Выбрать главу

– Не разумею. Яны што, забіваюць сваіх жа?

– Забіваюць. З-за гэтага ў іх зграі няма такіх, як я. Там усе вялікія і моцныя.

Грык засмяяўся.

– Хочаш сказаць, калі б ты нарадзіўся там, цябе б забілі?

– Так.

– І ўсё роўна хочаш, каб мы аб’ядналіся?

– Хачу. Бо інакш не выжыць. Яны жывуць так, як дазваляе ім жыць навакольны свет. Калі б на іх тэрыторыі было багата ежы, ніхто б не стаў рабіць тое, што робяць яны.

– І што яны сказалі наконт аб’яднання?

– Акіра, каралева зграі, пагадзілася. Аднак, яны дапамогуць не за так. Яна просіць перадаць ім чатыры нашы паляўнічыя надзелы.

– Гэта немагчыма! Дзе мы будзем паляваць? Тады і нам самім ежы не хопіць.

– Акіра сказала, што пасля бойкі з белымі нас застанецца так мала, што ежы хопіць тром зграям. Шмат каго заб’юць…

– Я разумею гэта. А што яна дасць узамен?

– Калі мы пагодзімся, то заўтра да нас прыйдуць шэсцьдзесят яе лепшых ваўкоў і будуць выконваць вашы загады. Яшчэ трыццаць пойдуць на выведку на землі белых. А на саму бойку яна абяцае прывесці ўсіх дарослых ваўкоў, акрамя ваўчыц-карміліц.

Аўк ляжаў побач з Грыкам і слухаў моўчкі. Ён, як і важак, ацэньваў прапанову так званай “каралевы”. Чатыры паляўнічыя надзелы – вялікая тэрыторыя, якая можа пракарміць шмат ваўкоў. І калі пагадзіцца на гэта, то зграя Суу-Ардун сама вымушана будзе ў будучым кантраляваць сваю колькасць. Хай і не такімі метадамі.

– Гаўл, ты сказаў, што яна прывядзе з сабой усіх дарослых ваўкоў. Старых таксама?

Адзінец апусціў галаву.

– Калі я прыйшоў у іх горад, то заўважыў там шмат старых. Іх пысы і цела пакрывалі шнары, хаця Алык-Ачын не ваюе з іншымі зграямі пятнаццаць гадоў. Ніводны ветэран не пражыў бы столькі. Я спытаў пра гэта Акіру і яна сказала, што калі ваўку спаўняецца трынаццаць гадоў, ён штогод павінен даказваць зграі сваю каштоўнасць у бойцы з ваўкамі такога ж узросту. Бойкі ідуць да смерці. Іншымі словамі – усе ваўкі зграі, якімі б старымі ні былі, могуць біцца.

Аўк узняўся на ногі і загыркаў.

– Гэта немагчыма. Мы заўсёды паважалі старых. Яны пражылі сваё жыццё так, каб пасля іх маглі добра жыць мы. Хай імі кіруе ваўчыца, хай яны забіваюць сваіх ваўчанят – з усім можна пагадзіцца. Акрамя забойства старых. Я супраць аб’яднання з гэтай зграяй, Грык. І калі ты думаеш іначай, то я не магу заставацца тваім сябрам і дарадцам. Бо, ты ж разумееш, у іх зграі я б даўно загінуў.

Грык думаў. Не пра словы Аўка, а пра саму магчымасць аб’яднання двух зграй. Ніколі такога раней не было і, мабыць, калі іх з’ядуць белыя, ніколі не будзе. Гэта ідэя не проста парушае нейкія там традыцыі. Усе зграі маюць падвойную назву – Суу-Ардун, Алык-Ачын, Агыр-Санан, Кер-Адына і іншыя. Першае слова – імя ваўка-бацькі, першага важака. Другое слова – імя ваўчыцы, якая нарадзіла ваўчанят, якія і сталі зграяй. А калі яны аб’яднаюцца, што тады? Ператворацца, хай і часова, у Суу-Ардун-Алык-Ачын?

– Я пачуў цябе, Аўк. І цябе таксама, Гаўл. І, як важак, павінен рабіць тое, што будзе лепш для зграі, нягледзячы на нашы традыцыі і забабоны. Прабач мяне, стары сябар – мы прымаем прапанову Акіры.

Аўк нічога не сказаў і выйшаў з будкі Грыка.

– Цяпер, Гаўл, ты станеш маім дарадцам. Ідзі назад і раскажы пра ўсё Алык-Ачын. А потым паспрабуй замацаваць свой поспех з іншымі зграямі.

– Дзякуй, уладар. Для мяне вялікая пашана – быць тваім дарадцам. Зусім запамятаваў – Акіра сказала, што цяпер іх зграя завецца проста Ачын.

– Ачын… Як цікава. Яны адмовіліся ад імя бацькі-важака. Спадзяюся яны сапраўды такія добрыя воіны, як ты расказваеш. Інакш нядоўга мне быць важаком.

7.

Філіп прыйшоў з міліцыі праз чатыры гадзіны. На запытальны позірк Максіма падміргнуў і весела адказаў:

– Галоўнае для добрага адваката – самому мець добрага адваката. Ці шмат грошай.

На правах гаспадара ён зварыў бульбу, нарэзаў агуркоў з памідорамі, разагрэў мяса з халадзільніка. І ўвесь час балбатаў – пра вучобу ў інстытуце, пра бацькоў і бабулю, ад якой засталася хата, пра хуткі яе знос і пераезд у Шабаны, пра цётку Баляславу, якую ў іх сям’і клікалі Болька і шмат пра што іншае. Рот не затыкаўся. З карыснай інфармацыі Макс даведаўся, што Філіп сапраўды адвакат і альбінос.

Размаўляць пра ваўкоў ды тройцу Філіп, не паеўшы, адмаўляўся, таму Максім чакаў. У самога кавалак у рот не лез. Выпіў кавы і цярпліва глядзеў, як хутка есць суразмоўца.

– Для мяне ежа – галоўнае задавальненне ў жыцці. А калі перабіваць яе сур’ёзнымі размовамі, то і апетыт знікне. Навошта тады жыць?

А пасля прыйшлося прыбіраць са стала – посуд памыць, у хаце падмесці, смецце на вуліцу вынесці. Пасля гэтага задаволены Філіп сеў насупраць Максіма.