— А далей знайшлі футры, знайшлі іншыя каштоўнасці. І, акрамя іх, залатога бычка не нашае работы, а замест вачэй — буйныя брыльянты. І каштуе гэты бычок нешта каля пяцісот тысяч — як снегу.
— Як падумаеш, то не такі ўжо вінаваты гэты п'янюга, — ціха сказаў Алесь.
— А я хіба што кажу? — сказаў Бабкін. — Ну, узяў нейкія там дзве сотні… Горш тое, што людзей пачаў страшыць — ужо гэта яму абавязкова жыцця будзе каштаваць… Дык вось далей… Пачалі ў Хрулёва і ў іншых пытаць, адкуль бычок… Выяўляецца, за год да вобыску два іншаземцы спыніліся ў гасцініцы. Адзін гуляць пайшоў, а яго таварыш і перакладчык тым часам рэчы ягоныя забраў і знік. Той вярнуўся, пачаў крычаць. Яго ніхто не разумее. Паслалі па паліцыю. З'явіўся Хрулёў, абыскаў іншаземца, дакументаў не знайшоў, са слоў нічога не зразумеў, а таму чалавечка даслаў у Бутырскі астрог, аж пакуль не выявіцца, хто ён. А выявіць гэта не было як, бо мовы гэтага чалавека ніхто не разумеў.
І вось сядзеў ён у астрозе год, а тут кража ў Мічынера. Пытаюць у Хрулёва, чый бычок. Той урэшце прызнаўся: забраў яго ў таго іншаземца. Той усё аддаваў, а бычка не хацеў, бо той бычок, па ўсім відаць, іншаземцаў бог. Таму што іншаземец той насіў яго пры сабе… І толькі тут усе ахнулі, бо гэтага чалавека ўжо год як шукаў Пецярбург. І не знаходзіў. І скандаліў. І ўсе прыкметы сыходзяцца: падарожнічаў са сваім сакратаром, знік, тварам цёмны, ідалапаклоннік, схіляецца перад залатым бычком. Словам, арапскія казкі, а не рабунак у Мічынера на Кузнецкім… Чалавека тады — з Бутырак. Прывялі — глянуць жах: вашывы, у лахманах, кашляе. Людзі, якія шукалі, — на калені перад ім. І выяўляецца, што чалавек гэты ёсць дагамейскі наследны прынц*.
* Сапраўдны выпадак. Глядзі кнігу Е.І.Казлінінай: «Запіскі старэйшай расейскай журналісткі. За палову веку. 1862-1912». М., 1913 г.
— Брахня, — сказаў Чыўін.
— Ты што, хочаш, каб я крыж пацалаваў? — сказаў Бабкін. — Не, брат, на жаль — праўда.
— А што было б, каб не кража ў Мічынера? — спытаў Алесь. — Каб Агароў быў трохі ў лепшых адносінах з Хрулёвым? Тады што было б з прынцам?
— Памёр бы ў турме, як бадзяга, — сказаў Чыўін. — Што ён, першы?… Ды ён, урэшце, і так пярхаў, як авечка. Кажуць, скора памёр… Гэта, брат, наша турма. І ўсё ў нас такое, «ад Пермі да Таўрыды»… Вось табе і дагамейскі прынц… Так што рабіце свае справы, купцы, ды хутчэй, хутчэй адсюль. А то як бы самім не трапіць.
Лямант з-за перагародак зноў ускалыхнуў паветра. «Падземны горад» скардзіўся, рагатаў, плакаў і выў.
РАЗДЗЕЛ V
Вярталіся ад Смаленскай заставы амаль у сутонні. Бабкін і начотчык не падманулі: штуцары былі навенечкія, густа залітыя маслам, калісьці, відаць, украдзеныя проста з правіянцкіх складаў, доўгія і вузкія, цяжкія, як дрымотная смерць… Кірдун павінен быў за ноч наняць гужавікоў з «цёмных» і адправіць іх.
