***
Калі б душа мая зусім прымоўкла,
Быць можа,
Я б спісаў свае грахі
На гэты свет,
Халодны і прамоклы,
На гэты час,
Бязладны і глухі.
I жыў бы я,
Як за Сцяною плачу,
Аддаўшы іншым і маю віну.
Ды ж не —
Сябе таксама вінавачу
Ва ўсім,
Што не прымаю і кляну.
Малюся,
Каб надзею ўваскрасілі,
Спагаду
На слабых руках нашу
I слухаю
Ў трывозе і бяссіллі
Балючую нямоўклую душу...
***
Хай робіцца наш свет усё люцей
I ў заўтра пазірае з недаверам,
Для беспрытульных, стомленых людзей
Не зачыняйце адвячоркам дзверы.
Ім сёння выпаў незайздросны лёс,
I доўгі шлях,
I золкі злосны вецер,
Што ў торбачку заплечную натрос
Не каласоў,
А палявога смецця.
Іх крыўдзіла балюча
Шмат разоў
Нядоля вераломная, цяжкая...
Не папракайце іх скупой слязой —
Хто ведае,
Што заўтра вас чакае.
Не прывыкайце да чужой бяды.
Для спачування,
Літасці
I веры
I ў навальнічны дождж,
I ў халады
Не зачыняйце ў вашай хаце дзверы!
***
3 бомбамі,
Здрадамі,
Бітвамі,
3 п'янствам,
Халуйствам
I кратамі
Час наш і праўда заблытаны,
Час наш і праўда пракляты.
Хціўцы да ўлады прычалілі,
Плошчы заставілі крамамі.
Хамы палезлі ў начальнікі.
Сталі начальнікі хамамі.
Звыклі да новых павеваў,
Згодны з чужымі праявамі.
Правыя сталі левымі.
Левыя сталі правымі.
Монстры палохаюць ікламі.
Папы абдымаюцца з юдамі.
Цуды зрабіліся звыклымі.
Звыклае робіцца цудам.
Свет у нязведанасць коціцца,
Блытае выдумкі з яваю...
А мне ўсё звычайнага хочацца,
Што стане рэальнаю з'яваю...
***
Божа,
Як мы кінуліся ўсе
У вясновы сад перабудовы!
Верылі,
Што нам вось-вось страсе
Дрэва шчасця
Яблык свой ружовы.
Напрасткі да зараніц ішлі,
Блыталі,
Дзе казкі і дзе былі,
Нават не заўважылі,
Калі
Сад ад нас сцяной адгарадзілі.
Ну і што?
Мы не сцішалі крок,
Мы шапталі даўніх клятваў слова.
А на браме ўжо вісеў замок,
I затворам кляцала ахова.
Нам гразілі
Страшнаю цаной
За яшчэ не бачанае шчасце.
Яблыкі ж віселі за сцяной,
I не ўмелі мы да іх дапасці.
Выбіліся з сіл ад барацьбы,
I надзеі засталося мала.
Аб сцяну расквасілі ілбы.
А яна стаіць,
Як і стаяла.
***
I шум,
I грук,
I віск які
Аб лізінгу,
Аб бартэры!
Высвістваюць статыстыкі.
Такуюць агітатары.
Няўжо хапае ежы нам?
Няўжо хапае волі нам?
I кожны з нас дагледжаны?
I кожны задаволены?
Няма ніякай радасці,
Няма ніякай роўнасці
Ад нашай талерантнасці,
Ад нашай памяркоўнасці.
I гонар наш раздушаны,
Даведзены да крайнасці
У ціхай раўнадушнасці,
У хітрай прывыкальнасці.
I халуі з падлізамі
Сягоння —
Трыумфатары...
Дык сціхніце пра лізінгі!
Дык сціхніце пра бартэры!
***
Пара ўжо нам прасіць падмогі:
Далёка светлы небасхіл,
А мы
Ці збіліся з дарогі,
Ці проста выбіліся з сіл.
Ці воля д'яблава сляпая
Нам затуманіла мазгі,
Ці, можа, ўдачы не хапае
I адракліся ўсе багі.
Куды ні глянь,
Пануе шэрасць,
Паўзе чыноўніцкая раць...
Так мала тых,
Хто ўмее сеяць!
Так многа тых,
Хто хоча жаць!..
3 «АМЕРЫКАНСКАГА ДЗЁННІКА»
***
О, як мне хочацца дадому!
Вам гэта цяжка і ўявіць.
Гатовы ля аэрадрому
Я шчанюком бяздомным выць.