Выбрать главу

Вярнуўшыся з дэманстрацыі і мітынгу, Іван пасядзеў за святочным сталом, які прыгатавала Ліда, нават ці не чаркі тры гарэлкі выпіў. I заваліўся ў пасцель. Відаць, дала пра сябе знаць стома, перанапружанне перадсвяточных дзён. I адразу ж заснуў. Нават не заснуў, а быццам праваліўся ў яму...

Прахапіўся ён ад таго, што хтосьці зайшоў у хату, моцна грукнуўшы дзвярыма, зачыняючы іх. I тады ж пачуў незнаёмы голас:

— Ваш муж дома?

— Дома,— адказала Ліда.

— Пазавіце яго!

Іван, праціраючы вочы, выйшаў з-за перагародкі. Убачыў — у парозе стаіць не па-святочнаму апрануты чалавек — у шэрай, насунутай на самыя вочы кепцы, зеленаватай, ахоўнага колеру куртцы і такіх жа, быццам пашытых з брызенту, штанах. Не стары, хутчэй малады.

— Вы Іван Лапаток? — спытаў чалавек, бліснуўшы з-пад казырка кепкі, быццам падазрона, вачыма.

— Я,— адказаў Іван.

— Пераапраніцеся ў рабочае, будзённае — і паедзем са мной,— не сказаў, а загадаў незнаёмец.

— Проста зараз? — спытаў Іван.

— Так, я вас пачакаю.

Ліда, якая стаяла ля ўмывальніка і мыла посуд, устрывожылася, са страхам паглядзела на незнаёмца.

— Што здарылася? — спытала яна.

— Вы ж ведаеце, у Чарнобылі аварыя,— адказаў чалавек неахвотна.

— Дык яго...— перавяла свае вочы, паглядзела на мужа Ліда,— у Чарнобыль?