Выбрать главу

— У Бярозаўку. Я еду ў Бярозаўку.

Кірыла пастаяў каля варот, паслухаў, на якую дарогу зварочвае аканом, і падумаў: «У Бярозаўку! У Старочын ты накіраваўся, сукін сын, а не ў Бярозаўку».

Маёнтак яшчэ спаў, калі Гендарсан праехаў паўдарогі ў мястэчка. Не шкадаваў кабылы, бо дурныя думкі лезлі ў галаву. То яму здавалася, што за ім гоняцца, то — што страляюць з-за дрэва. Усё цяпер стала яму варожым у гэтай краіне.

Урадніка прыйшлося пачакаць. Беразоўскі яшчэ спаў, калі Гендарсан зайшоў у прыёмную. У абшарпаным пакоі было пуста і брудна. Гендарсан зірнуў на пыльныя лаўкі і не захацеў садзіцца. Пачаў хадзіць з кута ў кут і думаць. «Усе яны брудныя свінні. Бесталковая краіна... Нідзе няма парадку, нават у такой установе...»

Крокі яго пачула служанка Беразоўскага і зазірнула ў прыёмную. Убачыўшы такога важнага наведвальніка, запрасіла яго ў пакой. Тут Гендарсан сеў у крэсла і закурыў.

Праз паўгадзіны Беразоўскі і Гендарсан сядзелі ў канцылярыі і вялі гутарку.

— Які ж гэта бунт, пане Гендарсан? — пытаў ураднік у аканома.— Вы абяцалі разлічыць людзей па адной цане, а пачалі разлічваць па другой. Гэта ж несправядліва!

— Я кожны год плаціў ім па дзесяць капеек.

— А ў ведамасці пісалі па пятнаццаць.

Гендарсан пачырванеў і надзьмуўся.

— Гэта ест — як гэта? — абраза!

— Якая абраза, пане Гендарсан, кіньце вы! — усміхнуўся Беразоўскі.— Тыя гады яны маўчалі, а цяпер зусім не тое. Вы ведаеце, што робіцца ў краіне?

— Так. Іх... я ведаю...

— Дрэнна ведаеце.

Беразоўскі разумеў, у чым справа. Звесткі аб забастоўках на фабрыках і заводах, аб хваляваннях парабкаў у Латвіі, на Паваложжы і ў іншых мясцінах, аб сялянскіх бунтах дакаціліся і сюды. Учарашні выпадак у Чыжэвіцкім маёнтку — водгулле тых падзей, якія ахапілі краіну. Дурны немец не разумее гэтага. Ці можна думаць, што ў маёнтку ўсё ўзнікла стыхійна, толькі таму, што людзям недадалі па пяць капеек у дзень? Ці не хаваецца тут нешта глыбейшае?

І Беразоўскі ўспомніў Якава Шэмета. Яўхім Халуста паведамляў яму, што гэты тып з горада кожны тыдзень ходзіць у маёнтак. Ці няма тут якой сувязі? Але Гендарсану гэтага Беразоўскі не сказаў. Трэба было давесці немца да таго, каб ён выняў грошы. «Сам нажываешся, а я павінен задарма табе памагаць!»

— Прыйдзецца, пане Гендарсан, заплаціць рабочым, як дамаўляліся.

Гендарсан бездапаможна ўнурыўся. Раптам ён загарэўся, падняў галаву і закрычаў:

— Гэта ест непарадак! Бульба пан Крупскага не павінен — як гэта? — зімаваць!

— Заплаціце людзям за работу, і яна зімаваць не будзе.

— Но гэта ест бунт! Яны разбілі акно, патушылі лямп і крычалі: «Заб’ём немца!»

— Вы проста спалохаліся, пане Гендарсан. А вінаваты вы. Вы самі справацыравалі гэты інцыдэнт. А цяпер трэба быць асцярожнейшым. Калі пра гэта паведаміць пану Крупскаму, то ён вас па галоўцы не пагладзіць.

Беразоўскі гаварыў і паглядаў, як успрымае Гендарсан яго словы. І Гендарсан звяў.

— А цяпер,— гаварыў далей Беразоўскі,— вы просіце ў нас дапамогі. Мы! — Беразоўскі тыцнуў пальцам у свае шырокія грудзі.— Мы павінны за ўсё адказваць. Мы павінны вас ратаваць. А каму гэта трэба? Вам, толькі вам.

— Але, гер ураднік... Яны хацелі мяне забіць...

— Глупства! А хто, уласна, хацеў вас забіць?

— Баба! Баба Агапа Аўсянік. Яна ест з Чыжэвіч.

Беразоўскі зарагатаў.

— Ба-аба! А мужчын там не было?

— Было! Там было мужык! Станіслаў Вярбіцкі і Пауль Квітун.

— Ага...— Беразоўскі насцярожыўся.— Хіба яны капалі бульбу?

— Найн! Яны не капалі бульба.

— Не ведаю, пан Гендарсан, чым я вам магу памагчы...

Гендарсан ужо зразумеў, што ад яго трэба. Ён мнагазначна зірнуў на ўрадніка і прылажыў руку да кішэні. Беразоўскі зрабіў выгляд, што не зразумеў яго жэсту.

— Пан ураднік... Ужо ест пара... як гэта? Снедаць! У мяне ест такая старая старка! Така-ая стара-ая!

Беразоўскі ўсміхнуўся.

— Ну, што ж! — сказаў ён.— Снедаць пара, але ваша старка падобна на хабар, таму я запрашаю вас на снеданне да мяне.

Гендарсанава старка і сапраўды аказалася добрая. Не горшая была і вяндліна, якую прывёз аканом. Калі Беразоўскі выпіў, у галаве яго стала значна святлей, чым да снедання. А калі Гендарсан у канцы снедання даў яму дваццаць пяць рублёў, урадніку ўсё стала зразумела. Ён падумаў, узважыў усё і вырашыў выехаць на месца сам. Неабходна было ўведаць абставіны ў маёнтку, што там зрабілася, высветліць, хто ж там завадатар. Тут ён успомніў пра Шымкевічаў, пра Якава Шэмета, пра Хаіма Ножыка і Сымона Ашакевіча. Што ж, калі не тое, то іншае! Ён павінен дзейнічаць, гэта яго прамыя абавязкі. Можа знойдзецца хоць маленькі павадок, за які можна будзе ўзяцца, цягнуць яго і памалу разблытваць. Можа нешта і разблытаецца. Ён сказаў Гендарсану ехаць дамоў і паабяцаў, што выедзе ўслед за ім.