Выбрать главу

Арлоўскі ўвайшоў у пакой, пастаяў каля стала, памыляў тонкімі губамі, зірнуў на лямпу, што вісела пад столлю, хацеў зняць яе, але, мабыць, падумаў, што яшчэ рана і няма чаго дарма паліць газу. Адэля нават не адвярнулася ад акна.

На дварэ ўжо зусім змерклася. Нехта на брычцы пад’ехаў да варот і спыніўся. З брычкі саскочыў чалавек і адчыніў вароты.

— Татусь! Да нас нехта прыехаў,— сказала Адэля.

— Мо Сымон Ашакевіч са Слуцка... Але яму рана яшчэ.

— Не, не Ашакевіч... На брычцы...

«Сваты»,— падумала Адэля і кінулася ў свой пакой. «Няйначай, сваты... Наваражыла, стоячы ля акна...» Трэба было прывесці сябе да парадку, пераадзецца, знішчыць гэтыя праклятыя павуцінкі, што збегліся каля вачэй.

Арлоўскі запаліў лямпу..

— Добры вечар, пане Арлоўскі! — пачуўся ад парога вясёлы голас.

— Добры вечар, пане Беразоўскі, добры вечар... Чаго вы там сталі?

— Я не адзін, пане Арлоўскі, са мной стражнік. Ён каня выпрагае. Як сабе хочаце, а мы ў вас заначуем. Надвор’е такое, што, пакуль да Старочына дабярэшся, зусім раскіснеш. Мо б вы паказалі, куды паставіць каня, ды і брычку трэба некуды ўвапхнуць.

— А мы яе ў гумно... Я зараз... І каню месца знойдзем.

Арлоўскі, шорхаючы нагамі па падлозе, пайшоў з хаты. «Знайшоў месца, дзе начаваць, каб цябе зямля не насіла... Тут табе і наварана і напарана... А каню аўса насып ды канюшыны пакладзі... Ды яшчэ ўдвух са стражнікам...»

Беразоўскі тым часам распрануўся, адчыніў дзверы ў кухню, аддаў вопратку Мар’яне, загадаў яе высушыць, а сам падышоў да люстэрка і прычасаўся.

«Хм... у гэтым доме не любяць чужых людзей,— падумаў ён.— Каб я быў не ўраднік, а проста Беразоўскі, то гэты сукін сын Бессмяротны не пусціў бы мяне і на парог. Але рамязовачка, пане Кашч, трымае цябе ў маіх руках».

З суседняга пакоя адчыніліся дзверы, і ў іх паказалася галоўка Адэлі.

— Ах!.. Гэта вы, пане Беразоўскі!.. А я думала — хто там гаворыць з татусем...

— Гэта я, панна Адэля, гэта я ўласнай персонай!

Адэля была расчаравана. Нічога яна не наваражыла, стоячы ля акна. Беразоўскага яна не чакала. Гэты жаніх не ўпершыню заязджае да яе бацькі. У іх свае справы, якіх Адэля не ведае.

— Проша, проша, панна Адэля. Чаго вы стаіце ў дзвярах? Вы, як відаць, баіцеся мяне. Хіба я такі страшны?

Адэля ўвайшла.

— Вы ўраднік, пане Беразоўскі, от у чым справа,— адказала яна картавячы.

«Навошта яна так гаворыць? — падумаў Беразоўскі.— Усё яшчэ ўяўляе сябе дзяўчынкай».

— Я не толькі ўраднік, панна Адэля. Я, акрамя ўсяго, і мужчына.

— І прытым цікавы.

— Ого! Упершыню чую камплімент у свой адрас.

— Бо ад вас жа не дачакаешся...

— Я зусім ачарсцвеў на гэтай праклятай рабоце.

— Не апраўдвайцеся. Лепш скажыце, што вас занесла ў наш бок?

У галаве Беразоўскага імгненна з’явіўся цікавы адказ.

— Я прыехаў, панна Адэля, сватацца да вас.

Адэля недаверліва засмяялася.

— Вы, аказваецца, жартаўнік... А дзе ваш сват?

— Распрагае каня. Сват нецікавы, панна Адэля. Стражнік Макар... Каго можа ўзяць за свата ўраднік? Ды нашто той сват! Хіба мы з вамі не паразумеемся самі?

«А чаму і не пасватацца! — думаў у гэты час Беразоўскі.— Што я трачу? Нічога. А для карысці справы можа і прыдасца».

У пакой усунуўся Макар.

— Усё ў парадку, гаспадзін ураднік,— паведаміў ён.

— Добра, Макар. Ідзі на кухню, распраніся. Выбачайце, панна Адэля, я на адну хвілінку.—Ён вывеў стражніка на двор і шапнуў яму: — Ты, Макар, у пакой не лезь! Ацірайся на кухні. Забаўляй гэтую рыжую Мар’яну. Няхай трохі пашалее Кашч.

Макар па-змоўніцку ўхмыльнуўся.

— А чарка табе будзе... Мне, бачыш, трэба намацаць адну рэч...

— Зразумела, гаспадзін ураднік!

Адэля не то каб сур’ёзна прыняла словы Беразоўскага аб сватанні, але ёй прыемна было іх пачуць. Яна ахвотна памагала Мар’яне гатаваць вячэру, слухала не зусім прыстойныя жарты Макара, які па-сапраўднаму «аціраўся» каля рыжай служанкі, калоў трэскі на падпалку, сек мяса і, стаўшы ракам, дзьмуў у пліту, каб лепш гарэла, і не забываў пры гэтым ушчыкнуць Мар’яну.

Тым часам Беразоўскі і Арлоўскі ўдвух сядзелі ў пакоі і вялі размову.

— Я не трымаю парабкаў, пане Беразоўскі,— гаварыў сядзелец,— гэта такая прорва, што яе нічым не здаволіш. Я наймаю людзей на пару: на сяўбу, на сенакос, на жніва. Малатарня ў мяне свая. От найму на тыдзень малацьбітоў і ўсю пашню ссыплю ў свіран, а людзей разлічыў — і ідзіце вы да д’ябла. А пузні найму сена вазіць.