Выбрать главу

Мачыха ўзрадавана заспяшалася насустрач. Бацька замітусіўся, узяў з воза клунак, таксама пайшоў хапаючыся, быццам баяўся спазніцца. Мачыха паздаровалася, пацалавалася, бацька ад хвалявання толькі любасна, жаласна заморгаў вачыма.

— Мы тут падушку ды коўдру прывезлі, — сказала дзелавіта мачыха. Яна трымалася спакойна, з такім выглядам, быццам нічога і не здарылася асаблівага.

— От ето добра, — спакойна ж адказала Ганна. Са спакойнай жа гасціннасцю запрасіла: — Заходзьце. Гасцямі будзеце!.. Дайце мне клунак, тато!

— Да ўжэ данясу, — не згадзіўся бацька.

Яна першая пайшла ў калідор, у баковачку кухні. У кухні заўважыла: мачыха, прыціхлая, пільная, азіраецца, разглядвае ўсё навокал, бацька стаіць няёмка, не зварухнецца — трымае на руках клунак. Ганна ўзяла клунак, ускінула на печ, каб не маўчаць, растлумачыла:

— Ето — кухня. Тут я гатую…

Мачыха кіўнула спрытнай галоўкай:

— Аге.

Падала абаім табурэткі. Бацька сеў асцярожна, сядзеў напружаны, не зводзіў з Ганны ўважлівых, спачувальных вачэй. У пакой убегла вясёлая, з бляскам у вачах Параска, мачыха адразу падхапілася, дала «добры дзень». Устаў, пакланіўся бацька.

— Ето бацько з маткаю прыехалі, — сказала Ганна.

— Праведаць захацелася… — памагла мачыха.

— А-а! Я так і падумала! Як пабачыла, што ідуць, — рашыла: не інакш — бацькі!.. Вельмі добра! — пахваліла яна так, быццам прыехалі да яе. — Сваякі не павінны забывацца на сваіх!

— Хто ж думае… — падхапіла мачыха.

— Я і кажу — вельмі добра!.. Толькі што гэта вы сядзіце так? Чаму гэта вас не просяць распрануцца? Не частуюць чаму? — Бацька сказаў, што нічога не трэба, але Параска слухаць не хацела: — Ганначка, самавар гасцям! Чаю з варэннем клубнічным!.. — Яна прыслухалася: з класа, які яна пакінула, ішоў гоман, недавольна пакруціла галавой: — На хвіліну пакінуць адных нельга! — Выскачыла з кухні.

Мачыха сказала, як бы не верачы: харошая якая. Ганна адазвалася з захапленнем: харошая! Схамянулася, падбегла да самавара, дастала з печы гарачага вуголля, укінула ў трубу. Пакуль яна гнулася каля самавара, мачыха не ўтрывала, прыадчыніла дзверы ў Парасчын пакой, зазірнула. Зачыніўшы, стуліла сухія губы, паківала галавой Чарнушку:

— Чысто, як у паноў!

Яна хацела глянуць і ў другі пакой, Галіны Іванаўны, але раптам зазвінеў званок, і яна спалохана адскочыла ад дзвярэй. Борздзенька села на табурэтку, ураз нагнала на сябе выгляд ціхі, нясмелы. Адразу пасля гэтага ўвайшла Галіна Іванаўна, нелагодна зіркнула на абаіх, моўчкі прайшла ў свой пакой. Пазней зноў зайшла Параска, стала распытваць, як жывецца, хваліць Ганну за працавітасць, за розум. У калідоры між тым бушавалі тупат, крыкі, потым — было падобна — пачалася нават бойка. Параска ўсхапілася, кінулася туды…

Пасля перапынку, калі Галіна Іванаўна зноў моўчкі прайшла праз кухню і ў калідоры стала ціха, распрануўшыся ўжо, асцярожна налівалі ў сподачкі чай, сёрбалі і амаль увесь час маўчалі. Мачыха піла ўпраўна, і варэнне спытала добра, і хваліла яго, бацька цягнуў ваду без смаку, да варэння не дакрануўся. Глядзеў усё жаласнымі, трывожнымі вачыма; па вачах відаць было, як шкадаваў, трывожыўся. Ганне аж супакоіць яго хацелася.

Напіўшыся, выціраючы яшчэ чырванейшы, потны твар, мачыха хвіліну сядзела важная, сур'ёзная. Як бы паказваючы, што цяпер пара пра галоўнае пачаць.

— Буў ужэ?.. — не то запытала, не то адзначыла проста. Ганна зразумела — пра Яўхіма гаворыць.

— Буў.

Мачыха сур'ёзна стуліла губы. Уздыхнула.

— І к нам прыходзіў. Гразіўся.

— Няхай грозіцца! — Ганна весела ўстала, накрыла слоік з варэннем. — Тут таксамо страшыў! Да я астудзіла трохі!

Бацька не павесялеў ад яе слоў. На твары паявілася нешта нават такое, нібы папракнуць хацеў.

— Ты асцярожней будзь, — папрасіў лагодна. — Ён — паганы…

— Аге, ён калі пагразіўся, дак нешто думае, — павучальна дадала мачыха. — Ты ўсё-такі бойся!

— Не такі ён страшны, — разважліва ўжо, каб не трывожыць лішне бацьку, прамовіла Ганна.

— Страшны не страшны, а — асцярожней будзь.

— Да ўжэ ж, сама не палезу на ражон.

Зноў папілі чаю са сподачкаў і сталі збірацца. Ужо каля калёс, перад тым як развітацца, бацька яшчэ нагадаў: