Выбрать главу

— Хто тут?

Ён стаяў наводдаль, са святла ў змроку калідора ледзь відна была постаць. Яна не так пазнала, як здагадалася.

— Ты?..

Голас яе дрыжаў. Яна ўмомант захвалявалася. Узрадавалася: прыйшоў! Радасць нядаўніх сустрэч першая ажыла.

Ён паволі, таксама ўзрадаваны, падаўся насустрач.

— Заходзь!

Калі ён асцярожліва зайшоў, амаль заплюшчыўся ад святла, у яшчэ летняй шапцы, у расшпіленай свіце, яна ўзрадавана прыпала да яго позіркам, але амаль нічога добра не бачыла. На міг недарэчы заўважыла нейкі белы пыл на рукаве: снег, ці што? — і больш нічога, што б здзівіла неяк. Усё было такое знаёмае, роднае. Гледзячы на яго, яна не так бачыла, як адчувала, можна сказаць, толькі адчувала. Быццам стаялі, прытуліўшыся…

Ён, хмурачыся, няёмка, як бы недаверліва агледзеўся. Хмурыўся ён, можа, ад святла, але ёй падумалася, што яму не падабаецца тут. Яна схамянулася. Накінула на плечы хустку. Рашуча ступіла ў калідор.

— Хадзем!

Выйшлі на ганак — на цемру, на вецер. Момант здавалася, быццам нічога іншага не было, толькі спатканні. Усё было, як тады перад гумном, пад яблыняю. Як у гумне.

Ішлі хутка, нецярпліва. Нецярпліва стала. У баку ад дарогі, каб не зашкодзіў ніхто.

— Прыехаў! Не забуў! — Голас яе перарываўся.

— Не…

— Я думала, забуў!

— Скажаш!..

— Не прыязджаў доўго!

Ён памаўчаў.

— Не так просто…

Яна зразумела недагаворанае: не так проста вырвацца. Маня, матка, суседзі. Усе сочаць. Абавязкі перад сваімі. У радасць яе ўліўся нядобры халадок. Не так проста. Не так проста!

— Ты прыйшоў? — спытала стрымана.

— Прыехаў…

— З дому?

— З Алешнікаў… — Ён дадаў: — Муку малоў…

Яна запытала, абы не маўчаць:

— А дзе — калёсы?

— На вуліцы.

Узялі дрыжыкі. Пачула, які халодны вецер. Трэба было хоць бы накінуць каптан. Выскачыла згарача!

— Як ты тут? — пачула.

Смутак, трывога, любоў былі ў голасе.

— А нічого. — Пастаралася схаваць гаркату. — Жыву… Добра жыву… А — ты?

— Ат…

Многа сказала ёй гэтае «ат»!

— Маня — як? — не стрымала раўнівае.

— Што ёй…

— А сын?

— Расце…

Нялёгка было гаварыць: за тым, што казалі, было багата іншага, пра што і казаць не хочацца, і забыць не забываецца. Таму ахвотна маўчалі.

Але і маўчанне было поўнае хвалявання.

— Землю адабралі! — нібы паскардзіўся ён. Яна пачула ў голасе адчай. — Усю, што каля цагельні.

— Мне казалі, — паспачувала яна.

— Пасеянае перааралі. Міканор усё…

Ён, здалося, чакаў, што яна паспачувае. Скажа нядобрае пра Міканора. Яна не сказала. Нашто вярэдзіць лішне боль яго.

— Не знаю, што будзе, — зноў пачула адчай.

— Будзе нешто. — Спакойна, супакойліва сказала: — Горай, як було, не будзе.

Ён падумаў над тым, што сказала.

— Можа і горай буць.

— Не будзе.

Яна была ўпэўнена ў гэтым. Зноў маўчалі. Гуляў вецер, халадзіў шыю, плечы. Бралі дрыжыкі.

— Ты не абіжаішся на мяне? — прамовіў ён ціха. Як бы нясмела і вінавата. Насцярожыўся, чакаючы, што яна адкажа.

— Не-а, — сказала яна спакойна. Нібы здзівілася: — Чаго абіжацца?

Ён узрадаваўся. Памкнуўся да яе, хацеў, здалося, абняць. Але стрымаўся. Не наважыўся. Усё ж нейкая вясёласць, зухаватасць была, калі гаварыў:

— Чорт яго знае, запуталася ўсё!..

— Запуталася…

— Што будзе, адзін Бог знае!..

Ён быццам апраўдваўся перад ёю. Вінаватым усё чуў сябе, хоць яна і знаку не падавала на гэта. Нашто ён пра гэта — вінаваты не вінаваты, што ад таго? Лягчэй хіба стане?

— Як ты будзеш далей? — пачула зноў вінаватую заклапочанасць.

— А так і буду.

— Ты не абіжайся, — зноў папрасіў. — Калі б можно було!..

Ну, нашто ён гэта! Як бы яна вінаваціць! Не вінаваціць яна нікога: кожны жыве як можа. Кожны сам за сваю долю вінаваты.

— Не абіжаюся я.

Ён усё ж наважыўся. Абняў на развітанне, нясмела, нязграбна. Быццам не абдымаў ніколі. Яна не развяла яго рукі, але і не прыгарнулася вельмі. Як бы не ўзрадавалася. Ён адразу чула заўважыў гэта, стрымаўся. Дужыя, нецярплівыя рукі яго аслабелі. Абняўшы, ён нібы не ведаў, што рабіць. Стаялі моўчкі, нерухома. Было непагана, але ўжо не было так, як раней. Чагосьці ўжо не хапала. Халаднаватасць была ўжо нейкая.

Ён пацалаваў. Яна адказала. Але таксама спакойна — нібы з успаміну пра тое, што было.

— Дак бувай…

— Бувай…

Пастаяла, паслухала, як стукаюць яго калёсы ўпоцемку. Па мёрзлай, скамянелай зямлі.