Спалохана
3 неба глядзіць маладзік
На мёртвыя рэкі,
Пустыя выжарыны...
Няўжо ён не скончыцца
Чорны адлік
3 крыжамі,
Крывёй
I пажарамі?
Няўжо не сплыве
Сумнай памяці тло,
Каб з радасцю нам
I за межы ісці
I горда расказваць,
Калі што было:
«Пасля Адраджэння»,
«Пасля Незалежнасці»?
Няма на зямлі ў нас
Ніякай віны.
I край наш лагодны.
I людзі ў нас добрыя..
А ўсё паўтараем:
«Было да вайны...»
А ўсё паўтараем:
«Было да Чарнобыля...»
***
Дзядок ступаў хадою лёгкай,
Пускаў усмешку з-пад павек
I мне гукнуў яшчэ здалёку:
— Паклон вам,
Добры чалавек!
I стала мне на сэрцы светла,
Як жаўруку сярод атаў,
Бо гэтак проста,
Гэтак ветла
Даўно ніхто ўжо не вітаў.
Я крочыў сцежкаю надрэчнай
Паўз маўчуноў і прастарэк
І паўтараў
Усім сустрэчным:
— Паклон вам,
Добры чалавек!
I раптам гамана змаўкала,
I сонца ўспыхвала ў вачах...
О, як усім нам трэба мала,
Каб прысак ласкі не ачах!..
Таго дзядка няма ўжо з намі,
Ды ў наш суровы, жорсткі век
Я зноў кажу
I пад крыжамі:
— Паклон вам,
Добры чалавек!
***
Я помню той нядаўні час
У беднай вёсачцы ля гаці,
Калі пыталіся і ў нас:
— А колькі душ у вашай хаце?
Для будучых дзяржаўных спраў
У спісы ўносілі,
Дарэчы,
I тых,
Хто ў цеснай люльцы спаў,
I тых,
Хто грэў на печы плечы.
Хоць за спіной хаваўся страх,
Улік ішоў разважна дужа —
Не па галовах і руках,
А па жывых і мёртвых душах.
Той дзень я ў памяці нашу.
Трывожыць сны мне згадка тая.
Чаму ж сягоння
Пра душу
Ніхто нікога не пытае?
I думка лезе ў мозг сама
3 наіўнасцю неандэртальца:
Ці то ўжо душ у нас няма,
Ці некаму пра іх пытацца?..
***
Які б наш дзень ні быў убогі,
А словы і цяпер чутны,
Нібы адказ на ўсе трывогі:
«Каб толькі не было вайны!»
Паўвека адгуло над краем.
Дзядамі робяцца сыны.
А мы ўсё
Горка паўтараем:
«Каб толькі не было вайны!»
I на экране,
I з трыбуны
Не раз
Высокія чыны
Адводзяць крытыку любую:
«Але ж у нас няма вайны».
I з неўсвядомленай віною
Не моўкнуць памяці званы:
«Ну колькі ж можна жыць вайною?
Калі ж мы вернемся з вайны?»
Ды кожным вечарам
Матулі,
Як да калысак клічуць сны,
3 адной надзеяй
Дзетак туляць —
Каб толькі не было вайны.
ПУШЧАНСКАЯ ЛЕСНІЧОЎКА
Ці салоўка каля весніц шчоўкне,
Ці ўпадзе на ганак яблынь бель, —
I не варухнецца леснічоўка —
Сухапутны Ноеў карабель.
Тут усё ідзе адвечным ладам,
У суладдзі з небам і зямлёй:
Звоняць пчолы над прасторным лядам,
Пахне вецер цёплаю смалой.
Тут вавёрка ўранні на сасонцы
Правярае схованкі свае,
Гулка дзяцел
Тэлеграмы сонцу
Кожны божы дзень перадае.
А калі апошні філін змоўкне,
Загарацца зоркі ў сіняве,
У начным тумане
Леснічоўка
На сустрэчу з вечнасцю плыве.
***
За цёплы вецер верасовы,
За сіняву над галавой
Я б так хацеў
Зямлі суровай
Дабавіць радасці жывой.
За мірны гуд пушчанскай борці
Я падарыў бы
Па вясне
Сасонцы кожнай —
Па вавёрцы,
Ялінцы кожнай —
Па жаўне.
Я б кожным вечарам
3 дубровы
Настой палян асенніх піў
I баравік чорнагаловы
Старому вожыку ўстуггіў.
А на зіму
Зайцоў вушастых
Я пасяліў бы ў будане...
Ды ў гэтым свеце
Так нячаста
Залежыць нешта ад мяне!..