Выбрать главу

— А вы, цётко Мар'я, чаму не ідзеце? — паглядзеў Барыс у пакой.

— А чаго я там не бачыла? — адказала пракураным голасам Гечыха.

— Выбіралі. Значыць — трэба ісці.

Гэчыха адрэзала:

— А я не хочу!

Ускінуўся і адразу аціх смех. Барыс намерыўся ўступіць у спрэчку, але Апейка даў знак: не трэба. Пачынай сход.

Барыс стрымаўся. Памаўчаў, настроіўся на іншы лад.

— От што мы нарабілі з вамі, дзядзькі і цёткі, — пачаў ён засмучона, такім тонам, быццам запрашаў усіх раздзяліць агульную, вялікую бяду. — Нарабілі такое, што на ўвесь раён шум пайшоў. Усё раённае кіраўніцтва кінуло другія справы і зразу прыбуло к нам у Глінішча. На ўсё Глінішча мы палажылі пляму перад цэлым раёнам. Просто сорамно глядзець у вочы людзям. Што пра наша Глінішча ідзе такая слава. Што ў нас такі несазнацельны народ… Трэба адумацца, пакуль не позно!

— Хто шчэ хоча сказаць? — павёў ён вачыма па зале.

— Дай мне! — устаў з падаконніка Дубадзел. Яшчэ да таго, як Барыс даў згоду, Дубадзел рушыў да стала прэзідыума.

Момант стаяў моўчкі, сярод нацятай цішыні. Выцягнуў шыю, ускінуў галаву, рашучы, адважны.

— Граждане, а такжа гражданкі сяла Глінішча! І асобенно — калхознікі, якія ўчора разабралі сваю маёмасць і тым самым выйшлі з калхоза «Рассвет»! — Голас яго быў поўны настойлівасці і закліку. Нервова абцягнуўшы зашмальцаваны картовы пінжачок, Дубадзел, вастраплечы, з касцістым тварам, на якім крывіўся, торгаўся сіняваты шрам, імкліва кінуўся ў наступ: — Тут ужэ ў сваім выступленні Барыс Казачэнко, які выступаў перада мной, правільно сказаў, што вы сваім учарашнім паступкам паклалі пляму на ўсё сяло. Але ён не сказаў, што ета пляма, якую вы ўчора паклалі, легла не толькі на ваша сяло, а легла яна і на ўвесь сельсавет, Алешніцкі сельсавет, а такжа і на ўвесь Юравіцкі раён. Бо сваім паступкам, усім тым, што вы зрабілі, а іменно — тым, што вы самавольно расхваталі ў прошлом часных коней і кароў, а такжа свае ў прошлом часныя калёсы, плугі, бароны і ўвесь іншы абагулены інвентар, вы паказалі ўсяму народу, якое ў вас яшчэ мужыцкае, некалхознае нутро. Якое думае толькі пра сваю выгаду і якому напляваць на тое, што робіцца ў перадавом нашым раёне і ў нашым окрузе, а такжа ў нашым Савецкім Саюзе, які ў даны мамент акружаны з усіх бакоў рознай буржуазіяй, якая з усіх сіл стараецца задушыць наш Савецкі Саюз, а іменно — стараецца, штоб сарваць нашу пяцілетку, нашу індустрыялізацыю і калекцівізацыю, якія наносяць ёй смярцельны ўдар!

Дубадзел гаварыў амаль без прыпынку, усё высокім голасам — вінаваціў, заклікаў. Па тым, як ён гаварыў, адчувалася, што для яго не так важныя самі словы, думкі, якія ішлі часта без ладу, паўтараліся, — колькі тон прамовы, той запал, якім ён не даваў прытухаць ні на секунду.

— От рэжа! Як рэпу грызе! — сказаў нехта каля Ганны, у прыцемку калідора. Яна ўлавіла ў голасе непрыхільнасць.

— Стараецца! — адгукнуўся хтосьці іншы, хрыпаты, прастуджаны. — Прапіўся, паляцеў з сельсавета, дак цяпер са скуры лезе!

— Начальство ж унь, побач сядзіць! Заўважыць можа!

— Аж ахрып! І патыліца — умокла!..

Патыліца, праўда, мокла ад поту, Дубадзел нецярпліва раз-пораз выціраў яе далоняй. І хрып, што далей, то больш: усё часцей вымушан быў прыпыняцца, пракашлівацца. Але і не думаў канчаць гаворку. Ганна не першы раз дзівілася яго настойлівасці і ўпартасці. Здзіўленне яе, як і ў тых, што смалілі цыгаркі побач у прыцемку, было не толькі без якой-небудзь спагады, а рэзка непрыхільным: за ўсім тым, што гаварыў Дубадзел, увесь час адчувала яна жывога яго, даўно ўжо і непрыемна знаёмага ёй. «Даў жа Бог сілу чалавеку і зацятасць!..» — думала яна з насмешкай, цярпліва чакаючы, калі ж ён зможацца. Водзячы вострым позіркам па тварах людзей, што сядзелі ў пакоі, яна бачыла, што многія з іх таксама амаль не слухалі і чакалі таго ж самага. Вельмі ж добра вядома была ўсім асоба гарачага прамоўцы! Ганна захацела пабачыць, як слухае Дубадзела Башлыкоў, але з калідора відна была ёй толькі спіна. Усё ж яна суцешыла сябе: «Етаго не правядзе, пэўне! Еты бачыў ужэ такіх, не інакш!..»

2

Гайліс пасля Дубадзела загаварыў, здалося, незвычайна спакойна, ціха. Выпрастаны, у вайсковым кіцелі, з акуратна зачасанымі назад русявымі валасамі, стаяў ён за сталом і нехапатліва, старанна вымаўляючы кожнае слова, выразна выказваючы кожную думку, разважаў: