Выбрать главу

– А навошта ім гэта трэба?

– У іх, як і ў нас, няма выйсця. Яны альбо загінуць, альбо будуць ваяваць разам з намі.

– Не будзе гэтага! – Поўсць на спіне Аўка ўздыбілася, хвост наструніўся, нібы стары воўк рыхтаваўся да атакі. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, ён быў у паўтары разы большым за Гаўла і лёгка б яго перамог.

– Супакойся, Аўк. Ты не важак, не табе вырашаць. А ты, Гаўл, калі выказаў такую ідэю, то сам і пойдзеш на перамовы. Аднак папярэджваю – мяжу не перасякаць. Рабі ўсё згодна з традыцыямі. Мы маем права пайсці на іх тэрыторыю толькі па запрашэнні. Нам не трэба яшчэ адной вайны.

– Я згодны, уладар. Дазволь ісці?

– Ідзі.

Як толькі Гаўл выйшаў на вуліцу, Аўк рыкнуў на Грыка.

– Што ты робіш? Навошта слухаеш гэтага адзінца? Усё жыццё ён пляваў на зграю. Чаму ты вырашыў, што зараз нешта змянілася? Ён хоча зацвердзіцца на нашым горы!

– Аўк, я раблю тое, што павінен. Шукаю лепшае выйсце для зграі. Прапанова Гаўла дае нам шанец на выратаванне.

– Я заўсёды стаяў побач з табой. Скажы, раіў я калі-небудзь дурное?

– Не, ты быў добрым дарадцам.

– Дык і зараз паслухай мяне. Адмоўся ад глупства. Пакліч баламута назад і выгані са зграі. Ты што, не бачыш небяспекі ў яго паводзінах?

– Я ўсё разумею, Аўк. Зразумей і ты: традыцыі зніклі са з’яўленнем белых. З дапамогай Гаўла я зразумеў, што таксама не хачу гінуць. Хай ён ідзе да іншых зграй, размаўляе з імі. Калі пашэнціць, нас стане шмат. А калі не – то яны самі заб’юць гэтага самотніка.

4.

Макс разглядаў у люстэрку чырвоныя адзнакі на скронях. Пасля ўчарашняга здарэння ён праспаў больш за дваццаць гадзін. З самай раніцы палез у сеціва, каб высветліць, што гэта за гісторыя пра ваўкоў. І не знайшоў нічога. Запыты “гісторыя пра ваўкоў”, “белыя ваўкі” і нават “Суу-Ардун” нічога не далі.

“Відаць, незнаёмка выдумала брыдоту пра разумных ваўкоў. Але навошта гэтая тройца хоча пачуць ад мяне працяг? І які? І як яны зрабілі гэта?”

Хлопец дакрануўся да адмецін. Яны ўжо не балелі, але выглядалі так, быццам ён перажыў электрашокавую тэрапію.

За некалькі гадзін у сеціве Максім знайшоў толькі адну падказку – на форуме пра жывёл ананім распытваў пра злых белых ваўкоў з поўначы. Хлопец напісаў невядомаму паведамленне ў прыват і яны дамовіліся сустрэцца ў цэнтры горада.

“Да чаго дайшоў – спатканні незнаёмцам прызначаю”, – пасмяяўся сам з сябе Макс. На ўсялякі выпадак паклаў у заплечнік кухонны нож і выйшаў з кватэры.

***

Інтэрнэт-ананімам аказалася шаснаццацігадовая дзяўчына Ася са светлымі валасамі і блакітнымі вачамі. Яна сама падсела за столік Максіма.

– Ну прывітанне, ці што?

Хлопец не ведаў што адказаць, таму ў адказ кіўнуў галавой.

– Дык і будзеш маўчаць? Калі так, то я пайду, – прамовіла яна з выклікам.

– Чакай, я пра ваўкоў хачу пагаварыць.

– Ведаю, ты пісаў. Інакш я б і не прыйшла да незнаёмага мужыка. Што хочаш ведаць?

– Ты пісала пра белых ваўкоў з поўначы. І яны мяне вельмі цікавяць.

– А я табе навошта? Ідзі да біёлагаў.

– Слухай, мяне цікавяць не звычайныя белыя ваўкі, а гісторыя… Гісторыя, як белыя ваўкі прыйшлі з поўначы і… І забілі астатніх ваўкоў.

Дзяўчына з палёгкай выдыхнула.

– Фух, дзякуй богу. А то мямліш нешта, я нават напружылася. Табе таксама нехта расказаў гэту казку?

– Так, а пасля…

– А пасля прыйшлі трое – чарнявы, бялявы і лысы. Прапанавалі расказаць працяг.

– Усё так. Скажы, што гэта за ваўкі такія і што мне рабіць? Як паводзіць сябе з гэтымі людзьмі?

– А я скуль ведаю, што гэта за ваўкі? Адно скажу – пагаджайся. Наконт грошай яны не падманваюць. Вось, глядзі, што я купіла, – Ася пакруціла ў руках новы айфон. – І яшчэ шмат чаго.

– І што трэба рабіць?

– Ды нічога. Воўчыя сны бываюць у цябе? Гэта і ёсць гісторыя. Не ведаю, пад гіпнозам яны сняцца, ці што… Мне сніліся дзён дзесяць, потым спыніліся. Тады тройца прыйшла. Сказалі, што я павінна знайсці незнаёмца і расказаць працяг маіх сненняў. Але не той працяг, які я захачу, а той, які яны скажуць.

– Каму ты расказала?

– Нейкай негрыцянцы з месяц таму. Яна сядзела на прыпынку, прыгожая. Я і вырашыла ёй дапамагчы. Упэўнена, пасля тройца і да яе прыходзіла.

– А далей?

– Далей не было нічога. Сны скончыліся, гэтыя зніклі.

– І што будзе са зграяй Суу-Ардун у канцы? Што яны загадалі расказаць?

– Хто такія Суу-Ардун? Я расказвала пра іншую зграю. Яна загінула. А-а-а, – Ася шчоўкнула сябе па лбе. – Ты вырашыў, што я тваю гісторыю пераказваю? Усё не так – мы працягваем тое, што нам расказаў папярэдні апавядальнік. Не ведаю, як гэта працуе. Містыка нейкая… О, бачу да цябе прыйшлі “сябры”. Прабач, не хачу яшчэ раз сустракацца з імі. Бывай і памятай – з усім пагаджайся і ўсё будзе добра. І грошы атрымаеш, і сам цэлы застанешся.