Выбрать главу

— Ая-яй!.. Я не да сушні... Я толькі ішоў каля сушні...

— Куды ж гэта вы?

— Сыны!.. Ліха матары іх, сыны! Як выйшлі звечара, дык і дасюль няма... Дзе іх нячыстая сіла носіць! А ў мяне ж работа на рабоце.

— Няма тут вашых сыноў. Звечара былі.

— Распуснікі! Дзе ж яны падзяваліся?.. Ну, бывайце здаровенькі.

«Значыць, Якаў хацеў папярэдзіць Андрэя,— падумаў Ян.— А Андрэй, мабыць, і гаварыць не захацеў. Ах, дурань, дурань... Добра, што хоць мне сказаў, бо каб пайшлі абодва дадому — не было б ні сушні, ні лёну. І вінаваты быў бы я... Сказалі б людзі, што недаглядзеў Ян Сташэвіч печы, жар пакінуў...»

Воддаль пачулася тарахценне калёс. Гэта ехаў Андрэй па свой лён.

  РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ

Выскачыўшы з канторы праз акно, Гендарсан задаў такога драпака на сваіх кароценькіх ножках, што калі спыніўся каля флігеля, то яны аж гулі, а сэрца гатова было парвацца, і ў грудзях не хапала дыху. Ён стаў каля ганка, уплёўся рукамі за слупок і, разявіўшы рот, як рыба, выкінутая на бераг, хапаў паветра. Нарэшце сяк-так аддыхаўся. Калі зайшоў у пакой, Інга зірнула на мужа і выпусціла з рук вышыўку.

— Што з табою, Пауль? Чаму ты такі?

— Я... Яны мяне хацелі забіць, Інга...

— Хто?..— спалохана запытала яна.

— Бабы! — узвізгнуў Пауль.— Яны напалі на мяне!.. О-о-о! Але мяне выратавалі мае ногі, Інга!..

— Ах, ах!.. Яны заб’юць нашу Эльзу! — закрычала Інга, падхопліваючыся з месца.

— А дзе наша Эльза? — у тон жонцы крыкнуў Гендарсан.

— Ах!.. Гэтая непаслухмяная дзяўчынка, як і заўсёды, пайшла на спацыр.

— Дзіця маё! — завыў Гендарсан.

У гэты самы момант Эльза зайшла ў хату. Маці і бацька кінуліся да яе.

— Дачка мая! — залямантавала Інга.— Яны з табой нічога не зрабілі?

— Хто? — зірнуўшы на маці халоднымі вачыма, запытала Эльза.

— Бабы! Яны ледзь не забілі нашага бацьку!..

— Ніхто мяне не збіраўся забіваць. Я сустрэла баб. Яны ішлі з канторы і лаялі немца, які іх ашукаў.— Эльза пагардліва зірнула на бацьку і прайшла ў свой пакой.

— Як ты смееш так гаварыць пра бацьку! — крыкнуў ёй услед Гендарсан.

Маці крыху супакоілася, але і ў самога Гендарсана на сэрцы шкраблі кошкі. Ён ведаў, што сённяшні вечар — гэта толькі пачатак. А што будзе заўтра?

Адзін цяпер не дасць парабкам ніякай рады. Проста пабаіцца сустрэцца з імі. А ў Бярозаўцы амаль уся бульба яшчэ ў полі. Сезонныя работніцы з вёсак больш не прыйдуць. Каб яны прыйшлі, трэба заплаціць дамоўленую цану, а рабіць гэта Гендарсану вельмі не хацелася. Страціць такі барыш і адступіць перад жабракамі? Пацярпець такое паражэнне! Толькі не гэта... Зняць з усіх работ пастаянных парабкаў і парабчанак і адправіць іх у Бярозаўку ён таксама не мог, бо прыйшлося б спыніць у маёнтку ўсю іншую работу. А хіба можна спыніць паравы млын, зняць работнікаў з бровара, калі нават рамонт яшчэ не кончаны, пакінуць без дагляду жывёлу...

Не думаў Гендарсан, што справа павернецца такім бокам. У яго практыцы не было яшчэ выпадкаў, каб выйшла не так, як хацеў. Ён заўсёды плаціў работнікам столькі, колькі надумаў, і ніхто не падымаў супроць яго голасу. А гэта што ж такое? Рускія бабы, мужычкі, падымаюць бунт!

У часе вячэры, каб супакоіцца, ён, насуперак звычаю, напіўся як шавец. У галаве закружылася, але супакою не адчуў. Ён цэлую ноч не спаў, круціўся на пярыне і думаў. Бабскі бунт... Але калі пачаў прыводзіць да парадку свае ўспаміны аб мінулым вечары, то да яго разумення дайшло, што ў канторы былі не толькі бабы. Там былі Станіслаў Вярбіцкі і Павел Квітун. Ага! Ці не іх гэта работа!

На дварэ яшчэ была ноч, калі Гендарсан устаў з ложка. Паціху, каб не разбудзіць жонку, апрануўся, схадзіў у камору, сабраў тое, што было патрэбна, склаў у мяшочак, палічыў у кішэні грошы і выйшаў на двор. Чорт! Навокал стаяла халодная асенняя цемень. Гендарсан здрыгануўся, але не ад холаду. Вельмі няёмка сябе адчуваў. Здавалася, што за кожным вуглом стаяць бабы з рыдлёўкамі і падпільноўваюць яго. Кожны слупок, кожны пень нагадваў яму чалавека. Усё выглядала варожым і чужым. Так памалу дайшоў да стайні.

Кірыла Верабей — адзінокі чалавек, былы панскі фурман — у вартоўні не толькі спаў начамі, але і жыў удзень. Блізкай радні ў яго не было, фурманам на старасці быць ужо не мог і дажываў апошнія гады вартаўніком на стайні. Кірыла ведаў, што ўчора было ў канторы, і не вельмі здзівіўся, калі яго разбудзіў аканом. Стары адамкнуў стайню, памог аканому запрэгчы кабылу ў брычку і, калі той выязджаў са двара, запытаў:

— А куды так рана, пане?

Іншым разам Гендарсан паставіў бы хама на месца, але сёння яго язык сам сабою сказаў: