***
Калі на раздарожжах крыжавых
Дагоняць і мяне чужыя коні,
— Перажыві мяне,
Перажыві! —
Я папрашу каханую спакойна.
Хоць вусны зачарсцвеюць ад крыві
I мне ніхго не забінтуе раны,
— Перажыві мяне,
Перажыві! —
Як запавет,
Я прашапчу каханай.
Нявесела ўсміхнуся:
— Сэ ля ві, —
I апушчуся на прывялы верас.
— Перажыві мяне,
Перажыві! —
Я папрашу каханую яшчэ раз.
***
Тонкая рабіна,
Што ж ты нарабіла?
Лёгкаю хусцінкай
Мне акно закрыла.
Свет мне засланіла
Пышнымі лістамі.
Калі пойдзе мілы,
Мне махаць не стане.
Не зірне з паклонам
На маё аконца.
Ты зялёнай кронай
Патушыла сонца.
Як сустрэцца з любым
Думаю нясмела.
Ты ж таксама з дубам
Разам быць хацела...
***
Я толькі аднаго жадаю,
Каб
Закрасавала ніва маладая.
Я вам,
Сваім нашчадкам,
Пакідаю
Маю Радзіму —
Свой адзіны скарб,
Вы дыхайце маёю збажыной,
Глядзіце ў поўдзень
На мае аблокі.
Хоць я для вас загадкава далёкі,
Я буду з вамі.
Побач.
За спіной.
Я не прыйду на зыркі ваш агонь
Hi буркуном старым,
Hi скандалістам.
Я проста
Ападу кляновым лістам
На маладую цёплую далонь...
***
Я даўно жыву не па Карану:
П'ю жыццё,
Нібыта д'яблаў трунак.
Кожная зіма —
Як пакаранне.
Кожная вясна —
Як падарунак.
Я зусім не супраць гэткай долі
3 познім громам
I з паводкай ранняй.
Хоць грахоў і не пераадолеў,
А не маю ў сэрцы шкадавання.
Не было ніколі мне задужа
Рызьжі,
Адвагі
I спакусы...
Ну i што,
Калі часамі сцюжа
Мне раўніва ледзяніла вусны?
Мне яшчэ цікава,
Нібы змею,
Цікаваць за скрынкаю Пандоры...
Колькі зімаў я стрываць сумею?
Колькі вёснаў мне жыццё падорыць?..
***
Я не стану ўжо ні прынцам Дацкім,
Hi — тым больш — іспанскім каралём.
Мне б за ранг паэта апраўдацца
У сваёй Радзімы пад крылом,
Каб яна мяне не адпусціла
3 той дарогі,
На якой стаю,
I прыадчыніла літасціва
Мне душу збалелую сваю.
Я прашу ў яе зусім нямала —
Каб не праганяла з-пад крыла,
I маю ляноту даравала,
I маю няўмеласць не кляла.
А яшчэ
Разлічваю нясмела,
Каб яна ў бясконцай гамане
I мае ўсе словы зразумела,
I не пасмяялася з мяне...