Выбрать главу

— Мне здавалася, што яна рухаецца!

— І ты плакала. І ты з такім замілаваннем на яе глядзела! І я тады зразумеў, я адчуў, што гэтая жанчына ніколі не будзе ад мяне залежаць! І ні ад каго ніколі не будзе залежаць. Ты стаяла перад Афінай, а я глядзеў на цябе…

Я ніколі не бачыў, каб хто-небудзь плакаў перад скульптурай. І я зразумеў, што калі ў чалавека ў сэрцы жыве такая любоў.

— Ты на мяне паглядзеў — вось такімі вачыма! Як маленькі хлопчык. Так глядзяць толькі маленькія дзеці. Вось такімі вачыма! — твае мазгі былі відаць праз зрэнкі!

— І я тады зразумеў.

— І я тады зразумела.

Зноўку патрапіўшы ў такт адно аднаму, яны прыпыніліся. Уорвік уважліва глядзеў на іх, не адчуваючы няёмкасці.

— Дык вось. Вось з таго моманту мы і ўбачылі адно аднаго.

— Калі мы толькі-толькі сустрэліся, мы хацелі схлусіць.

— Падмануць.

— А потым мы вырашылі павянчацца ў царкве.

— У касцёле.

— Я праваслаўная.

— А я каталік.

— Я не змяніла веры — бо я не веру ў агульнапрынятым сэнсе. Можна мяняць рэлігію, калі ты быў ёй адданы, а я не была верніцай. Гэта была даніна традыцыі — я паходжу з краіны, дзе пануе праваслаўе.

— Я таксама не адданы каталік.

— Але мы вырашылі пайсці ў царкву.

— У касцёл.

— Каб сказаць адно аднаму нешта важнае.

— І мы сказалі.

— І мы не схлусілі.

— Мы не падманулі.

— Нехта, — Ірэн зрабіла акцэнт на слове «нехта» — зусім не ўлічваў нашых намераў! Нас абралі!

— Нам пашанцавала.

— І ўсё перамянілася.

— Мы змяніліся.

— Поўнасцю! Я была такая. незалежная. Вельмі незалежная. І жорсткая. І нават злая.

(Уорвік адчуў ейны нястрачаны славянскі акцэнт: Ірэн вымаўляла гук «ж» занадта цвёрда, і, нібы ведаючы гэта, цягнула яго, спрабуючы выправіць памылку, і слова «злая» выходзіла ў яе шыпячым як змяя: «mechhhante»!)

— А я быў такі. разбэшчаны хлопчык!

— Проста распуснік!

— І мы перамяніліся.

— Мы сталі спакойнымі.

— Упэўненымі.

— Шчаслівымі.

— Мы сталі такімі. здольнымі жыць.

— А. як вы. — Уорвік шукаў словы, і не мог знайсці, — як вы мяркуеце. цяпер. З досведам мінулага жыцця. Ці можна жыць без гэтага?

— Можна! — упэўнена, аднагалосна, сцвердзілі Мішэль і Ірэн.

— Можна.

— Але складана.

— Трэба працаваць над сабой.

— Няспынна.

— Штодня.

— Гэта складана.

— Як бегаеш у замкнёным коле.

— У той час як трэба жыць, а ты замест таго, каб жыць, змагаешся з сабой!

— А мы цяпер жывём.

— Нам пашанцавала.

— Проста так.

— Мы не спадзяваліся.

— Мы адчаіліся.

— Мы, мабыць, не заслужылі, а цяпер мы такія.

— Шчаслівыя.

— Як багі!

— Мы жывём.

— Усё перамянілася, усё, усё! Жыццё набыло іншы сэнс. Як мне цяпер здаецца, адзіны магчымы сэнс. Мяне не хвалююць ні грошы, ні праблемы з працаю. Я гляджу на Ірэн і не разумею: прыгожая яна ці не? Мне здаецца, што яна адзіная жанчына ў свеце, іншых проста няма, мне ўсё адно, якога колеру ў яе валасы, калі б яна адрэзала вушы, я не заўважыў бы.

— Я блытаю, дзе я, а дзе — Мішэль! Калі ён з’язджае, мне здаецца, што гэта я з’ехала!

Яны глядзелі адно на аднаго, Мішэль глядзеў на Ірэн, Ірэн глядзела на Мішэля, Уорвіку здавалася, што яны абменьваюцца жыццём праз гэты позірк. Яны павярнуліся да яго.

— Такое бывае.

— Такое здараецца.

— Гэта здарылася.

— З намі.

— Мы не ведаем, як.

Запанавала цішыня, за акном шоргала па падаконніку залева. Час стаяў у пакоі, як вада ў возеры.

— Мо спаць?

Ірэн не перамяніла тону, яна вымавіла гэтае простае пытанне гэтаксама спакойна, як кагадзе расказвала пра звычайны цуд.

Звычайна пасля такіх шчырых размоў паміж незнаёмымі людзьмі ўзнікае няёмкасць, але гэтая размова не была звычайнаю.

Уорвік ляжаў на канапе, бязмэтна глядзеў у белаватую столь і думаў, што не зможа заснуць. Мішэль і Ірэн — іх імёны цяпер немагчыма было адасобіць — нібы пачаставалі яго не ліпкаю каваю, а ледзяной, празрыстай крынічнай вадою, падзяліліся з ім жыццядайнаю вадкасцю, і ён баяўся страціць хаця б кроплю яе. Уорвік ляжаў і думаў. Ён думаў пра тое, што людзей, злучаных вось такім каханнем, начамі катуюць зусім іншыя дэманы, чым яго. Не тыя дробныя, а злосныя, гэта чэрці адзіноты, якія, калі ўжо прыстануць, дык прыстануць, якіх колькі не адштурхоўвай ад самотнага ложка, а яны ў шаленстве ўсё роўна скачуць вакол, зрываюць цёплую коўдру… А дробныя чэрці адзіноты ў гэты час крывяць звярыныя пысы ды цягнуць іклы да твайго мяккага горла.