У той час, як Іван зайшоў на падворак, якраз наступіла паўза, кабета ўпрошвальна і баязліва глядзела на бацьку, прыкрыўшы ражком хусткі рот, а бацька злосна — як адразу заўважыў хлапец — чмыхаў клубамі дыму і маўчаў.
«Ладна,— урэшце азваўся ён.— Хай прыйдзе. 3 пуд дам. А заўтра на золаку каб быў тут. Касы не трэба, касу маю возьме».
Кабета перастала плакаць, высмаркалася і пачала дзякаваць, а бацька падняўся і пайшоў з ганка.
Назаўтра ранкам маці, як звычайна, разбудзіла Івана на гарышчы, падала завязаны ў ручнік сняданак — кавалак вяндліны і акраец хлеба. Ён заўсёды ў такую пару насіў бацьку ў поле снедаць, але на гэты раз ежы было ўдвая болей, чым калі раней. Іван здагадваўся, што гэта памагатаму. Работнікаў яны наймалі і раней — у касьбу, жніво, малацьбу, але трымалі нядоўга: бацька быў патрабавальны, сам цегавіты ў працы, дужы, і мала хто мог дагадзіць яму.
Выйшаўшы з алешніку, Іван убачыў напалавіну скошаны лужок і ў дальнім канцы яго — бацьку і Яшку Цераха. Але, відаць, нешта там здарылася, бо яны не касілі, а стаялі адзін насупраць другога, бацька адной рукой трымаў зламаную ў шыйцы касу, другой касавільна і злосна пазіраў на Яшку. А дзяцюк у сподняй зрэбнай бялізне, з падкасанымі да кален нагавіцамі чухаў худыя грудзі і нешта апраўдваўся.
— Дзядзечка Супрон, далібог незнарок. Замахнуўся, а яна неяк каўзанулася па камені і адляцела.
— Лайдак пракляты, гультаіна… — крычаў бацька, трасучы густой барадой. — Такую касу спляжыў! Нябось чужое? Га? Каб сваё, інакш бы глядзеў, басота! Ых ты!
Ён кінуў касу, аберуч схапіў касавільна, замахнуўся і, крычучы і ўсё болей звярэючы, пачаў біць хлопца па галаве, руках, якія той узняў, каб бараніцца.
Іван адчуў, як самлелі ад страху, а болей ад узрушлівай непрыемнасці яго ногі. Хлопец і хацеў, і баяўся закрычаць на бацьку, каб спыніць тое яго шаленства, яму шкада было ціхага, нядужага дзецюка, аматара рыбнай лоўлі, зайздроснага знаўцу ўсіх навакольных лесавых спраў. Але Іван не закрычаў, а паціху ішоў да іх, хоць яму хацелася ўцячы адсюль, каб не бачыць і не чуць нічога.
За зламаную касу Яшка працаваў у іх яшчэ лішні тыдзень, — стагаваў, сушыў, звозіў сена, затым яшчэ памагаў у жніво. Іван да яго ставіўся добразычліва, пасля таго выпадку на пожні ён маўкліва адчуваў і сваю вінаватасць і таемную невыразную крыўду. Яны пасябравалі, хадзілі разам купацца, ставілі на кратоў пасткі і ніколі не гаварылі пра бацьку. Іван ведаў, што Яшка ненавідзіць гаспадара, гэтая яго непрыязь неўпрыцям перадалася і маладому Пшанічнаму, ён адчуваў, што бацька — сквапны, злы, несправядлівы чалавек, а гэта нядобра.
Мінула некалькі год. Іван улёг у сялянскую працу, і наперакор сабе ва ўсім цягнуўся за бацькам, які бязлітасна школіў сына ў той няхітрай земляробчай навуцы, якую здужаў на практыцы сам.
Яшка неўзабаве пайшоў на службу ў Чырвоную Армію, адслужыў там два гады і вярнуўся ў вёску інакшым — пасталелым і паразумнелым чалавекам. Праз нейкі час ён стаў завадатарам усіх маладзёжных спраў у вёсцы, пачаўшы гэтую сваю дзейнасць з гуртка ваяўнічых бязбожнікаў.
Іван жа стараніўся вясковых дзецюкоў, у вёску хадзіў калі ў святы на вечарынкі, а так жыў дзікавата — сваім хутарам, гаспадаркай, пад штодзённым бацькоўскім кантролем. Але ўзаемная прывязанасць маладога Пшанічнага і былога батрака Яшкі, відаць, захавалася ў сэрцах абодвух, і вось аднойчы ў познюю восень, сустрэўшыся на вясковым выгане, Якаў запрасіў прыйсці ўвечары паглядзець рэпетыцыю «бязбожнай» п’есы. Іван не падумаў тады, як да таго паставіцца бацька, згадзіўся, увечары намазаў дзёгцем юхтавыя боты, апрануў паддзёўку і пайшоў. Там яму спадабалася, хоць ён сам не ўдзельнічаў у п’есе, але затое паглядзець на іншых было цікава. Пасля ён зачасціў у тую пахілую ўдовіну хаціну, бліжэй сышоўся з дзецюкамі і дзеўкамі, якія яго не крыўдзілі, хоць часам нязлосна кпілі і жартам абзывалі маладым падкулачнікам.
I вось аб усім гэтым неяк даведаўся бацька. Аднойчы ўранку, заходзячыся ад злосці, ён накрычаў на Івана, выцяў аброццю маці, калі тая заступілася за сына, і пагразіў выгнаць з хаты бязбожніка, які ганьбіў на старасці бацькаву годнасць. Івану было вельмі пакутна, але даўняя закаранелая прывычка ва ўсім падпарадкавацца бацькавай волі ўзяла сваё, і ён перастаў хадзіць у вёску. Якаў гэта заўважыў, і аднойчы, разам вяртаючыся з млына, яны шчыра разгаварыліся.