Выбрать главу

Зрэшты, чаму ж, ёсьць яшчэ, кажуць, іншы варыянт: калі вы дастаткова малады й бяз комплексаў, вы можаце абвясьціць на інтэрнэце збор сродкаў сабе на дарогу, узяць заплечнік і пляншэт ды выправіцца самае меншае ў кругасьветнае падарожжа, каб даказаць сабе і астатнім, наколькі вы рэальна круты. Па дарозе, у якасьці падзякі сваім віртуальным спонсарам, вы можаце весьці штосьці накшталт дзёньніку — няважна, дзе: у галаве, сшытку, лепш адразу ў інтэрнэце — нічога такога, што хацелася б утаіць ад астатніх, ні ў вашай галаве, ні ў вашым навакольлі не адбываецца. У дзёньніку вы будзеце пісаць прыблізна пра тое, што ўсё раней прачытанае й бачанае вамі ў сеціве адпавядае рэчаіснасьці — хіба не адкрыцьцё? Не забудзьце, вядома, паказаць сябе сапраўдным патрыётам: гэта значыць, абыходзіцца з абарыгенамі як зь дзікунамі ўжо таму, што яны ніколі ня чулі пра вашую краіну. А вы ж маеце як мінімум адну надзвычайную падставу ёю ганарыцца: гэтая краіна плодзіць такіх герояў як вы! Дасьць бог, вам пашанцуе, і дзікуны не зьядуць вас за гэтае стаўленьне, ані за вашую модную кепку, гіпстэрскі выгляд, гіпэртрафіраваную схільнасьць да сэлфі і бязмэтнае глоўбдрочэрства — усім гэтым, вядома, вы выстаўляеце сябе немалой рызыцы: дзікуны ж, у адрозьненьне ад вас, не правялі некалькі гадоў у падарожжах і праз гэта а прыёры ня могуць раўняцца з вамі (як-ніяк, сучасным Магелянам) у цывілізацыйным узроўні і кругаглядзе, таму асьцярожней зь імі. Галоўнае — не затрымлівайцеся нідзе больш як на пару дзён, іначай вам там божа барані могуць знайсьці якую працу. Аднак памятайце, што вашая праца, ваш фул-тайм-джоб — гэта быць самім сабой, вы ж ня проста так зьехалі, вы шукаеце «сам сябе» — то бок тую мэдыйную зорку ў сабе, у якую ператворыцеся па вяртаньні, ну хай ня ў зорку, а проста ў знакамітасьць, самае меншае — у сымбаль свайго пакаленьня мамчыных сынкоў і дачушак роднай бацькаўшчыны, што гераічна адмаўляюцца ад хатняга камфорту дзеля таго, каб умацаваць камфорт ува ўласных галовах, ад якога не адмовяцца ніколі.

Ані гэты варыянт з кодавай назвай «творчая камандзіроўка» мне не пасаваў: знайсьці ў інтэрнэце спонсараў для мяне яшчэ цяжэй, чым спыніць «запарожац», дый пісаць рэгулярныя справаздачы для фсб, як я называю адну сацыяльную сетку, я ня ўмею. Аднак інтэрнэт нездарма ёсьць штучным мозгам чалавецтва: у асобных ягоных кутках, як я пераканаўся ў выпадку з Дамбартэрам, можна нарвацца на самую нечаканую й часам вельмі карысную інфармацыю. Гэтак, калупаючыся наўдачу курсорам у нейкіх нямецкамоўных сайтах, я і натрапіў на Балбатранс. Пэўны час у мяне сышоў на тое, каб расшыфраваць нямецкія надпісы і ўцяміць, якім чынам дарога ці не праз усю Эўропу на машыне можа наяве, а ня ў сьне каштаваць у два-тры разы таньней, чым дарога на аўтобусе, пра цягнік ня кажучы. Да мяне ніяк не даходзіла, што з гэтага мае кіроўца — аказалася, яму хапае, калі вы заплаціце яму за бэнзін, прычым у складчыну зь іншымі пасажырамі, а рэшту выдаткаў кампэнсуеце сваёй высакароднай ахвотай скласьці яму (і астатнім складнікам) кампанію. Пра такое самарытанства я чытаў апошні раз толькі ў перакладзе Сёмухі. У выніку сапраўды атрымлівалася штосьці сярэдняе між аўтастопам і таксі — з той розьніцай, што маршрут і час адпраўленьня (выгада ў параўнаньні са стопам) загадзя жалезна дамоўленыя, і што каштаваць вам гэта (у параўнаньні з таксі) будзе лічаныя эўра. Дастаткова зарэгістравацца на сайце Балбатранс.ком — і ўэлкам ін клаб. Што я на хвалі сваёй дагэтуль нечуванай, папросту панічнай рашучасьці, большай за ўсякі панічны страх, і зрабіў у той жа вечар.

8.

Яшчэ адна несумненная прыкмета старэньня — гэта калі вы нечакана для сябе пачынаеце шчыра цікавіцца надвор’ем. Лухта, што размовы пра надвор’е вядуцца з чыстай ветлівасьці: уласна, цікавіцца надвор’ем азначае цікавіцца здароўем. Але, так бы мовіць, ня толькі індывідуальным, якое ўсё болей пачынае вас даставаць, а ўсеагульным — здароўем папуляцыі, у крайніх выпадках — усіх сямі ці колькіх там мільярдаў братоў па біялягічным кшталце. То бок размова пра надвор’е ёсьць ускосным сьведчаньнем вашай раптоўнай схільнасьці да гуманізму, які наагул свомы людзям старэйшага веку — тым, хто сыходзіць, з сумам пакідаючы на гэтай плянэце тых самых сем мільярдаў гуманоідаў (ведама ж, не даляраў!), і хто гэтым сямі мільярдам не абыходзіць ніякім бокам. Вось калі б вы, сыходзячы, пакідалі на плянэце сем мільярдаў баксаў, па адным на брата па біялягічным кшталце, то кшталт надзвычай зацікавіўся б фактам вашага сыходу, і перадусім вашай спадчынай (усё той жа матэрыяльнай — а іншай і не бывае). Тады, як у кожнай сумленнай сям’і, было б узьнятае глябальнае пытаньне, каму і колькі з гэтае спадчыны павінна перапасьці. А так ваш запозьнены клопат пра здароўе чалавецтва (калі браць шырэй — самой плянэты) практычна ня мае шансаў на ўзаемнасьць. Тое ж самае з геапалітыкай: і яна ёсьць улюбёным каньком прыстарэлых, бо ім (то бок вам) ужо ня служаць, як раней, уласныя ногі, таму вы на яго й падселі, спадзеючыся, што ён падкіне вас раней за іншых у будучыню, якая ў прынцыпе тычыцца вас асабіста ўсё меней.