Знікнуць тлумным караванам
I акажамся мы ўсе
На збуцвелай,
Здратаванай,
Неўзаранай паласе...
ЧОРНЫ ЧАЛАВЕК
Нада мною
Чарнакрылым воранам
Вісне прадчуванне —
Быць бядзе:
Чорны чалавек
3 партфелем чорным
Назіркам за мною ўслед ідзе.
Кожны крок мой сочыць неадступна,
Цэліцца,
Як вопытны стралок.
Змрочна,
Недаверліва
I тупа
Акуляры бліскаюць здалёк.
Ухмыляецца прыблудным чортам,
Дыхае натужна за спіной...
Чорны чалавек
3 партфелем чорным
Цёмным ценем цягнецца за мной.
Стражнікам сгаіць над кожным словам,
На парог прыходзіць без ключа,
Нават ноччу за сталом пісьмовым
Зазірае хітра з-за пляча.
Што ты скажаш подламу прыблудзе?
Як яго прагоніш з хаты прэч?..
Тонкім пальцам тыцкае мне ў грудзі
I сіпіць пагрозна:
«Не пярэч!»
Каб я стаў
Лагодным і пакорным,
Сціплым і бяздумным,
Як усе,
Чорны чалавек
3 партфелем чорным
Варту сваю пільную нясе.
***
Задыхаюся ў пыле
I ў мыле,
3 ног валюся ад сумятні.
Ухайдокалі,
Надламілі
I мяне акаянныя дні.
Пазаблыталі ўжо ўсё чыста:
He ўяўляю,
Дзе я жыву.
Палітолагі,
Журналісты
Затлумілі зусім галаву.
Цягнуць злева
I клічуць справа,
Звон разгойдваюць вечавы...
Божа мой,
Ну якая справа
Мне да гэтай бойкай братвы?
Ну навошта мне
День вусаты
I стары акрываўлены сцяг?..
Хай мусоны ўсе і пасаты
Міма нас ляцяць у прасцяг.
Хай ля ўлады таўчэцца чэлядзь
I падбрыкваюць порстка панкі,
I зладзюжны набытак дзеляць,
I да славы бягуць нацянькі!..
Не па мне сёння ўсё такое.
Напрамілы Бог я прашу:
Ну пакіньце мяне ў спакоі!
Ну не лезьце пішчом у душу!
***
Душу сціскае стомленасць цяжкая,
I вецер сыпле жоўтыя лісты.
А я ўсё роўна цеплыні чакаю,
Шукаю ў лета тайныя масты.
Я не хачу паверыць,
Што на полі
Даўно адкрасавалі васількі,
I маладосць не вернецца ніколі,
I не парвуцца старасці сілкі.
Прагнаць імкнуся навалач адчаю,
Трымаю ўдачы кволую свячу,
I ўсё яшчэ шчаслівых дзён чакаю,
I з холадам змірыцца не хачу.
Быць можа,
У нябыт парыў мой кане
I дзіўны цуд прысніўся не ў пару,
Але пакуль жыве ўва мне чаканне,
Я не ўпаду,
Не знікну,
Не памру...
УСЁ НЕ ЗАТУХАЕ БОЙ...
Здаецца, мірныя часы
У Беларусі незалежнай —
Няма нейтральнай паласы
I акупацыі замежнай.
А ўсё не затухае бой
I ў ранах боль не дагарае,
I над тваёю галавой
Зноў кружыць крумкачова зграя.
I батарэя прыбышоў
Б'е па табе прамой наводкай, —
I той,
Хто з чорнаю душой,
I той,
Хто з луджанаю глоткай.
Ах, як карціць ім,
Бачыць Бог,
Каб да зямлі цябе прыгнулі
I неўсвядомлены спалох,
I ўладай пушчаныя кулі!
Іх злосць бярэ,
Што ты дажыў
Да пераможнай майскай кроплі
Не ў генеральскім бліндажы,
А ў цесным жвірыстым акопе...
Дык боль і роспач перасіль
I ў безаглядным парыванні
Устань на поўны рост,
Васіль, —
I ворагам хай страшна стане!..
***
Ніхто за нас не здзейсніць нашай долі
I не адорыць задарма дабром.
Хто ўласны дом не ўладкаваў,
Ніколі
Так і не зможа стаць гаспадаром.
Даволі жыць чужою галавою,
Цяплом суседскім грэцца ў чорны дзень.
Ці не пара ўжо
Воляю жывою
Узняцца над вуголлямі надзей,
Не гнацца за падманліваю казкай,
Не верыць у бяздонную дзяжу,
Калі ўжо нават і ад ласкі панскай
Паэты уцякаюць за мяжу?