Выбрать главу

— Вада, закрашаная вішнямі! Для дзяцей хіба!

Апярэдзіла Башлыкова.

Башлыкоў, што хацеў быў штосьці сказаць, няўпэўнена прамаўчаў. Моўчкі, не ўхваляючы, але і не пярэчачы: пэўна, з далікатнасці становішча госця, сачыў, як паставілі чаркі, як налілі, па абавязку чокнуўся. Але выпіў да дна. І нават дазволіў сабе стрымана пахваліць наліўку.

— Ат, вада ды вішні! — няшчыра запярэчыла Параска.

Вячэра пайшла ўдала. Башлыкоў, відаць, добра-такі нахадзіўся за дзень: і гуркі, і капуста, і боршч — усё было ўсмак. Наліўка аказалася проста акрасай вячэры: яшчэ тройчы бутэлька ў спрытных руках Параскі абыходзіла чаркі, пакуль Башлыкоў не прыкрыў сваю цвёрда далонню. Даў знак, што — даволі. Упіцца гэтай вадою не ўпіліся і жанчыны, а ўсё ж наліўка зрабіла сваё. Хмель на час разгладзіў твар нават Башлыкова, які тут, за сталом, сярод павесялелых, незласліва кплівых жанчын, ужо не так паныла глядзеў на свет.

Ён помніў сябе і цяпер: ніякіх жартаў асаблівых не дазваляў сабе; Параску распытваў пра тое, як даводзіцца працаваць, ці хопіць дроў, ці памагае сельсавет, як наведваюць школу дзеці. Параска адказвала то сур'ёзна, то жартам — строіла з сябе весялуху, і ён час ад часу, хоць і неахвотна, пасмейваўся з ёю. Калі ён смяяўся, здаваўся яшчэ нібы прыгажэйшым, а галоўнае — станавіўся хораша таварыскім. Нібы бліжэў.

Ганну ён не распытваў: ёй думалася — таму, што лічыў — яе няма аб чым распытваць. І праўда: пра што ён можа яе запытацца — пра тое, як яна варыць, мяце падлогу? Ад гэтага ў ёй уздымаліся, вярэдзілі ганарлівую душу рэўнасць і злосць: гарадскія, грамацеі абое! Тады мацнела, пякло нездавальненне: трапіла ў шчасце, служка, прыбіральшчыца! У ёй расла непрыхільнасць да абаіх. Уздымалася ў душы дзёрзкасць, што рвалася на свет.

— А вы, якія ў вас планы? — зірнуў нарэшце Башлыкоў на яе.

— Вялікія! У мяне кожны дзень — вялікія планы! — Яна ледзь стрымлівала сябе. — Пойла зрабіць. Карову накарміць. Падаіць. Печ выпаліць. Выпаліць грубкі. Памыць падлогу…

Ён адчуў яе настрой. Зніякавеў крыху, хацеў паправіцца:

— Мне здаецца, вы да большага здатны…

— Мало што можа здавацца! — нелагодна перабіла яна. Цішэй ужо, стараючыся вярнуць спакойную кплівасць сваю, дадала: — Гэта так — з выгляду я такая. Нібы разумная. А папраўдзе…

— Ганна! — знарок весела папракнула Параска, якая дасюль са здзіўленнем углядвалася ў Ганну. Засмяялася знарок: — От выдумала!

— Чаго выдумала! Ці ж не такая я?

— Вы — граматная? — пастараўся прытушыць спрэчку Башлыкоў.

— Дзе там! Навука не па мне. Галава не тая.

— А вы вучыліся?

— А няўжэ ж не?

— Брэша яна, брэша! — абурылася Параска. — Розуму ў яе — на пецярых. Доля ў яе от — няскладная…

— Ах, Параскева Андрэеўна! Ну нашто вы ето! Доля. Ці доля — горб ад Бога? Доля — ад чалавека! Ад розуму!.. — Стрымана, кпліва папракнула: — Нашто хлусіць таварышу сакратару. — Яна раптам ветліва, гасцінна зірнула на госця: — Ешце бабку! Не крыўдуйце!

Башлыкоў больш не распытваў яе. Яна хоць тым была давольна: не хапала, каб ён палез у яе долю, вучыць стаў, што трэба было рабіць, а чаго не трэба! Параска, выхопліваючы момант, калі Башлыкоў не глядзеў, пакручвала нядобра галавой: што ты гэта выдумала? Але яна падавала выгляд, што не разумее Парасчыных знакаў, старалася хаваць неспакой. Зрабіла тое, што трэба было. Дайшло там да іх ці не дайшло, а хоць сябе паставіла як належыць.

Спрэчка гэта, раптоўная злосць, што яшчэ жыла ў ёй, аддалілі зноў Башлыкова. Цяпер ужо і знаку не было той дзіўнай паразумеласці, якая чулася там, на кухні, і спачатку тут, за сталом. Тое насцярожлівае, што паявілася раптам тут, было зусім іншым, яно адразу аддаліла, зрабіла іх чужымі.

На хвіліну Параска кудысьці выйшла, і, калі яны засталіся адзін на адзін, гэта насцярожаная чужасць адчулася яшчэ вастрэй. Нядобрае, нацятае было маўчанне…

Ганна была давольна, калі Параска вярнулася. Параска ўмомант разагнала маўчанне.

4

Калі скончылі вячэраць, Ганна ўзялася прыбіраць са стала. Параска весела памагала ёй: прыбрала тое, што Ганна не змагла забраць, услед за ёй вынесла ў кухню.

Яна амаль адразу ж вярнулася да госця, а Ганна засталася на кухні — мыла, выцірала посуд, складвала на палічцы над лаўкай. Яна хутка скончыла гэта, спынілася ў роздуме — што цяпер рабіць? Можна было б вярнуцца ў Парасчын пакой, але яна тут жа стрымала сябе. Чаго ёй тырчаць там з імі? У іх свой інтарэс, свая гаворка.

Яна, хоць старалася не слухаць, чула: у пакоі гаманілі. У роўную, скупую на словы гаворку госця ўнізваўся звонкі, знарок вясёлы і ўпэўнены Парасчын галасок. Госць, адзначыла, гаварыў мала, гаворка ішла ўвесь час з перапынкамі, але гэтыя маўчанкі, што раз-пораз наступалі там, хвалявалі Ганну больш за гаворкі. Мабыць жа, не так сабе яны маўчалі.