Выбрать главу

— І гэта Мар’яна табе падсунула?

Твар Макара расплыўся ў шырокай ухмылцы.

— Не, гаспадзін ураднік. Гэта я сам захацеў пакараць Кашча Бессмяротнага за яго сабачую скупасць. Піце, гаспадзін ураднік.

У душы Беразоўскага паднялася злосць на Макара. Ураднік у некаторай ступені ўжо лічыў сябе зяцем Арлоўскага. Значыць, стражнік абакраў і яго самога, пацягнуў з яго будучай гаспадаркі. Але калі ён зірнуў на бутэльку, злосць гэтая адразу выпарылася.

— Не магу я без закускі, Макар...— застагнаў ён.

— Га-га-га!

Макар дастаў з кішэні колца кілбасы.

— Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Але я спадзяюся, што кілбасу ты атрымаў з Мар’яніных рук.

— Не, гаспадзін ураднік. З-пад Мар’яніных рук... Ды пра што тут доўга талкаваць! Піце, гаспадзін ураднік, а то яшчэ нехта сустрэнецца.

Выпілі абодва. Пустую бутэльку Макар выкінуў з воза, кілбасу з’елі. Беразоўскі адчуў, што ўсярэдзіне ў яго разгараецца агеньчык і цяпло ад яго расцякаецца па ўсім целе. Твар яго расчырванеўся, стала горача рукам, і ён расхінуў шынель. Настрой яго палепшаў, ён адчуў сябе вялікім чалавекам і надзвычайным сышчыкам. Ён быў упэўнены, што намацаў існаванне сапраўднай антыдзяржаўнай змовы і трымае яе ў руках. Але цяпер яму не хацелася нікому рабіць зла, ён усіх раптам палюбіў, і ўсіх яму было шкада. Ён успомніў Адэлю, і яго агарнула замілаванне. Яна будзе яго жонкай. Ён навучыць яе чалавечай мове. Нават Кашч Бессмяротны, яго будучы цесць, здаўся цяпер яму такім добрым і шчырым чалавекам, якіх мала ёсць на свеце. А хамула Макар пакрыўдзіў гэтага няшчаснага, адзінокага чалавека. Мала таго, што ўкраў кілбасу і бутэльку гарэлкі, дык яшчэ і паспаў з рыжай Мар’янай. Свіння... Ён ужо хацеў садануць стражніку па вуху, але калі падняў вочы і ўбачыў шырокую Макараву спіну і лапавухую галамозую галаву, то яму стала шкада і Макара. Шчыры ён чалавек. Па сутнасці, ён украў гарэлку і кілбасу не сабе, а яму, свайму начальніку. А калі паспаў з Мар’янай, то хіба яна зліняла? Асталося яшчэ і Арлоўскаму. Ці многа старому трэба!

— Слухай, Макар,— сказаў ён.— Калі мы другі раз прыедзем да Арлоўскага, а мы цяпер будзем часта туды ездзіць, то ты нічога ў яго не крадзь.

— Слухаю, гаспадзін ураднік! — адказаў Макар, не разумеючы, што зрабілася з яго начальнікам.

— Красці, Макар, вялікі грэх... Акрамя таго, гэтае злачынства прадугледжана крымінальным кодэксам... Крыміналістыка, разумееш?..

— Разумею, гаспадзін ураднік!

— І не спі з Мар’янай... Гэта таксама грэх. Называецца пралюбадзеянне... Калі яна будзе да цябе лезці, гані яе к чорту... А не паслухае, пакліч мяне...

— Я і сам спраўлюся, гаспадзін ураднік! — весела бліснуўшы вачамі, адказаў Макар.

— Ага! Гм! У якім сэнсе справішся, сукін сын? Ты, здаецца, кепікі строіш з мяне, шальмец?

— Не, гаспадзін ураднік, якія кепікі!..

— Ну, дык от, слухай. Не смей з ёю спаць...

«Зусім ап’янеў, смаркач,— падумаў. Макар пра свайго начальніка.— Пляце немаведама што... Выпіў нашча, от і разабрала...»

— Ты чуеш, Макар?

— Чую, гаспадзін ураднік!

— І памятай, што я табе сказаў...

— Добра, гаспадзін ураднік... Вунь нехта ідзе насустрач...

Малінаўка была ўжо блізка, і ішоў не хто іншы, як Якаў Шэмет. Ён здалёк убачыў падводу і разгадваў, хто гэта едзе ў Малінаўку, ды яшчэ на брычцы. Калі падышоў бліжэй, то па паліцэйскіх шынялях і шапках пазнаў урадніка і стражніка. Трывожная думка запала ў яго галаву. Ці не па яго душу яны едуць? Няўжо ўрадніку нешта стала вядома пра яго дзейнасць?..

Параўняўшыся з брычкай, ён сказаў «дзень добры» і нават крануўся рукой шапкі.

— Дзень добры, дзень добры! — весела адказаў ураднік, у якога з’явілася жаданне спыніць прахожага і пагаварыць з ім.— Куды так рана?

— Ужо не вельмі рана, гаспадзін ураднік. У сяло іду.

Стражнік вялізнымі вачыма глядзеў на ўрадніка, а Якаў мінуў іх і крочыў памалу наперад, хоць яму ў гэты час хацелася быць далей ад гэтага месца.

— Бачыш, якія ветлівыя людзі шляхта...— пачаў Беразоўскі, але Макар не даў яму кончыць.

— Якая шляхта! Гэта Якаў Шэмет!..

— Якаў Шэмет? — у Беразоўскага ўвесь хмель вылецеў з галавы. Ён зірнуў Якаву ўслед.— Няхай ідзе... Сёння мы абыдземся без яго,— прамовіў ён.

Калі ўязджалі ў засценак, зноў адбылася нечаканая сустрэча. Сымон Ашакевіч вёў пасвіць на поплаў сваю кабылу. Беразоўскі скоса зірнуў на яго, і злосць ускіпела ў ім з незвычайнай сілай. Ён адвярнуўся, каб не адказаць на прывітанне, а ў беднага Сымона аж душа скочыла ў пяткі, калі ўбачыў у Малінаўцы Беразоўскага са стражнікам. Успомнілася ўсё: і Шымкевічы ў Гнілой Дуброве, і допыт ва ўрадніка, і ўчарашні адказ. «Што гэта будзе?!» — з жахам падумаў ён.