Манах сядзеў, абшчаперыўшы галаву рукамі. Раптам да яго данесліся нейкія ціхія ўсхліпванні. Ен абышоў фуру і наткнуўся на Морыца. Чорнавалосы прыгажун узняў заплаканы твар, і ў кожным воку манах убачыў па буйной слязе.
— Што здарылася, Морыц? — трапятліва спытаў Сіверт, адразу забыўшыся пра ўсе свае згрызоты.
— Мне цябе шкада, святы айцец, — сказаў Морыц. — Ты так стараўся, чакаў… А гэты Ніхто, гэты ўблюдак… Я заб'ю яго! — раптам крыкнуў Морыц.
Сіверт абедзвюма рукамі моцна націснуў яму на плечы, утрымаў каля сябе.
— Навошта праліваць нявінную кроў? Значыць, так трэба Хрысту, каб Ніхто маўчаў. Бацька, чада сваё любячы, б'е яго і зноў горне да сябе. Вось што я надумаў, Морыц. Як усе палягуць спаць, бяры Ніхто і адвязі яго ў Дзінамюндскі манастыр, што каля Рыгі. Я напішу абату, і ён прыме яго. І не забудзься воск у яго дастаць з вушэй. Ды я зараз сам дастану.
Манах у нейкай ліхаманцы паспешліва адшмаргнуў скураны полаг, схапіў спалоханага Ніхто за галаву, пачаў выкалупваць з бледных вушных ракавін воск. І ўсё паўтараў:
— Слухай. Слухай, як лес шуміць, як рака цячэ. Не трэба мне ад цябе латыні. Хоць пеўнем закукарэкай, абы не маўчаў. Я праклінаю той дзень, калі д'ябал падвучыў мяне пасадзіць цябе ў пячору, а потым у фуру. Гэта ўсё Фрыдрых, гэта ўсё ён, ганарлівы Гогенштаўфен. Вышэй Бога хацеў быць. А вышэй быць нельга, бо вышэй — пустата, смерць…
Сіверт раптам пачаў цалаваць рукі Ніхто. Гэта дужа абурыла Морыца.
— Што ты робіш, святы айцец! — усклікнуў ён. — За два-тры дні я завязу гэтага мурзаля ў манастыр, вярнуся назад, і паедзем мы разам заваёўваць Літву. А мурзаль, — ён лёгка пстрыкнуў Ніхто па носе, — няхай хоць на мурашынай, хоць на пчалінай мове гаворыць.
— На чалавечай мове няхай гаворыць, — строга сказаў манах.
Атрад Марціна Голіна — пяцьдзесят рыцараў, сто збраяносцаў, чатырыста ландскнехтаў і тры сотні хрышчаных земгалаў — марудна, але няўхільна прасоўваўся ў глыб Аўкштайты. Вёрст дзесяць — пятнаццаць лявей атрада Голіна ішлі рыцары Андрэя Стырланда. На небасхіле бачыліся слупы чорнага дыму.
— Магістр абганяе нас, — хваляваўся Голін. — Ен першы будзе каля сцен Новагародка. Ударым мацней, брацці!
Але вайна ёсць вайна, і паганцы, як хутка пераканаўся Сіверт, умеюць біцца не горш за хрысціян. Амаль на кожным кроку дарогу перагароджвалі засекі з наваленых дрэў, земляныя валы. Вельмі шмат сустракалася пількальнісаў, невялікіх крэпасцей, кожная з якіх мела ўмацаваны замак і прыгарад. Усё гэта было абнесена моцнымі частаколамі. А земгальскія пількальнісы Ранеце, Сідрабе, Цервеце ў дадатак да ўсяго абкружаў глыбокі роў з пад'ёмным мостам і брамаю. Па ўсім небасхіле, як акінуць вокам, ярка гарэлі сігнальныя кастры — паганскія крэпасці паведамлялі адна адной аб набліжэнні ворагаў. Асабліва гэта ўражвала ў прыцемках. Здавалася, шматвокі грозны д'ябал сочыць з усіх бакоў за рыцарамі.
— Адкуль у іх бярэцца сіла? — ужо не раз раздражнёна казаў Марцін Голін.
І сапраўды, вёсачкі ўсюды былі дробныя — па пяць — восем двароў. Жыхары некалькіх такіх суседніх вёсак мелі дзе-небудзь у пушчы адно абшчыннае сховішча і ўцякалі туды з жонкамі і дзецьмі. Коней жа і кароў заганялі ў непраходны гушчар або нават у лясныя азёры, дзе з вады тырчалі толькі грывы і рогі.
Зброю жамойты і літоўцы мелі, на здзіў рыцарам, вельмі добрую. У княскіх дружыннікаў былі мячы, шаломы, панцыры. Апалчэнцы-сяляне біліся коп'ямі і сякерамі. Саюзнікі жамойтаў і літоўцаў земгалы ўмелі карыстацца самастрэламі. Пры асабліва ярасных атаках рыцараў паганцы радамі садзіліся на зямлю, шчыльна ставілі шчыты, хаваючыся за імі. Гэтакім жа самым чынам у час бою яны хаваліся за счэпленыя цяжка нагружаныя фурманкі. Рыцарская конніца дарэмна білася аб такую сцяну, адно конскія грудзі чырванелі крывёй. Даводзілася браццям-рыцарам злазіць з сёдлаў на зямлю і разам з ландскнехтамі і збраяносцамі сякерамі і мячамі праломваць сабе дарогу.
