Выбрать главу

— Госць, пэўна, галодны!

Башлыкоў, ужо без шыняля, танклявы ў сіняй гімнасцёрцы, перацягнутай шырокім бліскучым поясам, уціснуўшы пад пояс пальцы, адвёў складкі назад, адказаў няцвёрда:

— Паабедалі…

— Кажыце! — не паверыла Параска. Бадзёра супакоіла: — Нічога! Мы зараз з Ганнай арганізуем! Уміг!

Вясёлая, дзейная, пацягнула Ганну на кухню.

— Ты што ж гэта? — зашаптала з папрокам, пасяброўску. — Так сустрэць! Самога Башлыкова!

— А што ж — лістам перад ім слацца?

Шчыра прызналася:

— Усё глядзела, гадала: што ў ім такое, асобае?..

Параска не стала слухаць, перабіла. Не да гаворак цяпер. Уткнулася галавой у печку, адсунула засланку:

— Што тут у цябе? — У скаварадзе — бабка, з чыгунка, ледзь узняла покрыўку, вырваўся духавіты, нецярплівы пах баршчу. Голасна, давольна, каб, пэўна, чуў і ён, прамовіла: — От добра! — Распарадзілася шчодра і неадхільна: — Усё, што ёсць, — на стол! — Дадала шэптам, па-змоўніцку, як бы тлумачачы: — Настрой у яго — бачыш які?

— Гарэлкі, можа, дастаць? — параіла пошапкі ж Ганна, завіхаючыся ўжо каля печы.

— Гарэлкі! — Параска пакруціла галавой: прыдумала! Шэптам, стрымліваючы смех, гулліва падахвоціла: — Пастаў! Пакажы яму! Пабачыш, што ён скажа!.. — Сур'ёзна ўжо растлумачыла: — У рот не бярэ! Добрай нават. Завадской!.. Тым больш — у такі дзень!

— Глядзела я ўсё, глядзела на яго, — зноў вярнулася Ганна. — Нічога ў ім такога, асобага… — Яна нібы чакала, што Параска растлумачыць. Ёй чамусьці карцела гаварыць пра гэта. Параска, што памагала ёй, быццам не чула яе. — Чаму ён такі пануры, недавольны. Няўжэ з-за етаго, з-за калгаса?

— Нічога ты не разумееш! — толькі і сказала Параска на яе шчырасць. І тонам адказу, і адказам спыніла Ганну: не да гаворкі цяпер. Загадала па-прыяцельску: — Давайма жыва ўсё на стол!

Убегла ў пакой. Кнігі, сшыткі са стала — на падаконнік. Стол — ад сцяны. На стол — чысты настольнік.

— Вось так! Пачатак ёсць!.. — Кінулася на кухню, унесла бохан хлеба, нож. Загадала ўжо Башлыкову: — Памагайце!

Ён паказаў на рукі, яна спахапілася.

— Ганна! Госцю трэба памыцца! — Папрасіла Башлыкова: — На кухню, калі ласка…

Башлыкоў выйшаў. Расшпіліў гузікі на рукавах, закасаў іх па локаць. Расшпіліў каўнер, адсунуў яго ад шыі, нахіліўся над тазікам. Ганна зачэрпнула карцом з вядра, асцярожна — каб не абпырскаць! — стала ліць на яго далоні. Яны стаялі нязвычна блізка, галовы іх амаль сыходзіліся, было ў гэтым штосьці неспадзявана дамашняе, свойскае — ад гэтага ўсярэдзіне ў Ганны нешта чула насцеражылася. Ёй кінулася ў вочы: рукі яго, з цёмнымі валаскамі, былі белыя, далікатныя. Шыя, акуратна паголеная, загарэлая вышэй за каўнер, ніжэй была таксама белая і кволая. Зусім юначая. Штосьці мяккае, жаллівае няпрошана ўвайшло ў яе чуласць.

Ён то паслухмяна выцягваў жменькай далоні, то старанна цёр мылам рукі, шыю. Не падымаў галавы, не глядзеў на яе, рабіў усё моўчкі, але і ў ім, здалося ёй, паявілася раптам тая ж чуласць блізкасці. Без слоў, без позіркаў на час штосьці як бы ўзнікла між іх.

Падаючы ручнік, яна старалася не глядзець на яго і паказвала сябе абыякавай. І ўсё ж, здалося, улавіла няпросты, пільны яго позірк.

— Дзякую, — сказаў ён, падаючы ручнік. І ў тым, як сказаў, пачулася таксама незвычайнае.

— Ну, памыліся? — уварвалася ў кухню Параска.

— Як абнавіўся, — ён гаварыў спакойна, стрымана, але Ганна адзначыла ўдзячную нотку ў яго голасе. — Вада — добрая, свежая. Мабыць, нядаўна з калодзежа.

— Нядаўна, — Ганна стаіла сябе.

Вярнуліся ў пакой Параскі. Башлыкоў, зашпілены ўжо на ўсе гузікі, стройны, прычасаўся, стаў як бы сваім у пакоі. Параска намерылася запрасіць за стол, калі схамянулася:

— Гуркі ў нас, капуста — аб'ядзенне! Можа, любіце?

— Люблю.

— Тады — даставім! Яны тут — у пограбе!

Параска з Башлыковым удваіх узнялі за колца века ў падлозе на кухні. Ганна спусцілася ў прапахлы зямлёй халаднаваты прыцемак, падала Парасцы адну талерку, другую: гуркі і капусту-шаткаванку. Калі ўзнялася па лесвічцы, Башлыкоў працягнуў руку, памог выйсці. Рука была моцная, гарачая.

Селі за стол, сабраліся вячэраць, і тут Параска з усяе сілы стукнула рукою па стале. Глянула на госця з адчаем:

— Прыйдзецца грэх на душу ўзяць! Карайце не карайце!

Устала і, вярнуўшыся з кухні з адважным выглядам, са стукам паставіла на сярэдзіну стала пляшку наліўкі.

— От ён, мой грэх!

Яна тут жа хітра змяніла кірунак гаворкі: