Выбрать главу

  РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ

Сонца яшчэ толькі што ўзышло. Пасля ўчарашняга дажджу вільготная зямля дыхала халодным туманам, які нізка вісеў над апусцелымі паплавамі і палеткамі. Паветра стаяла нерухома, але калматыя слупы дыму, ледзь вырваўшыся з каміноў, прыгіналіся і слаліся над стрэхамі. З дрэў капала халодная раса, і стаялі яны панурыя і асклелыя, маўклівыя і непрывабныя.

У Чыжэвічах наставала святочная раніца, і не было таго працоўнага руху, што пачынаўся тут кожны дзень і ў кожным двары яшчэ да ўсходу сонца. Заўважыў гэта нават ураднік Беразоўскі, што, сагнуўшыся і скурчыўшыся, увабраўшы рукі ў рукавы шыняля, сядзеў на брычцы, якая толькі выехала з двара Арлоўскага. Стражнік Макар на козлах трымаўся вальней і бравей. Рыжая Мар’яна сумела-такі ўпотай ад Кашча Бессмяротнага сунуць яму шклянку рамязоўкі. Але не адно гэта ўзнімала яго настрой. Учора ўвечары ён украў бутэльку казённай з-пад самага носа Арлоўскага. Цяпер гэтая бутэлька і сама грэлася ў яго запазухай і сагравала сэрца баявога стражніка. І не толькі яна сагравала яго сэрца.

Арлоўскі зачыніў за гасцямі вароты і крыкнуў наўздагон брычцы:

— Заязджайце, пане Беразоўскі! Не мінайце!

Беразоўскі нехаця павярнуўся назад і адказаў:

— Заедзем, заедзем, пане Арлоўскі! Не мінём!

А сам падумаў: «Сукін сын ты, Кашч! Паснедаць не даў, шэльма. А я ж такі да тваёй дачкі сватаўся...»

Брычка ехала па гразі, калёсы плюхаліся ў глыбокія калдобіны, конь ішоў размашыстай хадой, і пырскі з-пад яго ног ляцелі ва ўсе бакі. Беразоўскі сядзеў унурыўшыся і думаў. Каб ён паглядзеў на вясковыя хаты, то не ў адным акне ўбачыў бы твар, які праводзіў яго нядобрым позіркам. Але Беразоўскі не азіраўся на бакі. Ён думаў аб тым, што яго ўчарашні жарт са сватаннем быў вельмі ўдалы. І цікава тое, што справа міма яго волі абярнулася зусім не жартам. Выйшла так, што ён ашукаў не Кашча і яго дачку, а самога сябе. І ашукаў так, што сам быў здаволены. Эге! Дзе тут знойдзеш і багаты хутар і маладую прыгожую жонку — усё разам? Так не бывае! Калі ёсць адно, то няма другога... А гаспадарка ў гэтага Бессмяротнага найбагацейшая ў наваколлі, грошай у яго цэлы мех. Ніякай радні, акрамя адзінай дачкі. Пасля яго смерці ўсё астанецца ёй. Стараватая будзе жонка? Не бяда! Ён і сам не малады. Але хіба можна сказаць, што яна непрыгожая або дурная? Не, гэтага не скажаш. І прыгожая, і разумная, і ў дадатак адукаваная. Гаворыць картавячы? Лёгка адвучыць. Раз-два, і гатова! Так загаворыць, што слухаць будзе люба!.. З другімі круцілася... Было! Сташэвіч з Малінаўкі ледзь розуму праз яе не страціў. Ну, гэты ад яе нічога не атрымаў. Другія былі... Але хіба мора ад таго стане паганае, што з яго сабакі пахлебчуць? Глупства... Ён і сам нямала пакруціўся. «Хе-хе-хе... — Беразоўскі ўсміхаўся сам сабе.— Як другі раз прыеду, то напушчу Макара на рыжую Мар’яну! Кашч Бессмяротны ўсшалее ад злосці і прагоніць яе». Не ведаў ураднік, што Макар у гэтым напрамку ўжо сёе-тое зрабіў. Ён сам напусціўся на рыжую Мар’яну і меў немалы поспех.

Не трэба, аднак, думаць, што Беразоўскі вырашыў кінуць дзяржаўную службу і забыў пра свае абавязкі. Праз усе гэтыя прыватныя думкі, якія датычыліся яго ўласнай асобы, непрыкметным раўчуком цякла галоўная думка аб тым, што ён зрабіў у маёнтку, у Арлоўскага і што зробіць у Яўхіма Халусты. Куды яго прывядзе той клубочак, за нітачку якога ён ужо, здаецца, ухапіўся? Ці будзе раскручвацца гэты клубочак і далей, ці заблытаецца?

Тым часам брычка выехала з сяла і кацілася цяпер па дарозе ў Малінаўку. Расчырванелы Макар сядзеў на козлах, расхінуўшы шынель. Раптам ён заспяваў:

Гэй вы, хлопцы-малойцы-ы,

Не кажыце маёй жонцы-ы,

Бо мая жонка ліхая-а.

Кулаком каля носу махая-а.

Беразоўскі прыўзняўся з месца і сунуў яму кулаком у спіну.

— Дзе ты напіўся, сукін сын?

Макар азірнуўся, выскаліў белыя, як рэпа, зубы і адказаў:

— Рыжая Мар’яна падсунула шклянку рамязоўкі, гаспадзін ураднік. Моцная, як чорт...

— С-сук-кін сын! — з захапленнем прамовіў Беразоўскі.— Як ты скора пад’ехаў да яе!

— Яна даўно гатова была, гаспадзін ураднік. Хіба ёй не абрыдзеў гэты стары Кашч! Цёплая бабка!

Ён прыязным, цёплым позіркам акінуў свайго асклелага начальніка, і ў п’яным яго сэрцы заварушылася нешта падобнае на спачуванне і жаласць.

— А вам і паснедаць не даў гэты абармот Бессмяротны.— Ён засунуў руку запазуху, выцяг адтуль бутэльку і падаў Беразоўскаму.— Выпіце, гаспадзін ураднік. Цяплей будзе. Ды і ў Халусты мы наўрад ці паснедаем.

Беразоўскі зірнуў на яго са здзіўленнем.