Хутка ўсе заўважылі, што не любяць паганцы біцца на адкрытай мясцовасці, у чыстым полі, а, як вужы, уцякаюць у балоты і лясы.
— Хрысціянская сіла ў шырокім прасторы, — растлумачыў рыцарам у час месы Сіверт, — бо святым божым прамяням патрэбен размах, каб плаўна і вольна ліцца па ўсёй зямлі, а паганец, крывадушны чалавек, залазіць пад корч, у дупло, точыцца ў мох.
У дыме і звоне мячоў, у крыві і ранах нястрымна ляцеў час. Некаторых з паплечнікаў Марціна Голіна ўжо не было на гэтым свеце. Хто сканаў ад паганскай сякеры ці дубіны, а многія зламалі сабе шыю, разам з коньмі праваліўшыся ў лоўчыя, засыпаныя зверху травой і лісцем, ямы. Грозны рыцар Голін скрыгатаў ад гневу зубамі. Аднойчы данеслі, што непадалёку хаваецца княскі табун — ажно пяцьсот галоў коней. Прывялі ў лагер і чатырох каняводаў.
— Ну, дзікуны, дзе трымаеце коней для свайго Міндоўга? — спытаў у іх Марцін Голін, і вочы радасна заззялі. Каняводаў, звязаўшы рукі, паставілі на калені.
— Здаецца, вы любіце агонь, лічыце яго святым, — усміхнуўся Голін. — Зараз я праверу вашу любоў.
І загадаў збраяносцам:
— Раскладзіце чатыры вогнішчы!
Хутка на лясной паляне запалалі вогнішчы. Каняводы глядзелі на полымя, яшчэ не разумеючы, што іх чакае.
Марцін Голін, упёршы рукі ў бокі, стаў перад каняводамі, холадна сказаў:
— Пачынаю правяраць, як вы любіце святы агонь і як ён вас любіць. Ты! — паказаў ён пальцам на крайняга злева светлабародага паганца. — Гавары, дзе табун. Маўчыш? Падсмаліце малойчыку пяткі над агнём.
Збраяносцы схапілі паганца, узнялі, прывязаўшы да пік, над вогнішчам. Ен закрычаў ад болю.
— Гавары, дзе табун, і я адпушчу цябе, і дам лепшага каня, — падышоў да паганца Голін. — Ты паедзеш дадому на кані.
Канявод крычаў, курчыўся ад болю, але не казаў ні слова.
— Гэтага святы агонь не любіць, — засмяяўся Голін. — Бачыце, як ён нагамі дрыгае. Давайце сюды наступнага.
Яшчэ адзін паганец заенчыў над агнём. Так, па чарзе, абсмалілі, абпяклі ўсіх чатырох. Але трымаліся яны мужна. Адзін, самы старэйшы на выгляд, нават смяяўся з рыцараў, ганьбіў іх абразлівымі словамі. Голін зразумеў, што ён стараецца ў гэту цяжкую смяротную часіну падтрымаць сваіх маладзейшых і, пэўна, слабейшых аднародцаў. Гаваруну заткнулі рот, натаптаўшы ў яго ляснога моху. З яшчэ большай лютасцю ўзяліся за астатніх. Адчайнымі крыкамі і хрыплымі стогнамі напоўнілася лясная паляна. Сіверт не мог стрываць гэтага. Пайшоў у глыб лесу, каб не чуць чалавечага енку, пачаў тварыць святую малітву.
— Я вас зламлю! — скрыгатаў зубамі Марцін Голін. — Такія, як вы, раздзіралі цвікамі Хрыстову плоць. За яго раны вы абмыецеся ў мяне крывавымі слязьмі.
Катаванні ўзмацніліся. Кожны з рыцараў, хто жадаў, прымаў у іх удзел: хвастаў паганцаў дрэўкам пікі, сыпаў на голыя грудзі гарачае вуголле, церусіў соль над ранамі. Ужо нават забыліся, дзеля чаго ўсё гэта пачалося, ужо не за схаваных коней цягнулі з няшчасных жылы, а за тое, што ў іх іншы бог, іншая мова.
— Спыніцеся! — крыкнуў нарэшце Сіверт Голіну, бо не мог пазіраць на жахлівае чырвонае месіва, у якое ператваралася чалавечая плоць. — Хрыстос дараваў сваім ворагам, даруйце ж і вы, яго рабы і дзеці. Гэтыя людзі паганцы, і мы, хрысціяне, абавязаны вызваліць іх з дзікага рабства дзікай веры. Але, каб зняць з шыі ярмо, не абавязкова адсякаць галаву. Не бічы і не жалезы, а слова патрэбна, святое слова. Дайце мне пагаварыць з імі.
Голін, стаміўшыся і знерваваўшыся, дазволіў манаху пагутарыць з палоннымі. Сіверт напаіў кожнага вадой, адагнаў прагных да крыві мух і камароў. Потым ласкавымі словамі суцешыў усіх, пачаў навучаць, угаворваць і пераконваць, як навучаюць клапатлівыя маці малых дзяцей. Паганцы, хоць на нейкі міг пазбегшы пакут, уважліва слухалі яго. У некаторых у вачах іскрыліся слёзы. Манах бачыў гэта, і яшчэ больш разгараўся ягоны імпэт, хацелася, каб ад спагадных усёдаравальных слоў заплакалі не толькі знявечаныя паганцы, але і рыцары, дрэвы, птушкі на дрэвах. «Слова перамагае ўсё, — расчулена думаў Сіверт. — Яно як бальзам і як меч».