:

— Ды от толькі лён кончылі церці. А вы чаго, пане Халуста, да сушні прыйшлі?