Алесю было кепска. Нават паездка на «свежым» паветры нічога не дала: ноздры нібы ўсё яшчэ адчувалі душны, абрыдлівы смурод бубнаўскай дзіры. У вушах настойліва гучалі стогны і крык: нібы молатам валіла ў чэрап. Вырашылі трохі праехацца горадам, а потым усім ехаць вячэраць у «Стрэльну», куды пускалі і купцоў, і людзей, падобна да іх апранутых, а значыць, і Макара. Возчык быў, сапраўды, золата. У самай цёмнай трушчобе з ім было надзейна. Просты, не разбэшчаны гэтым Вавілонам чалавек з сэрцам дзіцяці і пудовымі кулакамі.
Праехалі Крэмль. Там было ўжо цёмна, і толькі на купале Івана Вялікага ляжаў яшчэ апошні адбітак дня. Коні нырнулі, нібы ў грот, у Спаскую браму. І толькі-толькі выехалі на Красную плошчу, як Чыўін спытаў Макара:
— Стой… Што такое — ніяк не зразумею.
З боку Васкрэсенскай плошчы павольна ўспаўзала на брук нейкая дзіўная працэсія. Гарэлі высока ўзнятыя паходні, ляскалі капытамі коні, блішчала шыццё.
І глуха, нібы падмочаны, бубнеў адтуль рэзкі барабанны пошчак. Абяцаў нейкую нязнаную трывогу.
— Дзіўна, — сказаў нібыта супакоены Чыўін. — Небывалая штука, каб іх Краснай плошчай везлі. Як нашы далдоны кажуць, зашмат ім, зладзеям, гонару.
— А чаго дзіўнага? — сказаў Макар. — Ля манежа брук узламалі. Дый Вялікі Каменны ўсё яшчэ рапаруюць. Скварцова падрадчыка фартуна*.
* Падрадчыку Скварцову было даручана разабраць стары мост, такі моцны, што яго ўзрывалі порахам. Так загінуў помнік даўняй архітэктуры (не ў першы і не ў апошні раз). З велізарнай колькасці здабытага каменю Скварцоў узвёў вялізныя даходныя дамы на рагу Махавой і Ўзвіжанкі, насупраць Манежа. Камень гэты яму нічога не каштаваў.
Картэж, цьмяна асветлены паходнямі, дапоўз ужо амаль да помніка Мініну.
— Р-ра-та, р-ра-та, — гудзелі адтуль барабаны.
— Што гэта? — усё яшчэ непаразумела, хаця ўжо і здагадваючыся, спытаў Алесь.
— Злачынцаў на Балота вязуць, — ціха сказаў Чыўін. — З Бутырак. «Абрад публічнай страты»*.
* «Абрад публічнай страты» быў устаноўлены ў 1846 годзе. Адменены — у 1880 г.
Але Загорскі ўжо бачыў і сам. Ішлі барабаншчыкі. За імі — узвод салдат. Цьмяна блішчалі багнеты. За салдатамі павольнай хадою ехала нешта мярзотнае, абрыдліва-страшнае, высокае, як стаячая труна і як абложны гуляй-горад: чорная як смоль калясніца з высокай, таксама чорнай, дашчанай вежай. На гэтай спарудзе стаяла лава, а на ёй, высока-высока над людзьмі, так што паходні коннай варты ледзь даставалі ім да ног, сядзела чатыры чалавекі: трое мужчын і адна жанчына. Дрыготкія рэфлексы агню падалі на іхнія твары, на шэрыя халаты, на рукі, прыкручаныя да дошкі, на чорныя дошкі на іхніх грудзях. Чорныя дошкі з белымі літарамі, наведзенымі маслянай фарбай, акуратненька, відаць, не на адзін раз. Людзі сядзелі спіной да коней, а вакол ехала конная варта з паходнямі. За калясніцай гайдалася на няроўным бруку карэта, відаць, з пракурорам. Побач з калясніцай ішоў чалавек у чобатах, скураных портках і чырвонай расейскай кашулі.