Выбрать главу

Ен усхліпнуў. Светлай слязою залілося вока.

— Гавары, — не адрываў ад яго позірку Міндоўг.

— Думалі мы з манахам Сівертам і так, і гэтак. А вайна ўжо грукалася ў варуцкую браму. І хоць розум мой маленькі, з камарову лытку, усе ночы не спаў я і думаў, думаў… Ахвяра павінна была быць нечуванай і нечаканай. Самым святым, свяцейшым за жыццё, трэба было ахвяраваць. І нарэшце я надумаўся. Я адразу ж пайшоў да манаха, хоць вісела над Варутаю глухая ноч, і, баючыся, што кожнае імгненне можа ўдарыць у мой кашчунны рот нябеснай стралой Пяркунас, расказаў яму ўсё. Мы вырашылі на міг, толькі на кароткі міг прытушыць Зніч. Такое, як мне было вядома, яшчэ ніколі не рабілася на нашай зямлі. Пакуль святы агонь не гарэў, манах тройчы прачытаў малітву, прасіў хрысціянскага бога, каб ён даў табе поўную і канчатковую перамогу над ворагамі тваімі.

— Але я вымушаны ўзяць за такое нечуванае святатацтва жыццё ў цябе і ў нямчына, — сурова прамовіў Міндоўг.

— Бяры. Маё жыццё належыць табе, — хуценька сказаў Казлейка і дадаў: — Пяро сагнулася б ад жалю, каб хто мог апісаць тое, што мы нацярпеліся ў гэту ноч.

— А ты чаго маўчыш? — спытаў кунігас у Сіверта. — І навошта ты, чужаземец, улез у такое? Няўжо ў княгіні Марты было нясмачнае піва?

Манах з годнасцю паглядзеў на кунігаса, сказаў:

— Папа, беручы цябе і тваю дзяржаву пад сваю апеку, хацеў, каб ты і твой народ былі хрышчаныя і жылі вольна. Ен быў упэўнены, што каралеўская карона ўзвысіць Літву між суседзямі.

Такія непалахлівыя словы спадабаліся кунігасу. Але ён гнеўна зламаў цёмнае густое брыво, са злосцю выдыхнуў:

— Дык і мячы тэўтонцаў і лівонцаў, што п'юць нашу кроў, таксама, як і маю карону, асвяціў папа. Хіба думаюць людзі пра мурашак і чарвякоў, пра тое, як ім жывецца? Мы для Рыма — чарвякі і мурашкі.

— Не, — смела адказаў дамініканец.

У гэты час цэлая бура чалавечых галасоў пачулася знадворку. Нешта затрашчала і зазвінела. Спалоханы Лінгевін прачыніў дзверы.

— Што там? — злосна спытаў Міндоўг.

— Вайдэлоткі прывялі народ. Аднаго майго чалавека раздзёрлі на шматкі. Сам бачыў, як шпурнулі на зямлю руку… Яны патрабуюць, каб ты аддаў Казлейку і манаха.

— Зніч! — ляцела знадварку. — Зніч!

Казлейка пабялеў, з адчаем глядзеў на кунігаса.

Сіверт, заплюшчыўшы вочы, шаптаў малітву.

— Хацеў па лязе мяча прайсці, вось і пройдзеш, — суха сказаў Казлейку Міндоўг.

— За цябе гіну, вялікі кунігас, — аддана прамовіў той. Крыкі вакол нумаса ўзмацніліся. Здавалася, яшчэ трошкі — і рухнуць сцены. Міндоўг стаяў з апушчанай галавой, нібы нахіліў галаву насустрач ветру.

— Вялікі кунігас, дазволь вока на вока сказаць табе адно слова, — папрасіў Казлейка.

— Скажы.

Яны адышліся за велізарную цёмна-рыжую тураву шкуру, што звісала з-пад самай столі, хвалямі кладучыся на падлогу. На нейкі час дамініканец застаўся адзін. Ен напружана прыслухоўваўся да дзікіх крыкаў, якімі поўнілася ноч. На буйным, нібы конскім, твары беглі блуклівыя цені. Было такое ўражанне, што ён адначасна плача і смяецца. Частае сіплаватае дыханне вырывалася з ноздраў, парослых жорсткімі кусцістымі валасамі, прычым правая наздрына была большай за левую. Але правільна кажуць людзі: «Перад смерцю не надыхаешся». І таму Сіверт стараўся заспакоіць дыханне, заганяў яго ўглыб, а сам няспынна хрысціўся.

З-за полага выйшлі Міндоўг з Казлейкам. І адразу ж зноў прачыніў дзверы, уваткнуў у святліцу галаву Лінгевін, чакаючы слоў, якія скажа кунігас.

— Аб'яві ўсім, што заўтра Казлейка і нямчын памруць на ахвярным вогнішчы, — цвёрдым голасам прамовіў кунігас.

Лінгевін згодна кіўнуў галавой і не ўтрымаўся — радасць успыхнула ў вачах.

— Наглыкаўся нашай крыві і слёз, — жорстка выгукнуў ён Казлейку.

Потым грымнуў дзвярыма і ўжо там, на вуліцы, нешта закрычаў раз'юшанаму натоўпу.

— Вось і ўсё, — ціха сказаў сам сабе Сіверт. — Я заўсёды помніў, што вяршыня — апошні крок перад спускам.

