Выбрать главу

— Летапісцы? — узгарэўся Далібор.

— Так. Нельга народу жыць без сваіх летапісцаў. Гэта — што вясна без птушак і ручаёў.

Яны памаўчалі. Біўся ў тонкае палатно шатра вецер.

— Цяжкія часы давядзецца нам перажыць, — сказаў Далібор. — Купцы з поўдня прыходзяць і гавораць, што татарскі цемнік Бурундай збірае незлічоныя раці, каб ударыць па Літве і Новагародку. Татар у стэпах, як саранчы.

— Вось чаму і шукаю я саюзу з галіцкімі і валынскімі князямі, вось чаму і аддаю новагародскі сталец Раману Данілавічу, — у глыбокім роздуме прамовіў Войшалк, і сум чуўся ў ягоным голасе. — Народ крычыць, што я звар'яцеў. Калі-нікалі (павер мне, князь Далібор) лепш звар'яцець, чым быць разумным. Але, як ты бачыш, я не вар'ят. Дзеля нашай дзяржавы, дзеля яе адной працую і пакутую. Сёння нам трэба вывесці з гульні галічан, улагодзіць іх, мець іх за саюзнікаў супраць татар, каб заўтра зноў моцна стаць на ногі. Вось чаму сястра мая любімая Рамуне паехала жонкаю да Шварна Данілавіча ў Холм.

— Як яна там? — міжволі вырвалася ў Далібора. Войшалк уважліва зірнуў на яго, адказаў:

— Плача.

Далібор скрыгануў зубамі, ускочыў на ногі, выдыхнуў амаль з нянавісцю:

— І ты называешся братам? Плача сястра, плача, як птушка ў клетцы, а ты… ты гандлюеш ёю.

Ніводная жылка не ўздрыгнула на твары ў Войшалка. Толькі вочы злёгку пацямнелі.

— Жаночыя слёзы хутка высыхаюць, — спакойна адказаў ён. — Каб усё было наадварот, нідзе б не засталося ні астраўка сушы — зямная цвердзь захлынулася б у жаночых слязах. Але заўваж, князь Далібор, што тут плача не проста жанчына. Тут плача княгіня.

Ен яшчэ раз паўтарыў:

— Княгіня. Ці табе мне гаварыць, што крыж улады ой які нялёгкі. Павер, што Рамуне паехала да Шварна добраахвотна, хоць і ў слязах. Яна добра разумела, дзеля чаго ладзіцца гэты шлюб.

Далібор зацята маўчаў.

— Няўжо і ты хочаш зрабіцца маім ворагам? — пранікнёна глянуў на яго Войшалк. — У мяне і так іх сто карабоў. Прашу цябе, князь Далібор, стань сябрам і аднадумцам, як раней. Без цябе дужа цяжка і горка мне будзе.

Ен абняў ваўкавыйскага князя, тройчы пацалаваў. Далібор праглынуў ссушэлы камяк у горле, сказаў дрыготкім голасам:

— Гэта я так… Наверзлася нешта на душу… Адно памятай, кунігас: я заўсёды быў і застануся тваім братанічам.

— Дзякуй, — зноў абняў яго Войшалк. — За дружбу і вернасць я не буду плаціць табе сёння гатоўкай, срэбрам ці золатам. За такое плоцяць усім жыццём.

Войшалк пругка ўскочыў з паходнага крэсла.

— Бачу я заўтрашнюю слабасць Галіцка-Валынскай зямлі. І таму аддаю Новагародак не Шварну, а Раману. Шварн, жанаты на Міндоўгавай дачцэ, меў бы законнае права на ўсё наша княства. Раман жа Данілавіч, няўдалы здабытчык аўстрыйскай кароны, хай дзякуе богу за тое, што яго зробяць гаспадаром Новагародка, прычым гаспадаром часовым. Ен не зможа і пікнуць пра сваё права на ўладанне. Трэба зрабіць так, каб сыны князя Данілы Галіцкага жылі ў вечнай спрэчцы між сабою, каб не ведалі, як падзяліць вотчыну і дзедзіну сваю. Зусім недалёкі той час, калі пойдзе на спад моц галічан і валынян, калі замкі іхнія будуць разбураны, зарастуць травой і ператворацца ў зялёныя пагоркі, бо ўжо татары, угры і ляхі ўзнімаюць на іх пяту. Ведаеш, у чым сіла нашай дзяржавы, князь? У чаканні.

Так прагаварылі яны да першых сонечных промняў, а потым абняліся, і Войшалк, паабяцаўшы, што кожную сядміцу будзе даваць вестку аб сабе, пайшоў да князя Данілы Галіцкага і далей — у Палонінскі манастыр. Не паспелі яшчэ астыць ягоныя сляды, як прымчаўся з малой свіслацкай дружынаю Някрас. Не злазячы з сядла, закрычаў:

— Дзе Войшалк?!

— Пайшоў у Галіччыну, — адказаў Далібор.

— Чаму не загадаў забіць яго?

Пры такіх словах малодшага брата ваўкавыйскі князь пільна паглядзеў яму ў вочы, прамовіў, стрымліваючы гнеў:

— Еш свой хлеб зямны спакойна. Не хапай яду жываглоць.

