Выбрать главу

Павел залажыў на месца цагліну і злез з печы. У калідоры пачуліся крокі, і ён адшчапіў крук. У пакой увайшоў Платон. Ён зірнуў на Паўла, распрануў світку і сказаў:

— Памый рукі, дурань. Кніжачкі шукаў?

— Платон, ты?..

Платон усміхнуўся.

— А ты думаў — бог? Я адразу прыбраў іх, як вас ураднік паклікаў.

— Адкуль ты ведаў, што яны тут? %

— Я дрэнна сплю, Павел, і два разы бачыў, як ты чытаеш пасля паўночы, а потым лазіш на печ.

— Пацалаваць цябе?

— Надзю сваю цалуй.

— Ах, Платон, Платон! Ты ведаеш, што ты зрабіў? Ты нас выратаваў.

— Глупства.

— Трэба Шэмету паведаміць... Ураднік пытаў пра яго. Ён можа туды заехаць, а ўсе кніжачкі ад Якава.

Платон махнуў рукой.

— Не трэба. Якаў не такі дурны, як ты. Ён такія рэчы ведае, дзе хаваць. Яны недзе ў Халуставых, будынках ці на Халуставым агародзе схаваны. У Стася ж таксама не знайшлі, а ў яго, мабыць, не дзве кніжачкі. Ён во-опытны, а ты яшчэ не.

  РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ

Адэля Арлоўская палажыла на падушку кнігу пра егіпецкую царыцу Клеапатру і маладога жраца, які закахаўся ў тую царыцу, і з тугой зірнула ў акно. На дварэ змяркала, ішоў дождж, шасцелі клёны і ліпы, атрасаючы пажоўклае лісце, булькала ў лужынах вада. Наставала пара доўгіх асенніх вечароў, падобных адзін на адзін, сумных да ачмурэння, калі Адэля не ведала, дзе сябе дзяваць... Яна баялася гэтай пары, але чакала яе, як нечага непазбежнага...

Каля вулічных варот стаяла служанка Мар’яна, ад дажджу ўскінуўшы на галаву пусты мех, і чакала з поля кароў. Вунь яны ідуць, чацвёра, адна ў адну, пярэстыя галяндэркі, а ззаду пляцецца пастушок Зміцер у цяжкім балахоне, мокры ад галавы да пят. Ён трымае ў руцэ пугаўё, а пуга, як доўгая тонкая змяя, цягнецца па гразі. Аб чым думае гэты асклелы хлапчук, чаго яму хочацца? Напэўна, хутчэй узлезці на цёплую печ, сагрэцца і заснуць. Есці яму таксама хочацца, але пакуль Мар’яна падоіць кароў і збярэцца яго накарміць, ён засне...

Мар’яна адчыніла вароты, каровы ўвайшлі ў двор. Зміцер босымі нагамі пашлёпаў за імі. Служанка пабегла заганяць кароў у стойлы, а пастушок зайшоў у кухню. Адэлі не чуваць, што ён там робіць, але яна ведае, што ён распранае набрынялы балахон, вешае яго на цвік каля печы і хукае на чырвоныя рукі, якія ад холаду не хочуць згінацца... Як добра ўсё гэта вядома Адэлі і як усё ёй надакучыла. Яна са злосцю думае пра тоўстую рыжую служанку, якая спіць з яе бацькам і таму больш адчувае сябе гаспадыняй, чым Адэля.

Усё ёй абрыдзела ў гэтым доме. Абрыдзеў сам дом, прапахлы наскрозь сівухай. Яна пайшла б адсюль немаведама куды, абы знайшоўся чалавек, які ўзяў бы яе за руку і павёў. Але такі чалавек не знойдзецца. Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Яшчэ год-два — і яны збяруцца каля вуснаў. Старая дзеўка... Адэля баялася падыходзіць да люстэрка. Адтуль на яе паглядаў не дзявочы, а жаночы твар... А ці даўно Андрэй Сташэвіч гатовы быў аддаць за яе жыццё! Як ён любіў яе! Ды ён бы насіў яе на руках, каб яна хоць крышку схілілася да яго... І цяпер яна была б не старая дзеўка, а маладая жанчына. І нідзе не падзеўся б стары бацька, Андрэй даў бы яму рады! Вылецела б рыжая Мар’яна з гэтага дома як куля. Тады яны прадалі б Андрэеву і бацькаву зямлю і купілі б невялікі фальварак. Бацька памог бы. У гэтага скупога чалавека многа грошай... Скупога... «Кашча Бессмяротнага»... Вось як празвалі людзі яе бацьку. Адэлі стала сорамна, што яна так думае пра самага роднага чалавека... Самага роднага! Але ж ён, гэты самы родны чалавек, загнаў у труну яе маці. Ён не даваў ёй жыць сваёй неймавернай скнарасцю, ён замарыў яе голадам. Ён ніткай вымяраў хлеб, каб маці не адрэзала без яго ведама лішні кавалак, і калі яна ўсё-такі адразала — біў яе без жалю. Ён усё трымаў пад замком і насіў у кішэні паўпуда ключоў, гэты няшчасны Плюшкін, гэты злы, жорсткі, бязлітасны чалавек, якога цяпер трымае ў руках, як у абцугах, рыжая Мар’яна. Яна забрала ад яго ключы і распараджаецца ўсім, акрамя грошай. Як ненавідзела ў гэтую хвіліну Адэля свайго бацьку! Ён, калі памерла маці, забраў яе з гімназіі: шкада было плаціць грошы, каб трымаць дачку ў горадзе. Яна магла б стаць настаўніцай або акушэркай і быць незалежнай, а цяпер хто яна? Гэта праз яго яе ніхто не ўзяў замуж, ніхто не сватаецца, ніхто не гоніцца за яе пасагам. Бо ніхто не верыць, што Кашч Бессмяротны дасць за дачкой нейкі пасаг... Ашукае, сукін сын, як і заўсёды ўсіх ашуквае...