Каля Халуставага двара ўрадніка сустрэў Андрэй Сташэвіч, які таксама вёў на поплаў сваіх коней, бо Іван яшчэ ўчора вечарам пайшоў дадому, але Андрэя Беразоўскі не прыкмеціў, бо быў заняты думкамі пра Якава Шэмета.
«Якое трасцы прыехаў гэты абармот да злодзея?» — падумаў Андрэй і таксама ўспомніў Шымкевічавых сыноў. Ён не спалохаўся, як Сымон Ашакевіч, але трывога закралася і ў яго сэрца.
У дадатак да ўсяго Лявонава Міхаліна стаяла на вуліцы, і праз паўгадзіны ўся Малінаўка ведала, што сам ураднік, ды, далібог, са стражнікам, прыехалі да Яўхіма Халусты.
Макар выпрагаў каня. Халуста стаяў каля брычкі і кланяўся і брычцы, і Беразоўскаму і, прыклаўшы руку да грудзей, крычаў:
— Ая-яй, ая-яй! Далібог, не паверу! Да мяне прыехаў сам гаспадзін ураднік! Ну! Гэтага не можа быць!.. Гэта мне саснілася!..— Ён працёр шурпатым кулаком вочы.— Такі ж прыехаў!.. Ліха ма... Гаспадзін ураднік! Пане Беразоўскі! Гаспадзін Макар! Пане стражнік! Проша, проша... Проша ў хату!..
— Трэба, пане Халуста, некуды паставіць каня,— сказаў Беразоўскі.— Бо хоць я да вас, так сказаць, толькі па дарозе заехаў і ненадоўга, але каню трэба нечага падкінуць.
— Гаспадзіну каню? Аўса гаспадзіну каню! Ю-узік! — зароў Халуста страшэнным голасам.— Ю-узік, ліха матары тваёй! Юзік!
Макар рагатаў і, каб не паваліцца, трымаўся за брычку, а Беразоўскаму хацелася заткнуць вушы. «От гад, мярзотнік,— думаў ён пра Халусту.— Ці ён здзекуецца, ці жартуе, ці сапраўды вельмі рады. «Гаспадзіну каню!» С-сукін с-сын, злодзей...»
З хаты выйшаў Юзік Гром і звычайнай сваёй хадой накіраваўся да брычкі. Халуста наляцеў на яго з кулакамі.
— Гад! Гіцаль! Як ты ідзеш! Не бачыш, хто да нас прыехаў, ліха матары я... тваёй! Сляпы! Вочы павылазілі?
— Бачу, яшчэ не павылазілі. Чаго ты равеш, як бык, бацька? — буркнуў Юзік Гром.
— Як бык? Чулі, гаспадзін ураднік, што ён сказаў? У кутузку яго! Замкніце яго ў гэтым свірне, сукінага сына, гаспадзін ураднік! Я прынясу замок і ключ!
Беразоўскі ўсміхнуўся, а Макар гатовы быў паваліцца і дрыгаць нагамі. У яго ўжо не хапала сілы ні смяяцца, ні гаварыць.
— Няхай ён спачатку паставіць каня, пане Халуста,— сказаў Беразоўскі,— а тады мы падумаем, што з ім рабіць.
— Чуў? Вазьмі гэтую лошадзь,— Халуста не асмеліўся назваць проста канём ураднікавага каня,— завядзі ў хлеў, залажы канюшыны і насып аўса.
Юзік зірнуў на ўрадніка зверху ўніз і падумаў, што такога смаркача ён пстрычкай забіў бы, а бацька перад ім выгінаецца, як чарвяк, тады падміргнуў Макару, з ім ён быў знаёмы, забраў у яго з рук повад і павёў каня пад павець.
— Ну от, гаспадзін ураднік, лошадзь будзе ў парадку, а брычку і тут чорт не возьме. Хадзем у хату. Пане Макар, ліха ма... чаго ты агінаешся і трымаешся за морду, нібы ў цябе зубы баляць? Хадзем у хату.
— Макара мы потым паклічам, пане Халуста,— сказаў Беразоўскі.— У нас з вамі будзе гаворка.— Ён кіўнуў Макару, і той пайшоў за Юзікам.
У гэты час з чыжэвіцкай царквы данесліся гучныя пералівы званоў: бом-ці-лі-лі, бом-ці-лі-лі, бом-ці-лі-лі!
Халуста задраў галаву і прыслухаўся, потым заліўся смехам.
— Праспаў, ліха матары яго! Праспаў поп! Ай-яй, бацюшка! Айцец Сцяпан! Што з табою? Ці ў карты гуляў да раніцы, ці гарэлку піў? Ха-ха-ха! Тпру, кабыла, стой, поп, здрасце, бацюшка, ці дома свяшчэннік? Хі-хі-хі. Гаспадзін ураднік, арыштуйце гэтага шэльму Сулкоўскага! Ха-ха-ха!
— Гэта не ўваходзіць у мае абавязкі, пане Халуста. На ім сан!
— На ім сан? Ліха матары яго! Гарэлка на ім, у ім і пад ім, а не сан?
Не паспеўшы адчыніць дзвярэй у хату, Халуста адразу накінуўся на жонку і на служанку, глуханямую дзяўчыну гадоў трыццаці, якую ён знайшоў аж пад Слуцкам.
— Ліха матары вашай! Кабыла крывая! Не бачыш, хто да нас прыехаў? Сам гаспадзін ураднік з гаспадзінам Макаром! Вары і смаж! Яечню, кілбасу і сала! Нясі кумпяк! Чуеш? Скажы глухой падле, каб весялей варушылася.
Беразоўскі сказаў «дзень добры», але ніхто яму не адказаў. Крывая Настуля зірнула на яго так, што ў прадстаўніка ўлады мурашкі забегалі па целе. «Сапраўдная ведзьма»,— падумаў ён.
Халуста адчыніў дзверы ў нейкі цёмны калідор, правёў па ім урадніка, тады зноў адчыніў дзверы, і Беразоўскі апынуўся ў невялікім пакоі з адным акном. У гэтым пакоі, акрамя стала і дзвюх лавак, не было ніякай мэблі. Ля сцяны стаялі тры куфры, акаваныя жалезам. На ўсім гэтым тоўстым пластом ляжаў пыл. Пахла сырасцю і затхласцю.
Калі Халуста ўвайшоў у гэты пакой, у яго паводзінах знікла ўсё наігранае. Ён зірнуў на ўрадніка разумнымі, але хітрымі, як у старога чорта, вачыма, сцёр далоняй з лаўкі пыл і запрасіў Беразоўскага сесці.