Але Някрас, пэўна ж, падвучаны бацькам, князем Ізяславам Васількавічам, не слухаў, крычаў:

— Войшалка трэба дагнаць! Дагнаць і забіць! Навошта ты выпусціў яго са сваіх рук?

— Таму што ён — гаспадар Новагародскай зямлі,— цвёрда сказаў Далібор. — Новагародская зямля ўзяла яго сабе за гаспадара, баяры і смерды ўзялі.

— А хто ты? — злосна прасіпеў Някрас. — Падручны князёк у прыблуды? Але нельга траціць час — паехалі, схопім Войшалка.

— Ці ты яшчэ не нагоцаўся ў сядле за дзень? — спакайнеючы, усміхнуўся Далібор.

Толькі Някрас не слухаў брата, разварочваў дружыну. Камякі шэрага мокрага снегу пырскалі з-пад цяжкіх конскіх капытоў.

— Спутайце яму каня! — крыкнуў Далібор. І калі дзецкія выканалі загад, сказаў:

— Запрашаю цябе, мой любімы адзінаўтробны брат, хлеба-солі адведаць. Добра, што перастрэў я цябе на дарозе, а то б вялікая бяда была. Ты, прабач, як той смерд, жыхар лясны — далей сякеры з калодаю нічога не бачыш.

Браты селі за паходны стол, пачалі моўчкі піць і есці. Але нават самая смачная ежа калом станавілася ў горле. «Ці той гэта Някрас? — краем вока цікуючы за малодшым братам, думаў Далібор. — Куды дзеўся ласкавы ціхмяны прыгажунчык з пунсовымі гладкімі шчокамі і сінімі даверлівымі вачамі! Калісьці мы з ім збіралі суніцы, ірвалі кветкі… Як ён прагне ўлады, як ірвецца да яе! Па крыві згодзен ісці, па касцях, абы ўзняцца вышэй. Ен і мяне, роднага брата, не раздумоўваючы, закляпаў бы на ланцуг у падземнай смуроднай цэлі, толькі б зрабіцца вялікім новагародскім князем. Я ведаю назоў такім людзям. Жэрнасы яны, ненаедныя сквапныя дзікі. Такія, як ён, ніколі, ні пры якіх варунках не дойдуць да думкі, што на зямлі можа знайсціся нехта вартнейшы і разумнейшы, чым яны. Вартнейшым і разумнейшым жэрнасы адразу ж перагрызаюць глотку, а самі сыта рохкаюць і зарастаюць тлушчам у шэрай гразі жыцця».

Так і вярнуўся Някрас у Свіслач ні з чым. З вялікім гневам пажаліўся бацьку, князю Ізяславу, што быў бы ў яго Войшалк, як сініца ў руцэ, але Далібор ні кропелькі не паспрыяў такому, а наадварот — спутаў каня, прымусова пасадзіў за стол, доўга і няшчыра частаваў і ўсё казаў, што Новагародскай зямлі, каб ацалець у віхурах няспыннага часу, трэба быць вернай Войшалку Міндоўгавічу, трымацца за яго.

— Дурань, — сярдзіта плюнуў Ізяслаў Свіслацкі.

І цяжка было здагадацца, каго ён лічыў за дурня. Але Някрас лёгка і бесклапотна падумаў, што гэта, вядома ж, Далібор.

Адразу пасля ад'езду малодшага брата павёў ваўкавыйскі князь сваю дружыну ў Новагародак, наваліўся знянацку на людзей Курылы Валуна і на самога Курылу. Палілася вялікая кроў. Гуло мёрзлае жалеза шчытоў і мячоў, калі пайшла княжая дружына ў наступ на вакольны горад. Валачаі і апівохі, якіх нямала засела ў вакольным горадзе, пазашываліся, нібы мышы, хто куды — у жытнія ямы, у істобкі, нават у сабачыя будкі. Іх выцягвалі за ногі, вязалі бічоўкамі. Сам Курыла Валун з найбольш адданымі людзьмі і з браталюбам Алехнам зламаў некалькі дамоў, загарадзіў драўлянай сцяной вуліцу і амаль два дні адбіваўся са злосцю і ўпартасцю.

Далібора здзівіла такая нечаканая раз'юшанасць свайго нядаўняга слугі. Некалькі разоў па ягоным загаду выходзілі, хаваючыся за шчыты, галасавітыя крыкуны і крычалі, каб паклаў Курыла Валун свой меч да князевых ног, і будзе яму за гэта вялікая ласка і міласэрнасць. Ніхто не адказваў, толькі аднойчы сам Курыла Валун вытыркнуўся з-за схоўнай сцяны і гаркнуў:

— Ідзі прэч, князь! Нельга было трываць Войшалкава і тваё здзерства!

Але агонь і парокі-каменямёты, якія паставіў Далібор, узламалі сцяну. Амаль усіх абаронцаў сцяны, і ў тым ліку браталюба Алехну, няшчадна пасеклі на шматкі. Застаўся Курыла Валун, паранены, падсмалены полымем, і невялікая купка ягоных аднамыснікаў. Звязанага Курылу прывялі да ваўкавыйскага князя.