На ноч іх зачынілі ў халоднай каморы, дзе агідна пахла мышамі і павуціннем. Праз свіны пузыр, якім было зацягнута малюсенькае акенца, манах убачыў раптам поўню, нават не поўню, а тупое мёртвае святло ад яе. Падумалася, што зараз яна плыве і над Ліёнам і над Рымам, толькі больш яркая, больш вясёлая. Сіверт гаротна ўздыхнуў, абшчапіў далонямі лоб. Вельмі не хацелася паміраць. Ен, вядома ж, быў упэўнены, што адразу з дыму і пякучых іскраў паганскага вогнішча патрапіць у рай, але была нейкая незразумелая грахоўная шкадоба да свайго цела, якога ўжо заўтра не будзе. Нездарма апостал Павел сказаў: «Не ўсякая плоць такая ж плоць, але розная плоць у чалавекаў, розная ў скаціны».

Перад самым сном іх накармілі. Ахоўнік прынёс хлеба са смажаным мясам і па кубку халоднай, аж калола ў зубах, вады. Казлейка за ўвесь гэты час не вымавіў ні слова, не дакрануўся да ежы. Клубком ляжаў на падлозе каля сцяны і, здавалася, спаў. Сіверт жа паеў, папіў вады, сказаў пранікнёным голасам, падбадзёрваючы Казлейку:

— Мацуйся вераю, мой брат па смяротнай пакуце. Ен хацеў гаварыць далей, бо ласкавае слова і косць ломіць, але з цемры нечакана пачулася лёгкае храпенне. «Дзікун! Паганец! — аж узвілося ўсё ў душы ў манаха. — Перад самай смерцю спіць як дубовае палена!»

Халодныя слёзы накаціліся на вочы. Дрогкімі пальцамі пачаў гладзіць дамініканец шчокі, губы, лоб, развітваючыся са сваёй плоццю. І адразу ж даў сабе зарок, што, як бы цяжка і балюча ні было заўтра, будзе тварыць святую малітву, цярпець, трымаць слязу на сэрцы.

Раніцой сонца хлынула ў іхнюю змрочную цэлю. «Хрыстос памятае пра мяне!» — адразу акрыяў душой Сіверт. Забыўшыся на ўчарашнюю злосць, ён усміхнуўся Казлейку. Той быў зеленавата-сіні з твару, увесь час моршчыўся і ўздыхаў. Было відно, што вельмі баіцца ён вогнішча. Пот ручайкамі бег па скронях, рукі і вусны дрыжалі. Няўцямна пазіраў ён на каменныя, чорныя ад сырасці сцены каморы, на Сіверта і, не прамаўляючы ні слова, узбуджана соп носам. «Ды ён звар'яцеў ад жаху, — раптам здагадаўся манах. — Бог адабраў у яго мову».

Дамініканец пачаў асяняць няшчаснага Казлейку святым крыжам. На дне кубка засталося крышачку вады. Сіверт падаў кубак Казлейку. Той з прагнасцю выпіў усё і заплакаў.

Манах, як мог, суцяшаў вар'ята, аж пакуль за імі не прыйшлі. Радасны Лінгевін, што ўваліўся ў камору з дзесяткам вояў, схапіў Казлейку за каршэнь, з насалодай выкінуў за дзверы, каб весці на вогнішча. Казлейка заверашчаў, быццам яго рэзалі, і ўсе, апроч Сіверта, засмяяліся.

Каля велікакняскага церама было шумна і людна. Амаль уся Варута збеглася сюды, каб убачыць, як павядуць на смерць тых, хто надумаўся патушыць святы Зніч. Дзеці шпурлялі гразёю ў Казлейку і Сіверта, дарослыя, асабліва жанчыны, плявалі на іх.

«Навошта я згадзіўся ісці той ноччу на капішча, каб тушыць іхні агонь? — спустошана думаў дамініканец, крочачы поруч з Казлейкам. — Зацьменне найшло… Сядзеў бы зараз у пакоях каралевы Марты і чытаў ёй святое пісанне. Але, пэўна, так патрэбна Хрысту, бо ён, толькі ён, наш нябесны ойча, кіруе сваімі служкамі і мудра вучыць іх. Прыйдзе час, калі на ўсім божым свеце патухне апошняе паганскае вогнішча. Я веру, што мяне чакае нябесны вянец, бо я дапамагаў тушыць д'ябальскі агонь».

Падмацаваўшы душу такою развагаю, Сіверт павярнуў галаву, каб зірнуць на свайго суседа па смяротнай дарозе, і як абухом ударылі яго па цемені, як гарачай паходняй тыцнулі ў самыя вочы — ён раптам здагадаўся: чалавек, што ідзе побач з ім, не Казлейка! Манаху аж перахапіла дыханне і рубам паставіла ў роце язык ад гэтага нечаканага адкрыцця. Ен аж спыніўся, але ў плечы стукнулі дрэўкам кап'я, і ён зноў пайшоў. Гэта быў не Казлейка. Гэта быў, як дзве кроплі вады, падобны на яго двайнік, але нямы, можа, нават без'языкі. І твар, і вочы, і скуру, і паставу меў невядомец, як у Казлейкі. Але не было ледзь прыкметных дзвюх радзімак, што павінны сядзець ніжэй левага вуха. Гэтыя радзімкі дужа добра запомніў Сіверт, бо, упершыню ўбачыўшы іх, падумаў: «Няйначай, д'ябал ушчыкнуў паганца жалезнай дзюбаю». Радзімак не было.

«Што ж гэта такое? — захлынуўся вялікай роспаччу дамініканец. — Мяне цягнуць да вогнішча, а Казлейка, зачыншчык і падбухторшчык, адкруціўся ад смерці, падсунуўшы замест сябе нямога дурня. Ды, відаць, гэтаму нямку проста выдзерлі язык перад пакараннем, каб не пачаў верашчаць і, раскрыўшы таямніцу, не ўвёў у шаленства народ».