Выбрать главу

Можа, вы заўважалі, што на сьпіне ў «чалавека з пляцаком» (пляцачніка, як яго называюць у нас у Чэхіі), то бок на ягонай майцы ці кашулі, у такой гарачыні ад самога пляцака амаль непазьбежна, бы ў той Кафкавай машыне з калёніі, замест тэксту прысуду ўзьнікае адзіная, хіба толькі не крывёю, а ўласным потам выведзеная лацінская літара Y: выява, што насамрэч утрымлівае найглыбейшую магчымую жыцьцёвую мудрасьць, якая ў перакладзе з ангельскай гучыць: «НАВОШТА?» Калі на сьпіне ў Дона Кіхота было напісана «вар’ят», то на шырокіх сьпінах нашых сучасьнікаў зьмяшчаецца ўжо толькі адна, затое ня менш красамоўная літара — хаця там мог бы стаяць і пытальнік, у лепшым выпадку — нумар гульца ўлюбёнай футбольнай каманды. Літара Y вызначае сёньняшняга турыста-пляцачніка нашмат лепей за ягоны пашпарт, маршрут, сфэру зацікаўленьняў, сэксуальную арыентацыю й г. д. — ёю ўжо ўсё сказана. Гэтае пытаньне без адказу пляцачнік цягае з сабой па сьвеце, цнатліва прыкрыўшы яго сваім пляцаком; ён пазначаны гэтаю літарай, бы крыжам (а ў сярэднявеччы крыж і насамрэч выяўлялі ў такой форме — як ведалі). Хаця ня ўсё й не заўжды, трэба сказаць, так трагічна: час ад часу на сьпінах-плашчаніцах зьяўляюцца і іншыя сымбалі. Напрыклад, смайлік, варыянт той жа дурацкай «лічыны».

Гэта я ўсё да таго, што нелюбімыя маладымі людзьмі ўцекачы з Поўдня маюць прынамсі нейкую, і досыць сур’ёзную, мэту вандроўкі — а вось у іхным уласным гіпстэрскім бадзяньні па Эўропе я штось такой мэты не заўважаю. Таму мне й здаецца, што ўва ўцекачоў з Поўдня ёсьць нейкая, хай ня зорная, будучыня, а ў маіх спадарожных эўратулягаў, нягледзячы на ўсе іхныя бліскучыя задаткі — няма, для іх ёсьць толькі сучаснасьць, якую яны ледзь пасьпяваюць спажываць з максымальнай выгадай для сябе: так ужо з гэтым сьпяшаюцца, што неператраўленая сучаснасьць папросту лезе з усіх іхных адтулінаў адначасова. Але пытаньне густу.

Адшываючы аднаго за адным таксістаў, дакурваю (якое слова!) другую цыгарэту, — і акурат тады, калі замест лёсу маладой пары пачынаю пераймацца пытаньнем, ці дазволена тут уласна курыць, каля самых маіх, можна сказаць, ног, быццам я самае меншае кіназорка (вось яна, выгада Балбатрансу!) рэзка затарможвае не кадылак і не лімузін, а срэбная «шкода супэрб», чый кіроўца тут жа выпускае з начовак акенца шэрую вадкасьць шкла й вынырвае з глыбіняў салёну:

— Сэрвус! На Мангайм? Паехалі!

Амаль бяз словаў падпарадкоўваюся ягонаму загаду, закідваючы свой заплечнік адразу ў салён — прымушаць кіроўцу ўставаць з-за руля й адчыняць багажнік дзеля такой сьмешнай вагі было б непрыстойна. Гэтым разам, выглядае, спадарожнікаў у мяне ня будзе: немцы хаця й прыдумалі Балбатранс, але самі, здаецца, аддаюць перавагу традыцыйным відам транспарту. То бок адмаўчацца мне ўжо ня ўдасца.

11.

І ўсё-ткі сапраўды, зь якой ласкі, калі не лічыць Дамбартэру, я еду менавіта ў Галяндыю? Не, я зусім ня думаю, што кагосьці насамрэч цікавіць адказ на гэтае пытаньне — лічыце, што я проста шпіён, якому ніколі не зашкодзіць лішні раз паўтарыць сваю асабістую «легенду». На жаль, яна досыць доўгая, таму пачаць будзе лепей ужо зараз — аднекуль з дагістарычных часоў, калі мне было ажно на дваццаць гадоў меней, чым сёньня.

Гэтых самых дваццаць гадоў таму над усёй зямной куляй панавала цемра мінулага тысячагодзьдзя, дадаткова азмрочанага бясконцымі войнамі, эпідэміямі, кампутарным і сэксуальным невуцтвам. Інтэрнэтам карысталіся ў асноўным толькі ў Пэнтагоне, мабільнымі тэлефонамі толькі ў кіно, а Мазафакербэрг наагул яшчэ хадзіў у школу. Ніводны дрон не ахоўваў мірны сон нейкіх там няшчасных пяці мільярдаў насельніцтва. Ані Вікіпэдыя, ані Цвынтар да часу не азаралі сваім зіхценьнем людзкія душы. Тыя, хто хацеў даведацца праўды, вымушаныя былі сьляпіць вочы пры начных лямпадах над папяровымі кнігамі, у дадатак псуючы страўнікі неэкалягічнымі бутэрбродамі. Замест таго, каб спакойна зарабляць грошы ў сеціве ці на біржы, людзі мусілі хадзіць на працу. Узяць іпатэку было далёка ня так проста, як пазьней. Ні прагрэсіўны Іран, ні ціхмяная Паўночная Карэя яшчэ ня мелі атамнай зброі.

У Нью-Ёрку стаялі «блізьняты», у Багдадзе сядзеў Садам, у Трыпалі ўзьлягаў Кадафі, а ў Вашынгтоне хлус Клінтан пад працоўным сталом цішком даваў у рот беднай Моніцы. Ісламская дзяржава яшчэ была не абвясьціла заранкі новага сьвету. Крыважэрны Мілошавіч бамбіў Югаславію. Крым пакутаваў пад абцасам украінскага бота, а вызвольныя расейскія войскі сьціпла туліліся на базе ў Севастопалі й толькі пэрыядычна выяжджалі трэніравацца ў Чачню. Малады асілак Пуцін яшчэ толькі станавіўся на ўласныя ногі ў чарзе па ін’екцыю ботакса. Лэдзі Гага яшчэ была ня выдала ніводнага альбому, таму мэляманы былі вымушаныя задавольвацца ўсякімі Бьёркамі й Пі Джэй Гарвэямі. Сам Курт Кабэйн застрэліўся, ня вытрымаўшы ціску той жудаснай эпохі, чым асіраціў заўчасна цэлае пакаленьне — але гэта было, нагадаю, дзесьці ў ЗША.