Выбрать главу

— Не трэба даганяць, — сказаў Далібор.

Усе глядзелі, як гара мяса і сала выпаўзае на бераг, як марудна шыецца ў чараты, пакідаючы за сабой крывавы ручай. Праз два дні над балотам закружылася вараннё…

У гэты ж самы час дажываў свае апошнія дні Міндоўг. Яму здавалася, што мір і спакой наступілі нарэшце ў дзяржаве, што яго палюбілі ўсе: і сяляне, і купцы, і баяры, і ўдзельныя князі. Яму здавалася, што даўно высахла кроў ягоных праціўнікаў, ягоных родзічаў, усіх, каго ён забіў. Марфа дарыла ўначы вялікаму кунігасу сваю жаночую пяшчоту. Мякка свяціліся пад ранішнім сонцам жнівеньскія росы 1263 года…

Але падманным быў спакой. Усе, хто меў сілу, захопліваў і раздаваў налева і направа абшчынныя землі. Князі ненавідзелі адзін аднаго, а ўсе разам ненавідзелі Міндоўга. Рымская курыя дзень і ноч думала, як бы скрышыць, знішчыць апошнюю ў Еўропе паганскую дзяржаву. Упарты Войшалк зноў вярнуўся ў Новагародак і быў сустрэты ўсеагульным радасным крыкам народа. У Ваўкавыйску сеў на сталец князь Далібор-Глеб.

У кунігаса апошнімі днямі балела галава. «Боль — таксама жыццё», — сашчаміўшы зубы, думаў ён і аб'явіў паход супроць князя Рамана Бранскага. Усіх сваіх падручных князёў і баяр прымусіў кунігас ісці на ўсход, каб заваёўваць новыя землі. Сам разам з сынамі, разам з дваром ехаў трохі ззаду…

Раніцой 5 жніўня 1263 года загрымела навальніца. Гняўлівыя зломы чырвоных маланак перасеклі неба. Міндоўг з сынамі Руклюсам і Рупінасам спаў у паходным шатры. Густа білі па туга нацягнутым палатне дажджавыя кроплі.

Раптам каля ўвахода дзіка закрычаў і адразу ж захрыпеў баярын-ахоўнік. Міндоўг вылецеў з туравай шкуры, у якой спаў, згарнуўшыся клубком, вылецеў, быццам страла з лука. А на парозе ўжо стаяў кунігас Доўмант з мячом у руцэ. Чалавек дваццаць — трыццаць, узброеных, злых, тоўпіліся за ягонымі плячамі.

— Чаму ты вярнуўся? — раздражнёна спытаў Міндоўг.

Ні слова не кажучы, Доўмант ударыў з усяго пляча. Ягоныя саўмыснікі пачалі секчы яшчэ сонных Міндоўгавых сыноў. Да апошняга ўздыху Міндоўг маўчаў, толькі голымі рукамі лавіў, перахопліваў чырвоныя ад крыві лёзы мячоў, сваім целам закрываючы дзяцей.

Вялікім князем зрабіўся жамойцкі кунігас Трайнат. Ен паклікаў Таўцівіла, каб той прыехаў з Полацка дзяліць «зямлю і дабытак Міндоўгаў». Таўцівіл, надумаўшыся забіць Трайната, прыехаў, але першым смяротны ўдар нанёс Трайнат. Войшалк зноў уцёк, у Пінеск, Далібор — у пушчу. А праз нейкі час Міндоўгавы конюхі зарэзалі Трайната, калі той ішоў у лазню-мыйніцу. Трайнат паміраў пакутліва, доўга крычаў страшным голасам.

Узнялася, забурліла Новагародская зямля і Літва. Далібор з дружынаю выйшаў з пушчы. Тысячы людзей сталі пад ягоныя харугвы. Трэба было ратаваць дзяржаву, якая нарадзілася ў агні і крыві. Адразу ж Войшалк з пінянамі рушыў праз лясы і балоты ў бок Новагародка. Недзе каля Ясельды два войскі сустрэліся.

— Слава вялікаму князю! — крыкнуў Далібор і схіліў перад Войшалкам калена. Войшалк абняў ваўкавыйскага князя, пацалаваў. Далей яны пайшлі разам.

Неадступна і грозна рухалася шматтысячнае войска на поўнач. Недзе там, у пракаветных пушчах, у зеленатраўных лугах, іскрыўся пад сонцам, клікаў да сябе Нёман.

І ў гэты самы час у Лукеры і Курылы Валуна нарадзіўся сын, прыгожы і здаровы. Шчаслівы Курыла ўзняў першынца на сваёй вялізнай далоні, сказаў:

— Расці, сынок. Расці, ліцвінок. Добрым воем будзеш.

Лукера смяялася. Сын залівіста плакаў. Сонца пазірала ў акно.