— На зіму пасялю тут парабка. Пастаўлю ложак, і няхай спіць.
— А дзе ён спіць цяпер?
— У свірне, пане Беразоўскі.
— Я сёння сустрэў яго па дарозе ў сяло Чыжэвічы.
— Ён, пане Беразоўскі, пайшоў не ў Чыжэвічы, а ў маёнтак.
Беразоўскі кіўнуў.
— Часта ён туды ходзіць?
— Кожную нядзелю.
— Да каго ён туды ходзіць?
— Да Станіслава Вярбіцкага, пане Беразоўскі, да механіка.
— А з кім ён яшчэ там сустракаецца, не ведаеце?
— Гэтага я пакуль што не ведаю. Трэба думаць, што з сябрамі Вярбіцкага. А Вярбіцкі, пане Беразоўскі, чалавек небяспечны. Я ведаю яго даўно, яшчэ з тае пары, як быў там аконамам. Ён мала гаворыць, але многа думае, і парабкі яго слухаюць. Ён і мне не раз падстаўляў нагу ў маёнтку.
— А як ён яе вам падстаўляў, пане Халуста?
— Ат,— Халуста махнуў рукою.— Ён, пане Беразоўскі, ніколі не быў за мяне, а заўсёды за парабкаў. Сацыяліст, я інакш не думаю. І Якаў Шэмет таксама сацыяліст.
— Чаму вы так думаеце, пане Халуста? Такое меркаванне трэба пацвердзіць фактамі.
— Фа-актамі! — скрывіўшыся, прамовіў Халуста.— Якія вам трэба факты? Я скажу вам, што кожны парабак хоць крышку ды злодзей. А Якаў Шэмет не злодзей. Гарэлкі не бярэ і за губу. Да дзевак не валочыцца, а ён жа малады. Чым жа ён жыве? Ідэяй ён жыве, ліха матары яго! У яго ёсць ідэя: далоў цара, памешчыкаў і капіталістаў!
«А ён мае рацыю!» — падумаў Беразоўскі.
— Цяпер падумайце, пане Беразоўскі. Калі б я сёння загадаў яму дома ды нешта па гаспадарцы рабіць, то ён бы сказаў, што мае права. Ён мае права адпачываць у нядзелю. Ён, сукін сын, выгаварыў гэтае права ў мяне, калі наймаўся. Дзе ён гэтага нахапаўся? У горадзе! А адкуль жа ідзе гэтая хвароба, калі не з горада? Наш сельскі парабак ніякіх правоў не ведае. А яго ў дэпо абгладзілі сацыялісты-забастоўшчыкі. Яго і сюды даслалі для таго, каб парабкам правы ў галовы ўвагнаць. Ён жа і хацеў у маёнтак наняцца, але Гендарсан яго не ўзяў. Дык ён, ліха матары яго, да мяне наняўся, а сам кожны тыдзень у маёнтак ходзіць,— ну, хіба гэта не факты!
— Вы разважаеце правільна, пане Халуста...
— От, бачыце! У яго ж у Чыжэвічах кавалак зямлі ёсць і палова братавай гаспадаркі, то ён адказаўся і ад зямлі, і ад гаспадаркі ў карысць брата Піліпа. Што вы на гэта скажаце? Гэта ён хоча быць сапраўдным пларэ... прале... пралетарыятам... Якое сібірнае слова, проста такі катаргай... кхе, кхе... вісельняй пахне...
— А дзе вы нахапаліся такіх слоў? — запытаў здзіўлены Беразоўскі, з павагай аглядаючы пачварную постаць Халусты.
— Хе-хе-хе, пане Беразоўскі... У турме... Я быў у турме. Але не за палітыку, не, не! А з палітычнымі сустракаўся... Меў з імі справы.
— Усё гэта добра, пане Халуста, лагічна і правільна. Але ж я гэтых разважанняў не магу прышчапіць да пратакола... Дзе знаходзяцца рэчы Якава Шэмета?
— Вы хочаце зрабіць вобыск? — Халуста паківаў галавою.— Не варт... Я кожную нядзелю абыскваю яго куфэрак. І не толькі куфэрак, а і ўвесь свіран. І не толькі свіран. Я ж на сваёй сядзібе ведаю кожную дзірку... Ведаю, дзе ён ходзіць. І нічога не магу знайсці. Ліха матары яго, дзе ён хавае тыя плак... прак... сібірнае слова, ліха матары яго... пракламацыі...
Беразоўскі задумаўся.
— Каб я, пане Беразоўскі, у першыя дні паглядзеў у яго куфэрак, то нешта знайшоў бы... Але пакуль я ключ падабраў, то ён з куфэрка ўсё выняў і перахаваў у другое месца.
«Клубочак... нітачка...— думаў Беразоўскі.— Усё спынілася на адным месцы. Хоць бы маленькая зачапка... Трэба ж нешта прыдумаць».
— Вам, пане Халуста, я даручаю сачыць за Якавам Шэметам. Вы павінны даведацца, дзе ён хавае палітычную літаратуру. Я пагутару з вашымі сынамі, каб яны таксама...
— Не, не! — загаварыў Халуста, хапаючы Беразоўскага за руку.— Не, не, не, пане Беразоўскі... Гром... Гэта старэйшы, Юзік, дурны, абух абухом... А малодшы, Мікалай, звер зверам. Я з імі нават не гавару. Ліха матары іх! Адзін з дурнаты, а другі са злосці ды яшчэ возьмуць Шэмету скажуць...
«Сямейка»,— падумаў ураднік.
— Тады вы самі, пане Халуста.
— Так, так! Я сам! Я яго прасачу-у!
Халуста пакрысе пачаў рабіцца такім, якім ён быў заўсёды на людзях, і Беразоўскі не мог зразумець, дзе пачынаецца і канчаецца яго прытворства.
— А што вы думаеце пра Хаіма Ножыка, пане Халуста?
— Злодзей, шэльма, ашуканец, ліха матары яго! — закрычаў Халуста.
— Я не пра тое. Хто яго абрабаваў у Гнілой Дуброве?
— Шымкевічавы сыны! Хто больш! Яны разбойнікі!
— Як вы можаце гэта сцвярджаць?