Выбрать главу
***
На шырокім лузе, На папары, У затоцы ціхай, У трысці I буслы, і качкі ўсе — Па пары. Так ужо заведзена ў жыцці.
Пад дажджом, Пад ветрам радыяцый, Калі ўсё пастаўлена на кон, Толькі ўдвух і можна пратрымацца Гэтакі няпісаны закон.
У цяжкой мітрэнзе шматвяковай Удваіх Заўжды прасцей было I гняздо ад ворагаў ахоўваць, I падлёткаў ставіць на крыло.
Вось і чалавеку Не да твару Не захоўваць мудрасці ключы — Вечна Богам дадзеную пару, Як жыцця заруку, Берагчы.
***
Зноў наш сад вечаровы весніцца, Сыпле з яблынь ружовы цвет. Ты стамлёна ідзеш за весніцы, За блакітным туманам услед.
3 хмарак першыя зоркі выцеклі, За бярозкамі вецер прыціх. Ты вось-вось схаваешся ў прыцемках, Не пачуўшы крокаў маіх.
Пачакай мяне за варотамі, Дзе буяе духмяны май. Непаўторнае, Незваротнае Хоць на міг адзін затрымай.
Прыпыніся з журбой-вячэрніцай На старых раздарожках нямых. Можа, нешта ўсё-такі вернецца. Хоць на міг. На кароткі міг...
***
Пад маім акном У ліпкім лісці, Дзе ў пупышках дрэмле ранні цвет, Цёплай майскай ноччу Пасяліўся
Малады няўрымслівы сусед.
I ажно да ранку Недарэчы Рассыпав свой вясновы свіст Над маёй бяссонніцай старэчай Гэты закаханы скандаліст.
Ну а я сабе ўздыхаю цяжка Адзабытай радасці наўзбоч... Што ж ты, салавей, Малая пташка, Адпяваеш дні мае ўсю ноч?..
***
Жаночае цела чаруе таемнаю музыкай — То скрыпка заплача, То сумна пакліча габой... У лёгкай, як ветрык, спаднічцы, Кароткай і вузенькай, Дзяўчына Як быццам плыве Над травой лугавой.
То ўскінецца прутка, То раптам абвяне са скрухаю, То вочы заплюшчыць, То гляне гарэзна наўкруг... А я ўсё гляджу закахана I слухаю, Слухаю, Як поўняцца музыкай Сэрца, I неба, I луг...
***
Я чытаў, Як сляпы, Тваё цела рукамі. I збянтэжанасць піў 3 тваіх вуснаў глыткамі.
Ад пяшчоты хмялеў, Блытаў яву і казку. Ад спалоху смялеў I хаваў сваю ласку.
Маё сэрца Без сіл Біла ў грудзі адчайна. I свяціў небасхіл Мне тваімі вачамі.
Быў гатовы Да ног Малітоўна прыпасці I паверыць не мог У няўлоўнае шчасце.
***
Што ты непастаянная такая, Мне плётак пра цябе панаплялі. А я цябе, Як і кахаў, Кахаю Так, Як ніхто не ўмее на зямлі.
Ты да маіх нясмелых слоў глухая. Прызнанні скласці іншыя змаглі. А я цябе, Як і кахаў, Кахаю Так, Як ніхто не ўмее на зямлі.
Напэўна, Доля горкая, ліхая Нас не звядзе, Малі ці не малі. А я цябе, Як і кахаў, Кахаю Так, Як ніхто не ўмее на зямлі.
***
Найвышэйшыя сілы Нашы зоркі звялі На святым небасхіле I на грэшнай зямлі.
I сцяжынкаю зорнай Лёсы побач пайшлі I па небе прасторным, I па цеснай зямлі.
Нам ніколі замнога Не было на дваіх Hi кахання зямнога, Hi трывог незямных.
I жыцця прыбаўляе Незычліўцам на зло Таямніца былая — Нашых зорак святло.
***
Як на сэрца ляжа горыч, Пацямнеюць дні мае, Дык цябе са мною поруч Мне так часта не стае.
Я зусім не папракаю. Проста я цябе прашу: Клапатлівымі рукамі Прытулі маю душу.
Паміж здрайцаў і прыблудаў Захіні мяне ямчэй Ад бязлітасных прысудаў, Ад зайздрослівых вачэй.