Выбрать главу

Атрад Мігуна стаяў на невялікай паляне, якая была акружана з усіх бакоў лесам, балотамі. Перш чым трапіць туды, трэба было мінуць доўгі гнілы брод. Па правую руку ад яго ляжалі круглыя слізкія кладкі, на якія, калі б не ішоў, як толькі ступіш — заўсёды аклікалі. Нечакана, грозна:

— Стой, куды ідзеш?

I далей ужо вялі, завязаўшы чорнаю хусткаю вочы.

Ён, Іван, і цяпер, калі дабег да кладак, спыніўся, пачакаў, калі яго аклікнуць. Але гэтага не здарылася — ні тады, калі ступіў на кладкі, ні пасля, калі пайшоў па іх.

«Дзіўна»,— аж сумеўся, сцепануўся ён.

Ніхто не аклікнуў, не спыніў яго, Івана, і далей, нават калі дайшоў да самой паляны, дзе былі партызанскія буданы, зямлянкі, выкапаныя да іх і ў лес ходы. Больш таго — нідзе не гарэў, не дыміўся агонь, ніхто не хадзіў.

«Што такое?»

Зазірнуў у самы вялікі будан, дзе заўсёды нехта быў, спачываў на нарах, зазірнуў і ў самы малы, дзе размяшчаўся разам са штабам камандзір,— ні там, ні там не было нікога.

«Цікава, дзе ж гэта падзяваліся людзі?»

Акінуў вачыма, агледзеў паляну. Буданы, зямлянкі, дрэвы... Ціха, пуста! Быццам і не жыў ніхто тут.

«Няйнакш. падаліся, пайшлі кудысьці партызаны. Але куды? I што, што мне рабіць? У мяне ж — заданне... Не выканаць яго? Не, не, нельга...»

Хвілін колькі стаяў у роздуме.

«Бегчы назад, да камандзіра дзядзькі Максіма? А мо?.. Пашукаць атрад Мігуна? Але дзе, дзе яго шукаць?»

Паволі, нага за нагу, падаўся з паляны назад да броду — на кладкі...

«Бачыш, нават варты не пакінулі. Спяшаліся куды-небудзь ці іншае што здарылася? Але што, што?.. Хіба... Узяць ды крыкнуць? Раптам абзавецца, адгукнецца хто-небудзь?..»

Набраў поўныя грудзі паветра — крыкнуў:

— Ого-го-о!

— Ого-го-оў? — адказала рэха, лес.

«Не сказаў мне дзядзька Максім, што рабіць, калі не застану ў лагеры Мігуна ды і іншых партызан. А я, галава, не спытаўся таксама пра гэта. Ды і не думаў жа, што так будзе...»

Спыніўся, зноў пастаяў, падумаў.

«Каб жа я ведаў, што хоча дзядзька Максім ад Мігуна... А то ж...»

Расчапіў кулак, паглядзеў на запіску.

«А мо...»

Не, гэтага ён ніколі не рабіў — не чытаў чужых запісак. Тым больш тых, што пасылаліся самім камандзірам іншаму камандзіру. Але цяпер, калі нікога няма ў лагеры, ды і не ведаеш, дзе хто...

Усё ж не вытрымаў, разгарнуў складзены ў чатыры столкі лісток.

«Іван, жыві! Таму і пасылаю, каб не загінуў»,— прачытаў ён, і доўга не мог здагадацца, што гэта не каму-небудзь, а яму, Івану, адрасавана запіска.

«Камандзіра ж звалі Пятро... А тут...»

Калі ж нарэшце дайшло, што запіска напісана самому яму, Івану, і ён зразумеў, уцяміў гэта, усхліпнуў, заплакаў.

«Я так верыў дзядзьку Максіму, кожнаму яго слову... А ён...»

З усіх ног прыпусціў назад, на ўзлесак, дзе былі акопы, траншэі, завалы, дзе партызаны ля шашы рыхтаваліся сустрэць ворага...

Там, на ўзлеску, адкуль яго адаслалі ў атрад з запіскай, ён, Іван, быў апаўдні. I спярша разгубіўся, не паверыў сам сабе, сваім вачам, што гэта той самы ўзлесак, дзе рыхтаваліся партызаны сустрэць ворага — капалі акопы, траншэі, рабілі завалы... Дрэвы былі вывернуты, зламаны, паздзірана кара, абабіта голле... Чарнелі тут і там ямы ад выбухаў снарадаў, была ўскапана і перакапана зямля. I ўсюды, усюды, куды ні паглядзі, у самых неверагодных позах ляжалі тыя, каго ён, Іван, ведаў і каго з цяжкасцю цяпер пазнаваў — так яны былі знявечаны — з разварочанымі жыватамі, з адарванымі рукамі, нагамі і нават галовамі...

Ён, Іван, заплакаў...

...Там, на ўзлеску, яго і адшукалі жывога сярод усіх мёртвых савецкія салдаты, што з'явіліся да досвітку. I калі няслі яго на насілках, ён убачыў вялізную калону варожых — нямецкіх — танкаў, машын, гармат, што працягнулася, нібы хвост вялізарнай гадзюкі, няйнакш на некалькі кіламетраў і звівалася гэтак жа, як і шаша...

3

...Што на атамнай станцыі ля Чарнобыля адбылася аварыя, ён, Іван, даведаўся ад незнаёмай жанчыны, якую падабраў па дарозе і якая прасіла падвезці яе да павароткі на Рэчыцу,

— А то зусім змарылася я,— сказала яна, сядаючы ў аўтобус.— Гэта ж на спадарожных машынах дабіралася... З самага Чарнобыля. Там, на атамнай станцыі, пажар... Усю ноч тушылі. I цяпер яшчэ дым ідзе... I як бы зарыва стаіць... Малінавае...

На другі дзень пра аварыю на атамнай станцыі загаварыла ўжо жанчына, што села ў аўтобус з дваімі малымі дзецьмі.

— Гэта ж у нас эвакуацыя ідзе... Усіх людзей вывозяць... Каго куды... Дык я дзяцей схапіла ды да маці во еду... Пакуль што якое, там пабуду...

— Не мялі абычаго языком, кабетка,— кінуў жанчыне, недавольны тым, што пачуў, мужчына: у капелюшы, з галынтукам — ці не нейкі камандзіраваны.