Выбрать главу

– Вы з глузду з’ехалі? Нічога я расказваць не буду. Самі прыдумвайце.

– Мы не можам. Гісторыя належыць табе. І мы хацелі б яе… арандаваць.

– Прабачце, не разумею. Як можна “арандаваць” гісторыю?

– Што тут незразумелага? – ініцыятыву перахапіў белабрысы. – Ты расказваеш нам працяг, а мы за гэта пакідаем цябе ў спакоі.

– Не пужай, – прамовіў лысы. – Вас Максімам клічуць? Дык вось, Максім, калі зробіце, як мы прапануем, то атрымаеце грашовую падзяку. Скажам, сто тысяч. Падумайце над нашай прапановай. Заўтра прыйдзем па вашу згоду.

Яны расступіліся, даўшы праход.

***

Макс зайшоў у кватэру і зачыніў дзверы на ўсе замкі. Нават на верхні, якім не карыстаўся з самага пераезду.

“Што гэта за хрэнь? Глупства нейкае. Ваўкі, гісторыі, грошы… Зразумела, што справа ў той дзяўчыне. Можа, нехта са знаёмых вырашыў паздзекавацца, ці блогеры свой нейкі флэшмоб ладзяць? Ды й сама тройца – нешта неверагоднае. Ніколі не бачыў такіх розных людзей разам. І што мне рабіць з гэтым? Ай, пайшло яно ўсё! Дзе піва? Не выйду заўтра нікуды з хаты. Паглядзім, што яны зробяць. О, учора ж новая серыя “Вядзьмара” выйшла, трэба глянуць”.

***

Тройца сядзела каля пад’езда. Яны не размаўлялі, не варушыліся, не дыхалі і не міргаліь. Васковыя твары замёрлі, а вочы глядзелі ў адну кропку. Быццам мадам Цюсо выкінула тры экспанаты са сваёй вялікай калекцыі і цяпер яны чакаюць свайго калекцыянера.

Воўчы сон

Грык сядзеў на ўзвышэнні, побач ляжаў Аўк. Тры сотні ваўкоў зграі Суу-Ардун – усе дарослыя, хто мог хадзіць – стаялі насупраць і моўчкі чакалі. Бо закон зграі – пакуль важак гаворыць, астатнія сядзяць ціха.

– Браты і сёстры, думаю вы ўсе чулі навіны з поўначы, якія прынеслі ваўкі зграі Агыр-Санан. Тысячы белых ваўкоў, якія не разумеюць мовы і лічаць нас ворагамі, праз месяц прыйдуць на нашу зямлю, – Грык адразу перайшоў да галоўнага. – Я склікаў сход, каб вырашыць – што нам рабіць. Белыя мацней, іх больш і з імі немагчыма паразумецца. Мабыць, яны як і дзікія звяры, не маюць розуму. Таму трэба вырашыць – будзем змагацца з імі, прайграем і нас з’ядуць, альбо пойдзем на поўдзень, на землі іншай зграі, дзе нас таксама заб’юць, але пахаваюць па ваўчыных звычаях. Я сказаў.

Пасля апошніх слоў шэрая маса пачала падвываць і перагаворвацца. А гучней за ўсіх – маладыя ваўкі, кожны з якіх марыў некалі заняць месца Грыка. Зараз ён іх не баяўся, бо ў чэснай бойцы мог перамагчы любога са сваёй зграі.

– Ціха, цяпер я хачу слухаць вас.

Зграя супакоілася. Кожны, хто хацеў выказацца, мог выйсці наперад і гаварыць. Першым да Грыка падышоў Аўчылак, малады высокі воўк з шэра-зялёнымі вачамі.

– Уладар, мы разумеем, што навала з поўначы можа скончыць зямны век нашай зграі. Але бегчы ад небяспекі, як баязліўцам, нельга. Любы воўк лепш загіне ў бойцы, чым будзе чакаць, каб воўк іншай зграі перагрыз яму глотку. Таму лічу: мы павінны змагацца.

– Я цябе пачуў, Аўчылак. Хто яшчэ хоча гаварыць?

Астатнія маўчалі. Нікому не хацелася бегчы са сваёй зямлі.

– Калі ўсе маўчаць, то скажыце, як нам змагацца з белымі. Аўчылак, кажы ты.

– Мы павінны чакаць іх у лесе і ў чэснай бойцы забіць усіх.

– Аўчылак, чэсная бойка – гэта калі воўк б’ецца з ваўком адзін на адзін. А тут кожнаму прыйдзецца біцца з дзясяткам ворагаў. Хто яшчэ хоча гаварыць?

– Я хачу, – да ўзвышэння выйшла Сурта, старая ваўчыца з сівой поўсцю, маці Грыка. Яна заўсёды агучвала пазіцыю ўсіх ваўчыц зграі.

– Мы слухаем цябе, Сурта.

– Аўчылак – малады гарачы воўк. Ён хоча біцца і памерці. Кроў гоніць яго ўперад, а мазгі не працуюць. Калі і біцца з белымі, то рабіць гэта трэба за сценамі, якія мы зараз будуем. І чым вышэй яны будуць, тым лепш. Трэба падумаць над тактыкай. Я ведаю, што мы загінем, аднак жыццё трэба аддаць як мага даражэй. І яшчэ…

– Я хачу гаварыць!

Сурта змоўкла. Усе паглядзелі ў бок нахабніка, які перарваў прамоўцу на сходзе. Гаўл – малады, але слабы воўк, які не цаніў традыцыі і трымаўся асобна ад астатніх. Ён не працаваў разам са зграяй, самастойна паляваў і жыў у сваё задавальненне. Такія як ён былі ў кожнай зграі. Астатнія рабілі выгляд, што іх не існуе. За вочы такіх ваўкоў абразліва называлі “адзінцамі” ці “самотнікамі”.

– Вітаю цябе на сходзе, Гаўл. Калі не памыляюся, гэта твой першы сход за жыццё. Ты перапыніў слова паважанай Сурты і лічыш, што мы будзем цябе слухаць?

– Грык! Нашто мне было хадзіць на іншыя сходы? Каб вырашыць, колькі зуброў трэба з’есці? Ці ў якім лесе спыніць паляванне, каб цалкам не зніштожыць усіх жывёл? А можа, каб выбіраць ваўкоў на будоўлю фермы? Я прыйшоў на сход, калі ўсёй зграі, не, нават усім ваўкам пагражае небяспека. І вы павінны мяне слухаць. Бо я ведаю, як выратавацца.