У ранішняга неба на віду
Прымаем мы,
Што нам наканавана, —
Разгульную віхуру карнавала
Ці будных спраў валовую хаду.
Не разарве ніхто бясконцы круг,
Не перапыніць торную дарогу...
I мы павінны быць удзячны Богу
За гэты вечны, хуткацечны pyx...
***
Чакання час паўзе старым смаўжом.
Без шумнай грамады
I без прыстанку,
Пад дробным надакучлівым дажджом
Стаю адзін на восеньскім паўстанку.
Ну што ж,
Калі я ад жыцця адстаў,
Нямодны,
I нямоглы,
I нягеглы.
Адгрукатаў па рэйках мой састаў,
I ўдаль вагоны весела прабеглі.
Лісты злятаюць на мае сляды.
Ля ног маіх —
і хлюпатна,
I чорна...
Дарэмна так спяшаўся я сюды —
Былы расклад перамяніўся ўчора...
***
Асенні лес маўчыць,
Як земляроб стамлёны.
Пра што казаць,
Калі паніклі кроны,
А ля камлёў — апалыя лісты,
Калі на ўзлесках голых
Вецер свішча,
I выстыла пустое такавішча,
I павуцінне легла на кусты?
Паляны адцвілі,
Як быццам пастарэлі.
Замоўклі птушак ранішнія трэлі.
I вожыкі схаваліся...
Ну што ж?..
Ды хочацца і мне
Яшчэ хоць зрэдку
Натрапіць на нявыцвілую кветку
I перабыць пад хвояй
Цёплы дождж.
Ды гэты свет
Ніяк не пераробіш.
Ілес задумаўся,
Як пасівелы пробашч,
Сукном змяняе лёгкую парчу.
Ён бачыць ужо блізкую завею...
I я яго так добра разумею.
I я таксама стомлена маўчу.
***
Ну што,
Неўтаймаваны мой сябрук,
Каштанамі гады ляцяць на брук
I падае на сумнае чало
Чупрыны пасівелае крыло?
А так нядаўна,
Родны мой,
Было —
Ажно гуло
Цымбаламі сяло
І да чупрыны
Ў прыцемку садка
Цягнулася дзявочая рука.
Мінула,
Адплыло
I адцвіло.
I ўсё ж трымае
Памяці сіло
Зусім не попел —
Толькі лёгкі дым
Таго,
Што знікла
3 часам маладым.
Не,
Мы яшчэ з табой
Не ўсё ўзялі
На гэтай грэшнай
Веснавой зямлі.
I калі ў сэрца ўдарыць крыгалом,
I мы яшчэ ўзмахнём сівым крылом.
***
Як абрынецца ў зялёных шатах
Квецені чаромхавай абвал,
Майскімі начамі
Сняць дзяўчаты
Тайны свой мужчынскі ідэал.
I да ix
Калі не прынц,
Дык рыцар
Скача на запыленым кані,
Каб насупраць весніц прыпыніцца
I спытаць дарогу ў цішыні...
Як трапеча ўзрушанае сэрца —
Аж да горла коціцца адчай:
Што калі ён міма пранясецца,
Нават не зірнуўшы з-за пляча?!
I ў сталіцах,
I ў суседніх сёлах,
На развілках тысячы шляхоў
Так ix мала,
Дужых і вясёлых,
Стройных і прыгожых жаніхоў!
Так нячаста выпадае дзіва
Між жартаўнікоў і запявал
Напаткаць аднойчы
Свой адзіны,
Свой зямны мужчынскі ідэал!..
I ніколі,
Аж да самай смерці,
Да завейных адзінокіх дзён,
3 запаветнай памяці
Не сцерці
Той вясновы, той чароўны сон...
***
Калі пад зорным купалам высокім
I для мяне журботны звон праб'е,
Адкінуўшы і крыўды, і папрокі,
Я зноў цябе паклічу да сябе.
I прыпаду ў апошнім парыванні
Да дарагіх халаднаватых рук:
«Даруй мне ўсе грахі,
Даруй каханне.
I вернасць старадаўнюю даруй.
Сагрэй хаця б усмешкаю слабою,
Пакінь мне пацалунак на ілбе.
Калі мы там сустрэнемся з табою,
Я зноў навекі выберу цябе...»
***
Я ніколі наш сад не забуду,
Дзе сінічкі ўзляталі гурбой,
Дзе, як вечнаму весняму цуду,
Мы дзівіліся бэзу з табой,
Дзе аддаў табе ў рукі пастронкі
Ад свайго залатога ярма,
Дзе свае запаветныя гронкі
Раніцой для цябе адламаў...