Выбрать главу
A СТАЎ НАПАМІНАМ
Аклікаць юнацтва недарэчна, Не было яго ў маіх гадах.
...Ты напраўду першы-лепшы стрэчны, З кім i размінуцца не шкада.
Раскладала ў цвёрдыя дзве столкі Гарката, што можна мне, што — не.
...Ты напраўду субяседнік толькі, З кім прыемна пабалакаць мне.
Прыпадае да грудзей з павіннай Сталасць марнакрылая мая.
...I нашто ж ты стаў мне напамінам, Што мінаю, што мінаю я?..
БЫЛО
...I раптам адышоў, амаль адбег. Hi слова не сказаў на адвітанне. I кожны крок твой абяцаў вяртанне.
Вясновы дзень гуляў у «сонца-дождж». I неўпрыкметку набракаў змярканнем. I набракала цемраю чаканне.
Мне ж без цябе ўжо не было дарог. A людзі абміналі, нібы здані. Бы ў прорву, падалі мае пытанні.
Быў родным горад — раптам пасткай стаў. Мая прапала вуліца дазвання. Дзе я... дзе ты... гуканне i блуканне...
* * *
Нашто мне гэты дзень Без цябе?
Сінічка за акном — Без цябе?
I сонечная плынь — Без цябе?
I гурт людскі нашто — Без цябе?
Травінка кволая — I тая не ўзрастае Дзеля самой сябе.
Нашто мне гэты дзень Пустыня?
З ВАЧЭЙ ДАЛОЎ — I З СЭРЦА ПРЭЧ
Прымаўка гэта Бяскрыўднай малачаінкай гайдалася Вакол шляхоў чужых,— Каб на маёй сцяжыне асатом Аднойчы ўпіцца мне ў свядомасць: «Так, праўда. Клятвы — Ноша непасільная Для сэрда».
Змірыся з гэтым, Памяць.
У СВЯТЛЕ МАЛАHAK
Не памыляецца наканаванасць. Калі пры ясным сонцы заблукаю, Як знепрытомненая, У трох соснах, Яна маланкай выбавіць з зацьмення, Якая вокамгненна давядзе, Куды зайшла я, Дзе мая дарога.
Ці хопіць сілы на дарогу зноў?
Жывая засталася — Значыць, хопіць.
Не памыляецца наканаванасць.
* * *
— Не хвалюйся, ён не прыйдзе, I няма чаго чакаць. Усміхніся — i па крыўдзе, Бо на што тут наракаць?! Хто табе ён? Хто яму ты? Што вас звязвае? — Званкі, Здань аквечанай мінуты, Прывід сябравай рукі! Смешна прывідаў чакаць!
...Ах, сябе не ашукаць, Хоць i кепікі цяперка, Пасміханне ды зарок!..
Бо хацелася ж цяпельца, Каб ачалавечыць змрок...
ЯК СНЕННЕ
Шэра i золка. Вось мы i падсочаны Вокам разлукі, Каб назаўсёды, навек раз'ядналіся Нашыя рукі.
Не гавару табе: «Усё будзе добра». Добра не будзе. Можа, тады хіба толькі, як з памяці Дні гэты збудзем.
Дні, што жывілі нас гэтак, як жывіць Хлебная луста. ...Неяк прыслухаемся: а-ні-чо-га... Ціха i пуста...
Толькі далёка-далёка ў свядомасці Нешта адзначыць: ...лівень святла... звонкі голас шчаслівы... Сненне, няйначай.
* * *
Я не хачу, каб гэты дзень, што сёння, Як беспардонны кватарант, пакой мой Заняў нахабна,— Не хачу, каб ён Звёў на нішто мяне, каб растаптаў Стовокаю сваёю паражнечай, Што так з усіх куткоў мяне высочвае!
Ратуй мяне, мой учарашні дзень! Ты даў прытулак гэтакай вялікай Журбоце, Гэткай паўнамоцнай радасці, Што мне, тады спазнаўшай прорву й неба Любові гораснай,— адзіна там I ўтульна мне, паўсюдна беспрытульнай З вясёлкай тою, з валунамі тымі...
Не адступайся, дзень мой учарашні. Я i сама змагу цябе адпрэчыць. Бо адзінота — шчэ не паражнеча.
ПАСЛЯ ШТОРМУ