Выбрать главу
Па бровы ўкутаму ў браню, Пялёстак той, як парахню, Бязлітасна пусціць на вецер Было б так легка дню,—
Калі б у непрыманні зла Душа змагарна не ўрасла У заўтрае надзей бяссмерцем.
* * *
Цікуеш за маімі песнямі, Кажнюсенькую ловіш ноту, Бо часта будні твае скрэслены Рукой няшчаднай адзіноты, Бо хочаш ты Маёй пяшчоты.
Якія ж ісціны адкрыліся, Што не хапае ўжо адвагі Паўстаць Супроць сваёй бяскрыласці, Супроць уяўнай раўнавагі Паміж натоленасцю — Смагай?
Якою праўдаю апоена Сама я на мяжы чужання, Што знерухомелі абое мы Тут, у паўкроку да світання, Што ў золку Бачыцца змярканне?
* * *
Пытается, чаго маўчу. Я не хачу Парушыць гэтую магчымасць Паслухаць, Што там, за вачыма, За небам позірку твайго.
Загавару — i не пачую, Што Птушка часу нам вяшчуе.
* * *
Усе мы, усе мы ў хадзьбе Да небакраю. Калі й чакаю чаго — ад сябе Чакаю. Табе не па сіле крок Маёю сцяжынай. Мы нават у снах сяброў Чужыя.
ВЫЙСЦЕ
Пераклікаюцца званкі, Як спозненыя жаўрукі!..
Не будзем сумныя. Не варт. Перавядзем усё на жарт!
Хто як пераглядаўся з кім — Пасмеймася, бо позірк — дым!
Што сказана каму было — Не дайма веры, слова — тло!
А жаль... Ператаўчэм свой жаль... Перавядзем усё на жарт!
* * *
Пагаворым на розных мовах (Разумеючы кожны нюанс), Інстынктыўна творачы ўмовы, Каб мацней не збліжала нас.
Пад крылом усвядомленай сілы, Што пануем усё ж над сабой, Бесклапотна прамовіцца: «Мілы» I ў сур'ёз не ўзвядзецца табой.
Прывітальным тваім: «Дарагая» Толькі песня святлее мая, Вечаровая песня над гаем Непрыкаянага салаўя...
ПЛАТА
Колькі важыць святло? — З адказу на гэта Прырода не робіць сакрэту: Хоць бы столькі, Колькі важыць пялёстак вішнёвага цвету.
A колькі ж каштуе святло? — Белы свет Знае плату адну за яго спаконвеку: Жыццё чалавека.
ШЧАСЦЮ
Я ўжо не веру ў незвычайнасць. Жбан воду носіць да пары. Занадта доўга ты маўчала, Каб мне пра цуд мой гаварыць.
Твайго аддару не баюся, Кладзіся ценем на ілбе. Ужо ў табе зашмат спакусы, Каб я паверыла ў цябе.
HE СПАЗНІСЯ
Толькі мо ў казцы ёсць лёс — нібы кошык, Поўны адно медуніц ды суніц. Бойся спазніцца са словам харошым: Тонка прадзецца жыццёвая ніць.
A ліха не спіць...
Ах, запіваць бы сухую скарынку Наканаванага — з чыстых крыніц! Бойся спазнідца з харошым учынкам: Тонка прадзецца жыццёвая ніць.
A ліха не спіць...
ШАРАЯ ГАДЗІНА
«Каханы, мой каханы! Мне хораша з табою. Ніводнае хмурыны У небе нада мною. Усе яны знікаюць Яшчэ на даляглядзе, Пакуль прысутнасдь сведчыць Твая пра душ суладдзе. Адужаю хваробы, Не змоўчу на абразу. Я знаю, што «Кахаю Цябе» — зусім не фраза. Братазабойна ў свеце. Ваююць за радзіму?.. Ты прыгарні пяшчотней Мяне, о мой адзіны. Ахоўна i надзейна Тваё пульсуе сэрца. Я знаю, ёсць людское I шчасце, i бяссмерце. Ёсць сіла, што нітуе Свет, горам дратаваны». ...Няма каму сказаць мне: «Каханы, мой каханы!»
ГОЛАС ЧАЦВЁРТАЙ
Усё гудуць на земным доле, Гудуць пякельныя віры... Хацела аднаго ад долі: Душою з небам гаварыць.
...Hi ў кім, Hi ў чым не паўтарыцца. Скіпела ў слёзку — i няма... Такому толькі там забыцца, Дзе памяць знішчана сама.
Зноў сад магутна раскашуе На попеле i на крыві. Адно мяне, бярозку тую, Чацвёртую — не ажывіць.
Калі ад душ кара адстане? Крычы, мой лёс, пячы, шчымі, Каб людзі ў шматмільярдным стане Нарэшце зваліся людзьмі!
* * *
Дзе ты, даўняя любасць? Белы корань душы... Глей самотнасці грубай Дзёрзка разварушы! Даўкіх будняў прагалы Перакрэслі сабой. Без цябе што б я знала Пра пяшчоту, пра боль? Мне маркоты не збыцца, Як гарбунні — гарба. Без цябе не адкрыцца, Што такое журба. Так настойліва беды Промнік сонца дзяўбе... Як магла б я паведаць Прагу жыць — без цябе? Дзе б я чэрпала сілы Усміхацца, спяваць? Чым падцятыя крылы Тут змагла б мацаваць? Ты ці лекі, ці згуба — Нематой не душы, Безаглядная любасць, Вечны корань душы...