Выбрать главу

Не, шчасліва каханым людзям не страшныя такія непрыстойна дробныя чэрці. Да такіх людзей уначы, напэўна, прыходзяць іншыя, сапраўдныя дэманы. Спакойна, з усведамленнем уласнае магутнасці, яны моўчкі стаяць над ложкам ды пасміхаюцца: ніколі, ніколі вам дваім не стацца адным чалавекам! Якімі моцнымі ні былі б вашыя абдымкі, вы ніколі не здолееце зліцца ў адно, хіба толькі пасля. Пасля ўсяго.

А ў чалавечым жыцці. Вам, разлучаным, адасобленым — ніколі не пазбыцца страхаў за сваю другую палову! Наколькі розным бывае чалавечае шчасце! — і ці бывае яно ўвогуле?..

Уорвік не спадзяваўся заснуць, але заснуў. Ён прачнуўся ад таго, што нехта і настойліва нешта яму шаптаў і кратаў за плячо.

— Прачынайся… Шэсць гадзін! Прачынайся, я зараз выклічу таксоўку!

Мішэль, смешна патлаты пасля сну, нацягнуў джынсы, накінуў куртку, пайшоў правесці Уорвіка да таксоўкі. Уорвік дапамагаў яму выцягваць з багажніка кофр, які ўчора яны там пакінулі.

Неба было чыстае-чыстае, быццам вымытае ўчорашняю навальніцаю. Уорвік паспеў заўважыць, што не кожны дзень над Парыжам, ахутаным смогам, уранку бывае такое чыстае, маладое неба.

Перад тым, як развітацца, яны абняліся.

— Прыязджай, — сказаў Мішэль.

— Абавязкова, — паабяцаў Уорвік.

Ён адчуваў, што не проста вымаўляе словы, а насамрэч абяцае сябру прыехаць.

— Прывет Ірэн! — сказаў Уорвік, калі таксі кранулася.

Мішэль, ужо аддалены затаніраваным шклом, кіўнуў галавой: ну вядома ж!

У машыне Уорвік спаў. У аэрапорце ягонае цела яшчэ захоўвала прыемную млявасць, спакойнае цяпло начнога сну, але дакучлівай санлівасці Уорвік не адчуваў. Па зале ў кірунках, вызначаных указальнікамі, рухаліся абцяжараныя багажом людзі. Уорвік, у хвалюючым прадчуванні блізкага неба, падняў вочы на табло, і раптам лямпачкі падміргнулі і выдалі яму такі, аказваецца, нескладаны шыфр: «Бог ёсць».