Выбрать главу
Хітра шчэрыцца адна Злосная ваўчыца. Пастанова ёсць: Слана Пасылаць лячыцца...

ЖУРАВІНКА

Не шукаў я спарышоў, А балот, імшарын, Аж пакуль цябе знайшоў — Вельмі шмат абшарыў.
Ой ты, ягадка мая, Ой ты, журавінка. I якой жа цябе я Напаткаў часінкай?
Спёку выцерпеў, імжу. Мая баравая, Анікому не скажу, Дзе цябе сарваў я.
Вобраз твой з сабой насіў, Сніў i ўдзень, i ўночы. А цябе як раскусіў — Аж заплюшчыў вочы...

КАХАННЕ І ЎЗНОСЫ

Так пачалося гэта (Што галаву ўжо вешаць!): Быў вечар факультэта — Сустрэча з курсам першым.
Адна ў душу запала... На пасяджэннях потым Успамінаў, бывала, Ды ўздыхаў употай.
Заўсёды мала часу, Баляць заўсёды ногі — Быў старшынёю касы Ўзаемадапамогі.
Бяда! —ўступаць у касу Дзяўчына не спяшала. Аднойчы з ёй спаткаўся, Агітаваў з запалам.
Выказванняў дэкана Працытаваў ёй шэраг. Сказала нечакана: — А мне пара вячэраць!..
Хвала грамадскай справе, ТыМ, хто кіруе масай! Дзяўчына неўзабаве Усё ж стала членам касы.
Але няўмольным лёсам Пастаўлена плаціна — Нерэгулярна ўзносы Яна заўжды плаціла.
На пасяджэнні клікаў (А засядаў ён многа!), Пытаў, як на заліках Выкладчык самы строгі:
— Дзе крыецца прычына Такой пратэрміноўкі? Ўсміхалася дзяўчына. I так плаціла зноўку.
За вокнамі марозы I снежныя заносы. А ён заняты прозай — Ўсё ведамасці, ўзносы.
За вокнамі у белі Стаяць — як глянуць — вішні. Грыміць, пяе вяселле. Дзяўчына замуж выйшла.
Эх, ведамасці, ўзносы! Астаўся хлопец з носам...

ПАЦЕРКІ

Дождж рунь спаласкаў, Вяз пакарабаціла. Для мяне з Полацка Ясь прывёз пацеркі. Рыжанькі, кірпаценькі Любы Ясенька. Іскрынкі-пацеркі Павязаў пад ясенем. Шыю мне апяклі Пацеркі Ясевы. Ад чаго, як жар, былі, Не ведаю я сама,— Ці ад палкіх губ, Ці ад дужых рук.
Дождж ступаў туп-туп, Гром гручэў грук-грук, На паўнеба ясная Бліскавіца бліскала.
Да мяне Ясенька Туліўся блізенька.
Я ж, на ласку ласая, Сэрца не сцешыла — Ясенькава, Ясева Муравее сцежка.
Я ж у Яся адна, Нас не пяцерка. Камянькамі са дна Блішчаць пацеркі.
Зоранькі-пацеркі, Не магу спацейкі... Ледзь пачую крокі — Ложак шырокі. Як згадаю рукі — Сяннік мулкі.
Хай вось толькі прыйдзе Ясь Буду недачэпаю! Пацеркі блісь ды ясь. Брамка не зашчэплена...