Выбрать главу

— А хіба мяне яны не пераймалі?

— Ножыка мог абрабаваць нехта другі... А як вы думаеце: Сымона Ашакевіча яны таксама сустрэлі ў тую ноч?

— Сустрэлі! — пераканаўча сказаў Халуста.— Але ж ён не прызнаецца, сацыяліст гэты, ліха матары яго!

— І Ашакевіч сацыяліст?

— Сацыяліст! — Халуста быў у такім настроі, што кожнага, каго ён не любіў, назваў бы сацыялістам. Каб Беразоўскі запытаў у яго пра Андрэя Сташэвіча, то ён бы сто разоў пакляўся, што і Сташэвіч таксама сацыяліст, і прытым самы заядлы.

Халуста ўсё-такі пакарміў Беразоўскага, але таму нішто не лезла ў рот. Яечня была перасоленая, кумпяк смярдзеў, у кілбасах відно, што былі чэрві, але тыя мясціны, дзе яны пладзіліся, павырэзвалі нажом. А тут яшчэ позірк кульгавай Настулі, якая не зводзіла з яго вачэй, быў такі «ветлівы», што ўрадніку хацелася выскачыць у акно, як таму Гендарсану. Гарэлкі ён усё-такі выпіў і закусіў агурком.

Макар з Юзікам паспелі выпіць да гэтага і дужаліся на дварэ. Гром клаў стражніка і рагатаў так, што суседскія куры кудахталі, як шалёныя, а вароны, падняўшыся з таполяў, паляцелі ў Маргі.

...Якаў Шэмет вярнуўся з маёнтка позна ўвечары, як і заўсёды. Сабакі пазнавалі ўжо яго хаду, і ні адзін з іх не гаўкнуў. Якаў ведаў, чаго прыязджалі да Халусты ўраднік і стражнік, і зусім не хваляваўся. Ён і раней адчуваў, што Халуста за ім сочыць, а цяпер у гэтым упэўніўся. Каб ён прыйшоў удзень, гэта выклікала б падазрэнне. Халуста падумаў бы, што парабак баіцца, а калі баіцца, значыць, вінаваты. І сказаў бы гэта ўрадніку. Аб тым, што Халуста заглядае ў яго куфэрак, ён таксама ведаў і не баяўся, што пры вобыску нешта знойдуць, бо, каб знайсці літаратуру, якую ён схаваў, трэба было б ператрэсці ўсё Халустава гумно.

Перш чым легчы, Якаў закурыў. На вуліцы пачуліся цяжкія крокі Юзіка Грома, які ішоў з вячорак. Ён убачыў агеньчык ад папяросы і падышоў да Якава.

— Не спіш яшчэ?

Ён дыхнуў Якаву ў твар, і той зразумеў, што Гром сёння занёс Хаіму Ножыку паўмяха жыта.

— Не сплю, як бачыш.

— А да нас сёння госці прыязджалі. Ураднік са стражнікам.

— То ты і выпіў з гасцямі?

— Я і без іх магу выпіць... Ты паслухай, што я табе скажу.

Гром сеў з Якавам на парог і пачаў гаварыць шэптам:

— Ураднік з бацькам доўга ў хаце гаварылі. Пра што, я не ведаю. А перад ад’ездам бацька адчыніў свіран, і ўраднік зайшоў. Пытаецца: «Тут ён і спіць?» Бацька кажа: «Тут, ліха матары яго». «А гэта яго куфэрак?» — пытаецца ўраднік. Бацька кажа: «Яго». От і ўсё.

— Ну, дык што?

— Пра цябе гаварылі, бо хто ж тут спіць, акрамя цябе!

— І я так думаю.

— Я табе сказаў, каб ты ведаў. А па мне хоць ты коней крадзь, хоць пад мостам сядзі, а хлопец ты добры. Пайшлі яны ўсе к... мацеры!

— Няўжо ты думаеш, Юзік, што я магу коней красці або пад мостам сядзець?

— Ты не, а бацька мой і Мікалай могуць! — Юзік зарагатаў.— Слухай, а я яго кладу!

— Каго?

— Стражніка Макара! Лажыцца, як міленькі.

Ён павярнуўся і пайшоў у хату.

«А ўсё-такі ты не зусім згніў у гэтай хаце, Юзік Гром!» — падумаў Якаў.

  РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ

Пасля ад’езду Беразоўскага Гендарсан пайшоў дадому не сваімі нагамі. На сэрцы было так нядобра, нібы на яго ўзлілі нешта смярдзючае. Ён праклінаў гэтую краіну, у якой пачало рабіцца немаведама што.

І ці трэба здзіўляцца! Людзі, якія пастаўлены сачыць за парадкам, найгоршыя хамы. Ён злаваўся на Беразоўскага, які і грошы з яго пацягнуў, і старку яго піў, і нічога не памог. Няўдзячная свіння... Калі Гендарсан палічыў усе выдаткі, якія ён зрабіў у Слуцку і ў Старочыне, ды прыкінуў да іх тыя грошы, якія трэба заплаціць за выбіранне бульбы, то яго ахапіў жах.

Дома ён сеў за стол, загадаў Інзе прынесці кілбасы, вяндліны і так налёг на старку, што Інга пачала глядзець на яго са страхам.

— Пауль! Што ты робіш, Пауль? — запытала яна.— Ты ніколі так не піў!

Ён падняў на яе асалавелыя вочы, брудна вылаяўся і па-руску сказаў:

— Ты ест хам! Доўгі лысы хам! Ха-ха-ха!

Інга спалохалася. Яна лічыла, што муж яе вар'яцее:

— Пауль! Што ты гаворыш, Пауль!..

Яна не ведала, як абражае яе муж.

— Ідзі вон, доўгі швіня! Лысы швіня!..

Ён не бачыў, што на парозе стаіць Эльза. Яна зірнула на бацьку так, што той на нейкую хвіліну працверазеў, але потым зноў схапіў бутэльку і хацеў наліць. Эльза вырвала з яго рук бутэльку, забрала чарку і выйшла з пакоя.

— Якая свіння! — сказала яна, вярнуўшыся.— Мама, калі ён не ляжа цяпер спаць, я паклічу Пауля Квітуна, і ён яго звяжа.

— А-а-а! Пауль Квітунь!.. Гэта... гэта ест, як гэта?

Эльза схапіла яго за руку і так шматанула, што ён выскачыў з крэсла і сеў на падлогу. Цяпер ён зразумеў, што яго і сапраўды могуць звязаць, і пакорна пайшоў у спальню.