***
Простае жыццё.
Чаго прасцей —
Не зважаць на гучныя прамовы,
Думаць пра работу і дзяцей,
Пра жніво,
Пра сена
I пра дровы.
Ведаць і касу,
I серп,
I склюд.
Абрабіць і бервяно,
I чурку.
I любіць свой небагаты кут —
Пералесак,
Поле
I рачулку.
Выкапаць калодзеж у двары,
Каля хаты пасадзіць ігрушку,
Адшукаць баравіка ў бары,
Не пакрыўдзіць ні звярка, ні птушку.
I ў вячэрняй мудрай цішыні,
Як прымчыцца сын белагаловы,
3 лустай хлеба сесці пры агні,
Каб паслухаць гучныя прамовы...
ПЯШЧОТА
Кажуць,
Пра пяшчоту ўсё напісана.
Можа быць.
Ну і няхай сабе.
... Конік у плячо мне ўткнуўся пысаю
I ля вуха стрымана сапе.
Цёплымі вільготнымі губамі
Цягнецца нясмела да шчакі.
Падкаваным капытом зграбае
Перасохлай гліны камякі.
Косіць на мяне самотным вокам,
Апускае грыву да зямлі,
Быццам мы ў мінулым недалёкім
3 ім адну бяду перажылі.
У абдымку мы стаім ля плоту,
Пэўна, адчуваючы адно...
Ну, а вы казалі:
Пра пяшчоту
Выказана ўсё даўным-даўно...
***
Я веру,
Што і ў кветак ёсць душа,
Якая адгукаецца,
Жывая,
Калі іх нехта ад дажджу хавае
Ці палівае ў спёку з гладыша.
Яна ўсё добра помніць,
Што было
I ў сумны прыцемак,
I ў дзень вясёлы,
Пакуль да сонца цягнецца сцябло
I палісаднік абмінаюць пчолы.
А потым,
Як лісты напоўніць сок
I фарбамі суквецце набрыняе,
Яна рванецца ўверх
Над каранямі,
Пылок з пялёсткаў стросшы на пясок.
I расцвіце,
I здзівіцца сама
Сваёй пяшчотна-яркай прыгажосці.
I да яе злятуцца пчолы ў госці,
I ўспырхне побач матылёў гурма...
I ўсё ж
Ёй будзе, пэўна, адзінока
I крыўдна,
I пакутліва,
Калі
Хаця б на міг
Яна не ўсцешыць вока
Таму,
Хто з гладыша яе паліў.
***
Ты задаеш мне
Зноў і зноў
Наіўныя пытанні:
— На чым трымаецца жыццё?
— На працы і каханні.
На вечным клопаце зямным,
Што ў поле кліча ўранні,
I на цярплівасці тваёй,
I на маім чаканні.
На вернай дружбе,
На сям'і,
На юным парыванні,
На вейках стомленых тваіх
I на маім дыханні.
На аблачынцы ў сіняве,
На ветаху ў тумане,
I на тваёй скупой слязе,
I на маім маўчанні...
Такі няхітры мой адказ
На ўсе твае пытанні.
— На чым трымаецца жыццё?
— На працы і каханні.
***
Забываю звонкі вокліч «Тата!»,
Прывыкаю да звароту «Дзед!».
«Мілы» —
Як юначая цытата,
Так даўно не чуецца мне ўслед!
Новы час —
I новыя найменні,
Новая самота і журба.
У вачах гарэзнасці ўсё меней.
I ўсё больш гаркоты на губах.
У душы ні зайздрасць, ні нянавісць
Не хаваю нават у кутку,
Хоць мяне ўжо ўнукі абганяюць
На жыццёвым людным бальшаку.
Я спакойна памахаю маю —
Хай за небасхіл сплывае сінь...
Толькі аддзявочага
«Кахаю»
Адвыкаць не хочацца зусім.
***
У электрычцы пры вакне
Яна прымроілася мне,
Як прывід з даўняга стагоддзя,
Што раптам мімаходзь мільгне,
А з памяці ўсё не выходзіць.
Ці ўбачыў,
Ці прыдумаў сам
Я тое мілае аблічча:
Пагляд наіўна-таямнічы,
Кудзеркі светлыя,
Каса
I вусны вабнасці сунічнай...
Яна ўсміхнулася з-за шкла
Ці мне,
Ці радасці прывычнай.
I знікла.
Як і не была.
I змоўкла рэха электрычкі...
***
Я не шукаю прывіднага шчасця
У велічных заморскіхгарадах,
Каб вуснамі да рэк чужых прыпасці
I аж ля хмар займець надзейны дах.