Выбрать главу

— Гэтага я не ведаю,— адказаў чалавек.— Мне загадана яго знайсці і даставіць на пункт збораў. Вось і ўсё. А там скажуць, размяркуюць, каго куды.

Больш Ліда ні пра што не пытала. Ды і ён, Іван.

Пераапрануўся хутка, за якія пяць-шэсць хвілін. Аставалася ў яго, не забывалася армейская вывучка. I калі трэба было — гатоўнасць заўсёды была нумар адзін, ці, як казалі калісьці ў партызанах, на адной назе... З жонкай не развітваўся, сказаў толькі, выходзячы з хаты:

— Спадзяюся, ненадоўга, хутка вярнуся...

Гэтае «хутка» доўжылася некалькі сутак. I ўвесь гэты час ён, Іван, быў быццам сам не свой — не помніў, што і як рабіў. Адно, толькі адно кіравала ім, падганяла, вяло — хутчэй сесці за руль аўтобуса і ехаць, імчаць па знаёмых і незнаёмых дарогах, асфальтавых і прасёлкавых, набіраць людзей і выгружаць, вызваляць зноў месцы. Ён ані не клапаціўся, не думаў пра сябе — думаў, клапаціўся толькі пра тых, хто трапіў у бяду. Ведаў — чым менш людзі будуць там, у зоне небяспекі, тым менш схопяць, набяруць радыяцыі. Не, не сказаць, каб ён зусім не адпачываў, не спаў. I адпачываў, і спаў, і нават еў. Але рабіў усё гэта як бы механічна — было такое адчуванне, што, як толькі скончыцца гэта, трэба зноў бегчы да аўтобуса, садзіцца за руль, заводзіць матор, зноў ехаць, зноў імчаць.

Калі вывезлі людзей з тых вёсак, што апынуліся непасрэдна ў зоне небяспекі, пачалі вывозіць цяжарных жанчын, потым дзяцей. Гэта ўжо з іншых вёсак, з тых, што былі далёка ад рэактара...

Расстанне з роднымі мясцінамі, слёзы і размовы людзей яго не краналі. Ён як бы сцяўся, закамянеў...

Адчуў, што яму блага, неяк надвячоркам. Надта ж біла ў вочы, аж сляпіла, сонца, калі сядзеў за рулём. Ды і дарога блішчэла ўсё адно што люстра. Налілася цяжарам галава, схлупіла сэрца — не прадыхнуць. Падумаў: добра, што паражняком еду, людзей няма... Адчыніў кабіну, і...

...ачнуўся ў бальніцы. Убачыў схіленыя над сабою твары, белыя халаты...

— Што са мной? — спытаў з цяжкасцю перасохлымі губамі.

— Нічога, супакойцеся,— пачуў ён.— Цяпер усё добра...

— Я што, разбіўся, у аварыю трапіў?

— Не.

I тады раптам у мностве твараў, што быццам у тумане мітусіліся, схіліліся над ім, ён пазнаў, вылучыў адзін знаёмы твар. Жончын, Лідзін. Заўважыў: з яе вачэй беглі двума ручайкамі слёзы...

...Ён, Іван, апынуўся чамусьці на вакзале, некуды вельмі ж спяшаўся. Дабег да платформы, на якой стаяў цягнік, і — трэба ж! — цягнік крануўся. Ён кінуўся ўслед, дагнаў свой вагон, ухапіўся рукамі за поручні і некалькі хвілін бег, бег. Аставалася адарвацца ад зямлі, павіснуць на руках і падняць, закінуць на падножку вагона ногі. Але... на гэта ў яго якраз і не хапіла сілы. I ён, зажмурыўшы вочы, падае, ляціць потырч носам ці то пад колы вагона, ці то ў кювет...

...Ужо вясна, цяплынь, а ён, Іван, не зняў з сябе зімняе апраткі — шапкі-зімоўкі, кажушка і валёнак. I яму горача, аж, здаецца, дыхаць няма чым. А тут, як на тое, немцы, паліцаі. Акружылі яго і хочуць узяць жывога. Трэба ўцякаць. I ён уцякае — па лесе, між дрэў, пятляючы, каб, на выпадак стрэлу, не пацэлілі. I бяжыць туды, дзе ведае, што няма ні немцаў, ні паліцаяў — там балота, рака. Грузне як не па самыя пахі ў багне, вадзе, грэбаецца рукамі, нагамі. I адчувае, бачыць — яго даганяе нейкі даўгалыгі, з ашчэраным зубастым тварам немец. Вось-вось ён дагоніць і ўваткне ў яго цела цясак, праніжа навылёт... I ён, Іван, не маючы сілы больш уцякаць, застывае на месцы, і...

...Ён вяртаецца з мястэчка, куды хадзіў у разведку, на сувязь з падполыпчыкамі, і трапіў у засаду. Ды так, што каб і хацеў уцячы — не ўцячэш: з усіх бакоў, падняўшыся на поўны рост, на яго ідуць, наступаюць немцы. Кола з кожнай хвілінай сціскаецца, яшчэ мінута, другая — і... Яго зловяць, возьмуць у палон жывога. О, толькі не гэта...

Дуб, тоўсты, карысты дуб,— вось хто яго збаўца. I ён, Іван, сігае да гэтага дуба, пачынае на яго лезці, узбірацца. «Няхай заб'юць, і гэта будзе лепш, чым трапіць у рукі ворага жывым»,— думае ён.

Немцы здагадваюцца, што ён, Іван, задумаў, кідаюцца бягом да дуба, імкнуцца дастаць Івана. Але не, гэта ім не ўдаецца — ён ужо высока. «Каб да голля дабрацца, тады б я...»

Глядзіць угору — голле яшчэ далёка. Але ён караскаецца, лезе...

Унізе крычаць, гарлапаняць немцы. Адзін нават страляе. Куля дзыўкае ля самага вуха...

«Ага, страляйце, забіце,— думае ён.— Але жывы я вам не дамся, не, не дамся...»

Хапаецца рукою за галлё...

I тут адчувае — няма больш сілы, стаміўся.

Глядзіць уніз і бачыць дуб акружаны з усіх бакоў немцамі, яны пападымалі ўгору вінтоўкі з адкінутымі цесакамі, стаяць, чакаюць, калі ён сарвецца...

«Не, не дачакаецеся таго!» — нібы грозіць ён немцам.