Выбрать главу

— Там ручнік! — крыкнуў у адказ Уорвік. Мішэль памахаў рукой ля вуха, маўляў, не чую. Але праз секунду зразумеў, махнуў інакш, найграна-пакрыўджана: і што, хіба я табе не знайду ручніка?

— Дзіўна, — Мішэль націснуў кнопку з лічбаю дзевяць, дзверы ліфта мякка зачыніліся, ён паплыў уверх.

Падлога ў ліфце адразу стала мокраю, з парасонаў сцякала вада.

— Што дзіўна? — не зразумеў Уорвік.

— У нас у кватэры не гарыць святло. Я гэта заўважыў яшчэ з вуліцы.

«Ну вось, — блюзнерская думка атрымала яшчэ адзін штуршок, — не хапала толькі заспець ягоную жонку з якім-небудзь каханкам», — падумаў Уорвік, але сказаў іншае:

— Мабыць, ужо лягла спаць?

Напэўна, ягоны калега не памыліўся, калі аднойчы заўважыў Уорвіку, што той кепска ставіцца да жанчын.

Але Мішэль спакойна адмоўна пакруціў галавой.

— Не. А, я здагадваюся чаму. Ды не турбуйся, мы позна кладзёмся спаць!

Мішэль першы выйшаў з ліфта, і Уорвік адразу пачуў глыбокі, крыху прыцішаны, жаночы голас:

— Ну нарэшце. Такая навальніца, як вы даехалі?

Але скандалам тут не пахла…

У маленькім холе Мішэлевай кватэры, куды яны неўзабаве ўвайшлі, было цёмна. У добра разбаўленым святле, якое пранікала з дзвярэй адкрытых на пляцоўку, Уорвік убачыў невыразны сілуэт Ірэн: высокая жанчына з доўгімі валасамі — ён у паўзмроку не заўважыў, якога колеру, — апранутая ў светлы світар. Чамусьці ў яе на плячы вісела маленькая бухта нейкага дроту.

Жанчына працягнула Уорвіку руку:

— Ірэн.

— Дэніс Уорвік, — Уорвік паціснуў ейную далонь.

Ірэн адной рукою абняла мужа за шыю, пацалавала ў шчаку.

— Зноўку? — спытаў Мішэль у жонкі.

— Ужо хвілін пятнаццаць! — Ірэн пра нешта невядомае паведаміла Уорвіку.

— У нас чамусьці стала гаснуць святло, — патлумачыў Уорвіку Мішэль, — толькі ў нашай кватэры, ужо чацвёрты раз.

— Пяты! — удакладніла Ірэн, амаль непрыкметная ў цемры. — Але так доўга — першы раз.

— Заўтра трэба будзе выклікаць брыгаду, хай рамантуюць, пакуль мы ўсе не згарэлі тут.

— Ну не стойце на парозе, праходзьце, — раптам схамянулася Ірэн. — Я пайду пазычу агню ў суседняй пячоры, — сказала яна і хутка выйшла на пляцоўку.

Уорвік нарэшце зразумеў навошта патрэбны дрот, які вісеў на ейным плячы.

Найгоршыя ягоныя чаканні не спраўдзіліся, ён зноўку адчуў палёгку.

Мішэль за руку зацягнуў яго ў нейкі пакой, хутчэй за ўсё гэта была сталовая. Натуральна, гаспадар цудоўна арыентаваўся ў нетрах сваёй кватэры, праз некалькі секунд Уорвік ужо сядзеў каля стала на крэсле, якое яму падсунуў Мішэль.

Неўзабаве ля ўвахода пачуўся рух — гэта вярнулася Ірэн, і амаль адразу ў холе разлілося маленькае жоўтае возера святла.

Ірэн увайшла на кухню, трымаючы ў руцэ лямпу на доўгім складным кранштэйне, і Мішэль адразу ўзяўся прыкручваць яго да стала. Па сценах замітусіліся доўгія цені.

— Я зараз кавы ад суседзяў прынясу, — сказала Ірэн, і Уорвіка зноў ахапіў прыпознены параксізм ветлівасці.

— Можа, не варта іх турбаваць так позна? — сказаў ён.

— А, нічога! — махнула Ірэн рукой, — гэта нашыя сябры, — і дадала ўжо з парога: — Яны таксама не спяць.

— Каторы час? — спытаў Уорвік, каб запоўніць паўзу.

— Неістотна, — Мішэль мыў рукі, — палова на першую, прыкладна. Хвілін пятнаццаць, і пакладзём цябе спаць.

Уорвік уладкаваўся як зручней, абапёрся локцямі аб стол, выцягнуў ногі. Сёння ў гатэлі ён прачнуўся ў шэсць гадзін, затым быў сняданак, потым — офіс, затым яшчэ адзін, і абед — афіцыйны, а калі згадаць, што ўчора ён лёг бліжэй да раніцы… Стома павольна авалодвала ім, і Уорвік амаль машынальна правёў рукою па лобе, нібы спрабуючы сагнаць сон.

Ірэн вярнулася ад суседзяў з гарачай кавай, моўчкі разлівала яе па філіжанках; Уорвік праводзіў занямелымі пальцамі па скронях. Яму зноўку пачало здавацца, што плынь часу спынілася, як вада ў ручаі перад нечаканай перашкодай, і час пакінуў рэчышча, выйшаў з берагоў, пацёк у іншым кірунку. Замест таго, каб у чэраве самалёта ляцець ва ўчарашні дзень, ён сядзіць на кухні, і тут усё дзіўна і незвычайна: таемна згасла святло, новы сябар, доўгавалосая і даўганогая ягоная жонка, суседская кава, прыгарадны парыжскі дождж.

Уорвік аглядаў кухню: спакойны, таксама стомлены, Мішэлеў твар, Ірэніны рукі, выхапленыя з цемры жоўтым святлом і яму падабалася гэтая пазачасавая сітуацыя — сем гадзін адпачынку ад сапраўднага жыцця.

Ірэн нарэшце села за стол побач з Мішэлем і насупраць Уорвіка, і той убачыў яе твар. Ён зірнуў на Ірэн спадылба і раптам самлеў. Цуд, той самы цуд, які пачаўся ў аэрапорце, гульня ў хісткасць рэальнасці працягвалася. Але ён толькі што перайшоў у іншую фазу: цяпер не трэба было нават заплюшчваць вочы, каб падоўжыць дзеянне магічных сіл. Уорвіка здзівіла нават не Ірэніна прыгажосць — незвычайная, рэзкаватая, як выклік стэрэатыпам — кашэчыя вочы, смелы прамы нос. Ірэн, бясспрэчна, была прыгожая, вельмі прыгожая жанчына — але здзіўляла, ашаламляла не гэта…