Выбрать главу

Гэта потым ужо сяляне звязалі Янку і пацягнулі да князя Воіна, каб здзейсніць суд над чалавекам, якога падазравалі ў вядзьмарстве. Расправа была кароткай — полацкі князь, прыняўшы пасля хрышчэння імя Васілій, загадаў кінуць паганца ў цямніцу, каб заплечных спраў майстры выцягнулі з Янкі такое патрэбнае валадару прызнанне. Князь не любіў, калі хтосьці забіваў яго падданых...

Успамін быў настолькі яркім, што палонны заскрыгатаў зубамі. Згарэла ўсё — «Стаглаў», «Грамоўнік», «Арыстоцелева брама», «Зодзій», «Каледнік»... Мудрасць продкаў згінула ў гарачых абдымках усёпаглынальнага агню, які не ведае жалю ні да бяросты, ні да людзей...

I ніхто не хацеў нічога слухаць. Людзі былі сляпыя, не бачылі відавочнага. Фенрыр вызваліўся з пут, накладзеных на яго багамі, і стаў забіваць. Чараўніцтва светлых Альваў аказалася дарэмным супраць усёпаглынальнай сілы неўпарадкаванага. Прадвызначанае спраўджвалася — набліжаўся Рагнарок... I толькі Янка ведаў праўду, крычаў да той пары, пакуль хтосьці з сялян не саўгануў у рот палоннага брудную смуродную анучу. Праўда была страшнай — воўк небыцця вырваўся на волю, і неўзабаве звычайны Свет павінен быў стаць полем смяротнай бітвы паміж Дабром і Злом, і будучыня не была прадказальнай. Усё пачыналася спачатку: Жывое і Нежывое зноў, як і шмат мільёнаў гадоў таму, усталі адно супраць аднаго, каб са зброяй у руках даказаць сваю правату...

Янку катавалі, па жылах выцягваючы душу распаленым жалезам. Палонны то крычаў ад болю, то паглыбляўся ў выратавальнае забыццё. Але яно было нядоўгім — кат час ад часу выліваў на паўжывога цэбар халоднай вады, прыводзячы вязня ў прытомнасць. Але страшней за катаванні была чалавечая слепата, нежаданне прыняць праўду, якой бы жудаснай яна ні падавалася. I яшчэ словы манаха: прызнайся... прызнайся... прызнайся...

Белае ад нясцерпнай гарачыні жалеза павольна набліжалася да вачэй палоннага. Яшчэ крыху — і лопнуць зрэнкі, выцякуць з вачніц, пакінуўшы пасля сябе толькі вартае жалю шмаццё прыпаленай плоці. Янка паспрабаваў адхінуцца, але кат моцна трымаў палоннага за падбароддзе. I вязень здаўся, не вытрымаў невыносную пакуту. Фізічны боль зламаў яго...

— Пытайся.

— Вось і добра, чарнакніжнік. Пачнём па парадку, калі не пярэчыш... — манах задаволена ўсміхнуўся, але кату загаду прыбіраць жалязяку не даў, засумняваўшыся ў шчырасці палоннага. — Твой воўк?

— Я ўжо казаў: падабраў яго яшчэ маленькім, калі сельскія сабакі хацелі разарваць ваўчаня. Выкарміў, і ён стаў мне сябрам.

— Вось як... Нейкае незразумелае атрымліваецца сяброўства. Зрэшты, для ведзьмака гэта не дзіўна. Слугі Д’ябла часта сыходзяцца з агіднымі Богу стварэннямі... Значыць, ты прызнаеш, што воўк твой?

Янка кіўнуў.

— Вось і слаўна! — манах задаволена пацёр рукі. У рэшце рэшт атрымалася выціснуць з палоннага хоць нешта пэўнае. Кат прыбраў прут і паклаў жалеза ў агонь, як бы намякаючы, што катаванне не скончана і цяпер усё залежыць ад Янкі, дакладней, ад яго слоў...

Святар задуменна закусіў ніжнюю губу, зайграў ланцужком залатога крыжа, збіраючыся сфармуляваць наступнае пытанне.

— Воўк мой, але ён ніколі не нападаў на людзей, — апярэдзіў святара вязень.

— Нават так? — штучна здзівіўся манах. — Тады як ты растлумачыш, што сяляне, пасланыя на пошукі зніклых, знайшлі ў логаве гэтай пачвары абгрызеныя чалавечыя косткі? Маўчыш?.. Ты можаш упірацца і далей, але ўсё сведчыць супраць цябе, чарнакніжнік. Людзі бачылі, як твой воўк шныраў па лесе. Для чаго?

— Воўк невінаваты! — упарта паўтараў Янка, імкнучыся не зважаць на рэзкі боль ва ўсім целе.

Святар перасцерагальна падняў руку. Кат страпянуўся і пацягнуўся да клешчаў, збіраючыся падчапіць прут, які паспеў ужо нагрэцца.

— Зараз табе трэба шкадаваць не ваўка, а самога сябе. Яшчэ не позна выратаваць сваю душу, бо мукі фізічныя — нішто ў параўнанні з пакутамі душэўнымі. Пакайся!

Палонны плюнуў, спрабуючы трапіць у твар святара. Следам за пляўком кінуў:

— Ты памыляешся, манах. Паміж душой і целам няма разрыву. Няхай яны і розныя па сваёй сутнасці, але ўсё ж адзіныя, і цела ёсць выраз душы. Гэта — воля светабудовы, адвечны закон захавання раўнавагі паміж касмічнымі і людскімі сіламі. Чалавечае цела — неабходны складнік Гармоніі, бо ўнутраная і знешняя сутнасць ёсць праява Адзінага. Развіваючы цела, мы развіваем душу...

— Чур мяне... — святар некалькі разоў асяніў сябе крыжам, не забыўшыся пацалаваць распяцце. Спыніў ката, які кінуўся да Янкі, і сказаў: — Не гавары так, агіднае спараджэнне Яхідны! Цела ёсць бруднае жыллё душы, і задача чалавека — вырвацца з ланцугоў грэшнай плоці, каб узвысіцца і набыць выратаванне.